Ідэі

Res Publica
Res Publica

Рэч Паспаліта?

Відаць, час прыйшоў. Паводле аднаго даволі вядомага палітыка мінуўшчыны: "Учора было рана, заўтра будзе запозна". Ідэі выратаваньня Беларусі ад ужо відавочна немінучага краху, паглынаньня і распушчаньня ў бязьмежных прасторах ўсходняга суседу, ідэі, што носяцца ў паветры, нарэшце аб'ядналіся й крышталізаваліся ў адзінае і простае вырашэньне. У двух словах яно гучыць проста і, ў той жа час, з выклікам: Рэч Паспаліта.

Дзіўная справа, яшчэ год таму падобная ідэя, якую я гіпатэтычна разглядаў у артыкуле "Здань Вялікага Княства", і якую сумесна абмяркоўвалі калегі па форуме "Брама", выглядала ня толькі эфэмэрнай, але й цалкам непрыдатнай для рэалізацыі ў тых умовах. І вось, па сканчэньні ўсяго аднаго палітычнага сэзону, прайшоўшы праз прызму падзеяў мінулага году, ідэя Канфэдэрацыі Беларусі й Польшчы паўстае практычна бездакорна складзеным пазлам з павабным для ўсіх зацікаўленых бакоў малюнкам!

Найперш, хацелася б разгледзець прычыны ўзьнікненьня, або, так бы мовіць, увасабленьня думкі пра Канфэдэрацыю ў формы з рэальнай пэрспэктывай менавіта цяпер, а не 15, 10, або 5 гадоў таму і нават не ў мінулым годзе. Галоўную і вызначальную ролю ў гэтым, на мой погляд, згулялі падзеі, зьвязаныя з выбарамі ў Беларусі і пазьней - у Расеі. Тое, што ўяўлялася за падзеі аддаленай будучыні, за адзіны з тэарэтычна магчымых некалі ў аддаленай пэрспэктыве варыянтаў разьвіцьця падзеяў - імкліва і няўхільна ажыцьцявілася ў рэальнасьці: Рэспубліка Беларусь за мінулыя паўтара гады "дзякаваць" дзеяньням ўласнага кіраўніцтва страціла фактычны сувэрэнітэт, і толькі справай часу сталася інкарпарацыя яе ў той ці іншай форме ў Расейскую Фэдэрацыю дэ-юрэ. Ня будзем тут апісваць усе падзеі, што прывялі да гэткага сумнага становішча, спадзяюся, што тыя, для каго гэта не відавочна, да гэтых радкоў папросту не дачыталі.

Менавіта таму практычна любая альтэрнатыва таму, што ўжо неаднаразова і зь нязьменна сумным вынікам паспрабавана на справе, будзе ня меншым злом, а фактычна паратункам ад "канчатковага вырашэньня беларускага пытаньня". У гэтым сьвятле пытаньне аб'яднаньня з Польскай Рэспублікай у канфэдэратыўную дзяржаву паводле старадаўніх лякалаў Рэчы Паспалітай, але з сучаснымі рамкамі і напаўненьнем, набывае зусім новае і сьвежае гучаньне. Разгледзім жа падобную пэрспэктыву, зыходна з рэаліяў сёньняшняга дня, максымальна падрабязна і аб’ектыўна, а асабліва тыя сумневы, перасцярогі і перашкоды, што спараджаюць сумневы ў жыцьцяздольнасьці ідэі.

Найперш, супраць падобнай прапановы выступае “славутая” "генэтычная памяць беларусаў", якую шырока пэдалююць дзяржаўныя сродкі прапаганды. Паводле заяваў беларускага афіцыёзу, прэсы, з таго, чаму вучаць дзяцей і моладзь у сучаснай беларускай сыстэме адукацыі, беларусы пра шматвяковае сумеснае пражываньне з палякамі ў Вялікім Княстве Літоўскім, а пасьля - "пад Каронай" памятаюць (або абавязаныя памятаць) як пра пэрыяды нівэляваньня беларускай нацыі, выкараненьня беларускай ідэнтычнасьці - ажно да фізычнага зьнішчэньня яе носьбітаў. Безумоўна, шматгадовая прапаганда падобных тэзаў у пэўнай меры мае посьпех: у даволі вялікай часткі насельніцтва трывала ўмацаваўся стэрэатып пра заходнюю суседку як пра акупанта, што дагэтуль марыць, паводле беларускага кіраўніка, "аб мяжы пад Менскам". І абавязкова з мэтай загнаць беларусаў у стойла, ператварыць нас у быдла і ўжо натуральна - у людзей другога гатунку.

Што й казаць, перадужаць падобныя стэрэатыпы (якія культывавала, між іншым, яшчэ савецкая улада, мабыць - на ўсялякі выпадак) яшчэ пару гадоў таму уяўлялася немагчымым. Ва ўмовах псэўдастабільнасьці і нейкага падабенства пэрспэктывы "выкіраваць" самастойнай незалежнай дзяржавай паміж Сцылай шэрагу ўнутраных палітычных і эканамічных крызысаў і Харыбдай вечна непрадказальнай Расеі, тэзыс аб канфэдэрацыі выглядаў бы ня больш і ня менш як здрадай нацыянальным інтарэсам. Сёньня ж, калі ўсе без выключэньня нацыянальныя інтарэсы ўжо здадзеныя, прададзеныя, альбо закладзеныя - падобная пэдантычнасьць абляцела нібы фальшывая пазалота. Вядзецца пра самавыратаваньне нацыі, таму былыя і наяўныя контртэзысы, што разбураюць навязаную раней карцінку сквапнай і падступнай Польшчы - несумненна падзейнічаюць куды больш, як раней. Задача - сфармуляваць іх і данесьці да скептыкаў, што й есьць першачарговым дзеяньнем.

Другая і больш сур'ёзная перашкода ня толькі для рэалізацыі, але нават у прасоўваньні гэтага пытаньня - жорсткі і бескампрамісны супраціў Расеі. Нэаімпэрскія памкненьні ўсходняй суседкі, што імкліва рухаецца ў бок аўтарытарызму, ідуць у разрэз зь любым вальнадумствам на постсавецкай прасторы, а тым болей – у сярэдзіне сьпехам зьляпанага ў дагоду сюхвіліннай палітычнай каньюнктуры гэтак званага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстана. Ніякіх сумневаў, што расейскі істэблішмэнт прадпрыме ўсе магчымыя намаганьні каб прадухіліць усялякія дзеяньні у гэтым напрамку, у тым ліку й рукамі фактычна марыянэткавага беларускага рэжыму. І калі асьцярогі на прадмет непрыманьня ідэі Канфэдэрацыі грамадзтвам цалкам вырашальныя праз контрпрапаганду, ідэалягічны ўплыў, то процідзеянне працэсу нэаімпэрскага паглынаньня з усходу магчыма зрэалізаваць толькі праз хутчэйшы распаўсюд і прыняцьцё ідэі канфэдэралізму раўнаважкімі сусветнымі гульцамі: ЭЗ, ЗША, магчыма - Кітаем.

Трэцім камянём перашкоды ўяўляецца стаўленьне да канфэдэратыўных ідэяў унутры самое Польшчы. На першы погляд, што можа быць прывабнейшым за ўвасабленьне даўно выпешчаных жаданьняў па аднаўленьні былой велічы? Адначасова, польская супольнасьць выдатна разумее небясьпеку ў сучасных рэаліях быць абвінавачанай у "паглынаньні" ці "анэксыі" чужых тэрыторыяў. Немалаважныя і асьцярогі атрымаць у складзе аб'яднанае дзяржавы нестабільны рэгіён-фронду, ці нават гэткую "псэўдачачэнію". Але калі апісаныя вышэй супярэчнасьці напоўніцу вырашаюцца пісьменна і акуратна сфармуляванай формай Канфэдэрацыі з выразным размежаваньнем правоў і абавязкаў бакоў, якія ўступаюць у яе, то асьцярогі эканамічнага характару, на першы погляд, падаюцца практычна непераадольнымі.
Тым ня менш, бяру на сябе сьмеласьць сьцвярджаць, што ў сёньняшніх рэаліях эканамічныя праблемы гіпатэтычнай Канфэдэрацыі адыйдуць на другі плян, саступаючы пальму першынства маральным, палітычным і іншым нематэрыяльным затратам, непазьбежным у выпадку спробы рэалізацыі праекту. Ва ўмовах сёньняшняга сьвету, які актыўна трансфармуецца, эканоміка выстаўляецца на першы плян за дымавую заслону, прыкладаў абсалютна эканамічна не абгрунтаваных і, паводле бухгальтарскай мовы, загадзя стратных дзеяньняў сусьветных гульцоў - звышдастаткова. У сытуацыі, калі абсалютная нявызначанасьць пераважае над мэтадамі й вынікамі ацэнкі ў будучыні традыцыйных эканамічных каштоўнасьцяў і арыентыраў сучаснага сьвету (сусьветная валюта, нафта-газ і нават золата), на першы плян непазьбежна выйдуць іншыя паказчыкі ацэнкі ўплыву дзяржаўных утварэньняў ў сьвеце: кантроль над прыдатнымі для жыцьця тэрыторыямі, валоданьне чалавечым рэсурсам, уплыў у калякантынэнтальных маштабах. Усё гэта ў дастатковай ступені станецца процівагай асьцярогам наконт эканамічнай эфэктыўнасьці новага ўтварэньня.

Ня варта недаацэньваць і процідзеяньне ідэям Канфэдэрацыі існага беларускага рэжыму. Не даводзіцца сумнявацца ў тым, што амаль цалкам залежная ад палітычнай волі Расеі кіроўная кляса Рэспублікі Беларусь, а асабліва - найвышэйшае кіраўніцтва будзе змушана гуляць на баку асноўнага суперніка праекту, якім, без сумневу, выступіць Расея. Аднак сумнае ўсьведамленьне залежнасьці і ўсім вядомыя асабістыя эўрапейскія эканамічныя інтарэсы беларускага кіраўніцтва пазбаўляюць іх дзеяньні як мінімум шчырасьці, а як максымум - будуць прымушаць працаваць на ніве недапушчэньня канфэдэрацыйных думак "напаўрукі", ці нават спакваля спрыяць ім як элемэнту ўпадабанае "маятнікавае шматвэктарнае палітыкі ". Ужо сёньня беларускія ўлады ўзмоцнена адшукваюць рэпэрныя кропкі, паводле якіх мажліва было б арыентаваць "заходні вэктар", у гэтых умовах процідзеяньне любым "празаходнім" ідэям ня будзе гэткім фатальным, як, напрыклад, яшчэ паўгады таму.

Падсумоўваючы, уяўляецца своечасовым крокам адкрыцьцё шырокай дыскусыі ў грамадзтве - як у беларускім, гэтак і ў польскім - па выкладзеным пытаньні. Усемагчымыя праявы тэмы - ад абмеркаваньня маральных аспэктаў да выпрацоўкі дарожных мапаў і прапрацоўкі тэхнічных элемэнтаў стварэньня Канфэдэрацыі - будуць спрыяць папулярызацыі ідэі і замацаваньні яе на парадку дня. Прапаную сумеснымі намаганьнямі вывесьці пытанне Канфэдэрацыі Рэспублікі Беларусь з Польскай Рэспублікай са стану глухога замоўчваньня на першы плян беларуска-польскага палітычнага дыскурсу.

 

Навіны

Усе навіны Arche