Ідэі

Рэфэрэндум
Рэфэрэндум

Аб'яднаньне Польшчы і Беларусі ў канфэдэрацыю

Рэспубліка Беларусь - удзельніца розных інтэграцыйных працэсаў. Беларускі народ зьвязваюць вузлы сяброўства і сваяцтва з усімі навакольнымі дзяржавамі. І з усімі зь іх мы маем пасьпяховы досьвед сумеснага працяглага жыцьця пад адзіным дзяржаўным дахам. Адным з найбольш яркіх і прагрэсыўных гістарычных прыкладаў такога жыцьця зьяўлялася Рэч Паспалітая Абодвух Народаў, гвалтоўна зьліквідаваная шляхам вонкавага ўзброенага ўмяшаньня.
Распад Савецкага Саюзу паклаў канчатак гвалтоўнай інкарпарацыі беларускага народу і даў яму права самастойнага выбару: сувэрэннае незалежнае існаваньне або стварэньне легітымнага інтэграцыйнага ўтварэньня. Адным з натуральных выбараў інтэграцыі зьяўляецца адраджэньне незаконна зьнішчанай Рэчы Паспалітай сумесна з польскім народам.

Гэты артыкул прапануе абмеркаваньне ініцыятывы аб правядзеньні двух рэфэрэндумаў - адзін у Рэспубліцы Польшча, адзін у Рэспубліцы Беларусь - з аднолькавым пытаньнем:

"Ці падтрымліваеце Вы аб'яднаньне Рэспублікі Польшча і Рэспублікі Беларусь у адзіную канфэдэратыўную дзяржаву, удзельніка Эўрапейскага Зьвязу, які забясьпечвае роўную паўнату нацыянальнага кіраваньня польскаму і беларускаму народам?"

Вынікі рэфэрэндуму будуць насіць дарадчы характар і не зьяўляюцца абавязковымі да неадкладнага выкананьня кіраўніцтвам кожнай з краінаў. Трэба зазначыць, што гэтая публікацыя ня мае за мэту агітацыю за той ці іншы зыход рэфэрэндуму і нацэленая толькі на грамадзкае абмеркаваньне ініцыятывы.

Згодна зь дзейнай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (гл.2, арт.74), ініцыятарамі рэфэрэндуму могуць выступіць наступныя сілы:

- Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь;
- Палата Прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Рашэнне прымаецца на іхных асобных паседжаньнях бальшынёй галасоў кожнай з палатаў;
- 450 тысячаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку ня менш як 30 тысячаў грамадзян ад кожнай з вобласьцяў і горада Менску.

Ініцыятарамі рэфэрэндуму ў Рэспубліцы Польшча могуць выступаць (арт. 125 Канстытуцыі Рэспублікі Польшча):

- Сэйм Рэспублікі Польшча. Рашэнне мусіць быць падтрыманае абсалютнай большасьцю ў прысутнасьці больш за палову ўсіх дэпутатаў;
- Прэзыдэнт Рэспублікі Польшча пры ўмове ўхваленьня Сэнатам - абсалютнай бальшынёй галасоў у прысутнасьці больш за палову ўсіх сэнатараў.

Правапераемнасьць

Утвараная канфэдэрацыя Польшчы й Беларусі нацэленая на працяг гістарычнай спадчыны Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і імкнецца адпавядаць духу талерантнасьці, дэмакратыі й прагрэсу, ля вытокаў якога знаходзілася згаданая эўрапейская дзяржава.

Канфэдэратыўны ўзровень

Канкрэтны пералік паўнамоцтваў, што дэлегуюцца Польшчай і Беларусьсю канфэдэратыўнаму кіраўніцтву, мусіць быць вызначаны ў працэсе шырокага грамадзкага абмеркаваньня ў абедзьвюх краінах і выразна публічна пазначаны да правядзеньня рэфэрэндумаў у абедзьвюх краінах.

Меркавана, да канфэдэратыўнага ўзроўню могуць датычаць:

- Пасада прэзыдэнта канфэдэрацыі;
- Сумесная верхняя палата парлямэнту, якая ўключае прапарцыйнае прадстаўленьне сэнатараў з абедзьвюх частак канфэдэрацыі;
- Пытаньні зьнешняй палітыкі;
- Пытаньні абароны і канфедэратыўнай бясьпекі;
- Пытаньні грашова-крэдытнай палітыкі (аб'яднаньне нацыянальных банкаў у канфэдэратыўную рэзэрвовую сыстэму), а таксама пытаньні фіскальнай палітыкі ў частцы падаткаў і збораў канфэдэратыўнага ўзроўню.

Нацыянальны ўзровень

Меркавана, да нацыянальнага ўзроўню кожнай з частак канфэдэрацыі могуць датычаць:

- Нацыянальныя ўрады, падсправаздачныя ніжнім палатам парлямэнтаў і прэзыдэнту канфэдэрацыі, у частках, якія не супярэчаць агульнаканфэдэратыўнаму ўзроўню;
- Самастойныя ніжнія палаты парлямэнтаў Польшчы й Беларусі, якія выбіраюцца усеагульным галасаваньнем у кожнай з частак канфэдэрацыі;
- Сацыяльныя пытаньні, як культура, мэдыцына, адукацыя, ахова прыроды і экалёгія;
- Пытаньні мясцовага самакіраваньня;
- Пытаньні ўнутраных справаў кожнай з дзьвюх нацыяў.

У якасьці ўдзельніка Эўрапейскага Зьвязу канфэдэрацыя будзе праводзіць адзіную палітыку, уключаючы стаўленьне да ўдзелу ў такіх дамовах, як "зона эўра". Далучэньне да адзінай эўрапейскай валюты можа паслужыць гладкім пераходам ад паасобнага абароту злотага й рубля да адзінай валюты ўнутры канфэдэрацыі Польшчы й Беларусі.

Аб стаўленьні да Ўкраіны

Канфэдэрацыя Польшчы й Беларусі цалкам прызнае Ўкраіну за аднаго зь гістарычных спадкаемцаў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў разам з удзельнікамі канфэдэрацыі. Патэнцыйнае далейшае аб'яднаньне Канфэдэрацыі і Ўкраіны ў канфэдэрацыю трох нацыяў знаходзіцца выключна ў веданьні народаў гэтых дзяржаваў, можа ажыцьцявіцца толькі пры наяўнасьці адпаведнай дэмакратычнай ініцыятывы і пасьля публічнага волевыяўленьня.

З улікам гэтага ўсе сумесныя структуры й правілы Канфэдэрацыі Польшчы й Беларусі ня могуць будавацца ў супярэчнасьці з магчымасьцю далейшага ўваходжаньня Ўкраіны ў згаданы зьвяз у якасьці роўнага партнэра, народ якога мае прапарцыйнае дэмакратычнае прадстаўніцтва.

Аб стаўленьні да рускамоўнага сьвету

Беларусь з'яўляецца носьбітам як беларускай, так і рускай моўнай традыцыяў. Пытаньні культуры й мовы будуць знаходзіцца выключна ў веданьні нацыянальнага ўзроўню кожнай з частак канфэдэрацыі. Як удзельнік канфэдэрацыі Беларусь будзе з гонарам несьці гістарычную спадчыну эўрапейскай традыцыі рускай культуры, імкнуцца захоўваць і разьвіваць яе, нягледзячы на лёс і асыміляцыю рускай эўрапейскай культуры ў іншых дзяржавах, уключаючы Расейскую Фэдэрацыю.

Камэнтары. Кантэкст пераменаў

У гэтай частцы хочацца прывесьці некалькі момантаў, якія дапамогуць паставіць апісаную вышэй прапанову ў пэўны кантэкст:

- Тэарытычная польска-беларуская канфэдэрацыя апынецца ПЯТАЮ краінай ЭЗ паводле колькасьці насельніцтва й ДРУГОЮ па тэрыторыі (пасьля Францыі, сёньня Польшча шостая).
- Калі інтэграцыя Польшчы ьй Беларусі будзе ажыцьцёўлена пасьпяхова, а нашыя народы ўжо маюць карысны шматвяковы досьвед памылак цяжкіх, зь якога можна і трэба вучыцца, то зьявіцца зручная магчымасьць пераходу на вышэйшы ўзровень - аб'яднаньне з Украінай. Зьявіцца рэгіянальная стратэгія.
- У доўгатэрміновай пэрспектыве польска-ўкраінска-беларуская канфэдэрацыя, калі гэткая зьявіцца, апынецца ПЕРШАЙ краінай ЭЗ паводле колькасьці насельніцтва (94 мільёны, у Нямеччыне - 82) і ПЕРШАЙ краінай ЭЗ па тэрыторыі (1.123.530 кв км, Францыя ўдвая меншая - толькі 547.030 кв км). Немцам прывітаньне!
- Канфэдэрацыя апынецца найважнейшым стратэгічным саюзьнікам ЗША ў Эўропе і сьвеце. Патэнцыйна - лідэрам Эўропы, бо Нямеччыне й Францыі расці больш асабліва няма куды.
- Адной з галоўных страшылак для беларусаў будуць гарантыі культурнай незалежнасьці, але для іх у сучасным сьвеце прыдуманыя ўжо ўсе неабходныя мэханізмы.
- Адной з галоўных страшылак для палякаў будзе магчымасць рэстытуцыі, з нагоды якой яны ўжо пасварыліся з летувісамі. Меркавана, тут можна знайсьці ўзаемныя варыянты (асабліва ведаючы, што большая частка аб'ектаў рэстытуцыі не дажыла да нашых дзён). Калі паляк гатовы здаць іспыт па мове і пераехаць на ПМЖ у Беларусь, то чаму не дапамагчы чалавеку стаць беларусам? Пытаньні культуры й адукацыі мусяць быць у нацыянальным веданьні.
- На фоне польска-беларускай канфэдэрацыі, празьмерныя прэтэнзыі летувісаў на спадчыну ВКЛ будуць выглядаць ... хмммм .... міла.
- Адлегласьць ад мяжы НАТА да мяжы горада Масква складзе 437 км, або 5 гадзін 39 хвілін па трасе М1. Можна сказаць - добрыя блізкія суседзі.

А як прагаласавалі бы Вы на прапанаваным рэфэрэндуме сёньня? Нагадваем пытаньне:

"Ці падтрымліваеце Вы аб'яднаньне Рэспублікі Польшча і Рэспублікі Беларусь у адзіную канфэдэратыўную дзяржаву, удзельніка Эўрапейскага Зьвязу, якая забясьпечвае роўную паўнату нацыянальнага кіраваньня польскаму і беларускаму народам?"

Навіны

Усе навіны Arche