Друкаваць Камэнтары (23) Пераслаць на э-адрас RSS
Эсэiстыка
Канцлагер у Калдычаве - цэнтральнае звяно ў антыбеларускай прапагандзе "гарлівалітвінаў"
Дасканалы дуэт: КГБ і Алесь Белы
Алесь Белы – гэта чалавек сапраўды ідэйны, аднак гэта той тып ідэйнага чалавека, які па-за сваёй ідэяй анічога больш не бачыць. З-за сваёй ідэі Белы не бачыць таксама таго, як вельмі ён аддаліўся ад каталіцызму, а наблізіўся да бальшавіцкага светаўспрымання, дзе пачэснае месца займае вобраз знешняга ворага, і дзе прапаведуецца непрымірымая барацьба паміж адной групай і другой.
Ты любіш Беларусь і жадаеш адраджэння беларускай культуры? Лічыш, што бальшавізм прынёс шмат шкоды гэтай культуры і пастулюеш развітанне з савецкай эпохай? Ты лічыш, што сталінізм быў гэтаксама бесчалавечны, што і гітлерызм? Крытычна ставішся да цяперашняга беларускага рэжыму? А можа, ты ў дадатак да ўсяго гэтага сімпатызуеш ліберальным ідэям і заходняй культуры? Не лічыш постмадэрнізм спараджэннем д’ябла і пастулюеш плюралізм у культуры і ў палітыцы?
Калі так, то ў цябе ёсць усе шанцы трапіць у спіс “нацыстаў-беларутэнаў”. Гэты спіс знаходзіцца на стадыі стварэння, і некаторыя вядомыя культурныя дзеячы Беларусі (напр. Уладзімір Арлоў або Алякснандр Лукашук) туды ўжо трапілі. Пасля напісання гэтага артыкулу ў гэты спіс, пэўне, траплю і я, ну а ты, шаноўны чытач, павінен будзеш вырашыць, ці адрачыся раз і назаўсёды беларускага адраджэння як “таталітарна-паганскай ідэалогіі”, ці таксама быць занесеным у спіс нацыстаў. А гэта вам не жарты: нацызм ва ўсім свеце пераследуецца па закону, а ў нашай краіне – удвая гарлівей...
Але хто складае гэты спіс, як яго зваць? А адгадайце з трох разоў. Можа, якісь прадстаўнік кансерватыўнага крыла Кампартыі Беларусі? Не. Тады пра-расейскі палітолаг Юрый Шаўцоў? Ну, ён сапраўды з маніякальнай настойлівасцю выкрывае “нацысцкую сутнасць” беларускага адраджэння, але складаць спісы ўсё ж не дадумаўся. То хто тады?
1
Укладальнікам спісу “нацыстаў-беларутэнаў” з’яўляецца гісторык і палітычны тэарэтык, ідэолаг “ліцвінства” Алесь Белы. Для прапагавання сваіх ідэяў – у тым ліку і “спісаў” – ён выкарыстоўвае найбольш тыповае спараджэнне ненавіснага яму мадэрну – Інтэрнэт. Ягоная актыўнасць ў Сеціве выклікае сапраўднае здумленне: можна яго спаткаць ледзь не на кожным беларускім форуме; свае ідэі ён распаўсюджвае таксама пры дапамозе электроннай почты і з бліскавічнай хуткасцю рэагуе (зазвычай даволі агрэсіўна) на каментары і рэплікі. Аднак прывілеяваным месцам прапагавання сваёй ідэалогіі ліцвінтсва з’яўляецца для Белага ягоны блог http://gorliwy-litwin.livejournal.com. Там мы і знаходзім яго палымяныя пропаведзі наконт дэманічнасці адраджэння і неабходнасці процістаяць “таталітарнай секце” яго прыхільнікаў.
Беларусы-адраджэнцы для Белага не з’яўляюцца нацыянальнасцю, гэта
проста агрэсiўна-дэструктыўная сацыяльна-псiхалагiчная група, накшталт тэрарыстычнай арганiзацыi або таталiтарнай паганскай секты.
Тыповы свядомы адраджэнец
“у абавязковым парадку ненавiдзiць Каталiцкi Касцёл i ўсе праявы лацiнскай цывiлiзацыi”. Наагул, “свядомыя адраджэнцы і ідэйныя католікі – прынцыповыя ворагі, якіх немагчыма прымірыць”.
Белы, які лічыць сябе веруючым католікам, свядома або несвядома прасоўвае антыкаталіцкую думку, а менавіта, што існуюць такія нацыянальныя групы, якія сутнасна не могуць быць каталіцкімі. Такой групай для яго з’яўляюцца беларускія адраджэнцы. Цалкам у духу ленінскага бальшавізму ён прапаведуе арганічную варожасць паміж сацыяльнымі групамі: “ідэйныя католікі” і “свядомыя адраджэнцы” функцыянуюць у дыскурсе Белага падобна “класавым ворагам” у дыскурсе бальшавікоў, маўляў, няма паміж гэтымі групамі аніякай магчымасці дыялогу або паяднання. Але пікам дэмагогіі Белага з’яўляецца заява, што “свядомы адраджэнец ў абавязковым парадку ненавідзіць Каталіцкі Касцёл”. Тут ужо градус антыадраджэнскай пасіі настолькі высокі, што Гарлівы Ліцвін губляе якую-кольвечы сувязь з рэчаіснасцю. Згодна з гэтаю тэзай трэба было б сказаць, што Каталіцкі Касцёл ненавідзелі Пётра Просты, Казімер Сваяк альбо Язэп Германовіч (каталіцкія святары, якія працавалі на ніве адраджэння). Нянавісць да Касцёла трэба было б прыпісаць дзясяткам сённяшніх беларускіх святароў (уключаючы аўтара гэтых радкоў) і дзясяткам тысяч свецкіх вернікаў-каталікоў (уключаючы асяроддзе “Нашай Веры” і “Ave Maria”). А можа, Каталіцкі Касцёл ненавідзеў таксама Ян Павел ІІ, паколькі ён столькі разоў выражаў сімпатыю да беларускай культуры?...
Не інакш, як уплывам бальшавіцкай ідэалогіі, можна растлумачыць схільнасць Белага паслугоўвацца калектыўнымі этыкеткамі і петрыфікацыяй адмоўных эпітэтаў (агрэсiўна-дэструктыўная сацыяльна-псiхалагiчная група, накшталт тэрарыстычнай арганізацыі, накшталт таталітарнай паганскай секты), цалкам пазбаўленых якой-небудзь апісальнай функцыі, але ўжытых у такой супазіцыі, як быццам яны з’яўляюцца менавіта дэскрыпцыямі. Няма таксама шанцаў паставіць пад сумнеў гэту рыторыку, бо адразу ж з’яўляецца закід, што ты, маўляў, таксама знаходзішся пад “іх” уплывам. А знаходзішся, бо... твой нік паганскі, бо... любіш Карла Попера, бо... Каб абгрунтаваць твой “нацызм” (альбо “паганства”, альбо “педалагуманізм”) Гарлівы Літвін знойдзе падставу з той самай лёгкасцю, з якой НКУС знаходзіў падставу, каб даказаць, што ты – класавы вораг.
Вы спытаеце, а якая сувязь паміж Карлам Поперам і нацызмам? А хто сказаў, што тут павінна быць лагічная сувязь? Алесь Белы – не той чалавек, які будзе абмяжоўваць сваё мысленне логікай. Ён стаіць на-над логікай, а дакладней, ягоная дактрына выбудоўваецца водле адмысловай логікі, асноўны прынцып якой: хто не з намі, той супраць нас. Вось чаму можна абвінаваціць кагось у нацызме на той падставе, што хтосьці сімпатызуе ідэям адкрытага грамадства, а нянавісць да Каталіцкага Касцёла можна прыпісаць сотням тысячаў католікаў па той прычыне, што яны сімпатызуюць беларускаму адраджэнню. Нелагічна? Па-нашаму нелагічна, але па-ягонаму – вельмі лагічна.
2
Своеасаблівасць логікі Белага не зводзіцца да нечаканага адкрыцця ўзаемазалежнасці паміж нацызмам, адкрытым грамадствам, паганствам і “педалагуманізмам”. Абвесціўшы беларускіх адраджэнцаў (яўнымі або замаскіраванымі) паганцамі-нацыстамі, ідэолаг ліцвінства выступае з заявай, што натуральным хаўруснікам ліцвінаў з’яўляецца... Аляксандр Лукашэнка.
Дзе б мы ні жылі – пафасна піша Алесь Белы - у РБ, РФ, або у Паднябесным Кiтаi, калi б ягоныя межы дацягнулiся так далёка, мы захоуваем лаяльнасць Ураду, i трымаемся вернасцi сваёй культуры.
І яшчэ:
Лiтвiны зацiкаўленыя у тым, каб Лукашэнка пратрымаўся як мага даўжэй. Таму мы зычым яму моцнага здароўя i палiтычнай iнтуiцыi. Ягоны эканамiчны генiй, канешне, будзе вельмi моцна выпрабоўвацца у наступным годзе (а можа i даўжэй), але мы, як шмат разоў ужо казалi, не за гэта найбольш яго паважаем, а рыхтык за ягоны паслядоўны (прынамсi дагэтуль) антынацызм.
І так, што супольнага паміж католікам-традыцыяналістам і “праваслаўным атэістам”? Што значыць у гэтым кантэксце “антынацызм”?
Нi ў якiм разе не хочам – кажа Белы ад імя ўсіх літвінаў – каб прыйшла звар’яцелая арда пад кiраўнiцтвам Вячоркi, Лябедзькi i Калякiна. (Некаторыя ж нават i на Зянон-рэп спадзяюцца, бр-рр).
Значыць, атэіст Лукашэнка значна лепшы для Белага, чым католік Пазьняк. Той, хто пры кожнай нагодзе падкрэслівае сваю ідэйную повязь з антыхрысціянскім бальшавізмам, выклікае ў Гарлівага Ліцвіна захапленне, а тыя, хто ў імя хрысціянскага адраджэння пастулююць развітанне з савецкім мінулым, выклікаюць у яго «бррр». Брррава, пане Гарлівы! – хочацца сказаць. Толькі навошта пасля ўсяго гэтага апранаць маску гарлівага католіка і апалагета хрысціянства?
Адказ на пытанне, што значыць у гэтым кантэксце «антынацызм», імпліцытна месціцца ў прыведзеных вышэй выказваннях Белага. Аднак, пасля зацытавання яшчэ аднаго яго выказвання, усё, думаю, будзе канчаткова зразумела:
Моцна жадаю, каб янкі разваліліся на працягу наступных 10-20 гадоў. У прыватнасці, лацінасы мусяць вярнуць сабе паўднёвы Захад (і ліквідаваць Hollyweird, as we know it). Увогуле, католікі відаць ужо зараз складаюць у штатах большасць, адно што гэтага не ўсведамляюць, і да таго ж лацінасам, ірландцам і італьянцам не так проста дамовіцца. Аднак тое, што імі кіруюць структуры, створаныя кальвіністамі – поўны абсурд, які абавязкова абрынецца.
Антыамерыканізм – вось што выклікае захапленне Белага ў Лукашэнкі. Гэта ён адкрыта сцвярджае ў сваім палымяным пасусе:
...надзвычай важна захаваць згуртаванасць нашага грамадства вакол ягонага лiдэра (...) Трэба болей абапiрацца на розныя сацыяльныя группы, этнаканфесiйныя супольнасцi i г.д., пры захаваннi пераемнасцi з ранейшай антынацысцкай i анты-амерыканскай палiтыкай.
Тое, што «лідэр» не хавае сваіх сімпатыяў да Гітлера, Гарлівага Ліцвіна зусім не бянтэжыць, роўна ж як і тое, што гэты «лідэр» з'яўляецца прадаўжальнікам бальшавіцкіх традыцый. «Антынацызм» зводзіцца тут у канчатковым плане да антыамерыканізму і антылібералізму, ваяўнічай кантэстацыі культуры плюралізму і талерантнасці. Такога тыпу «антынацызм» мог бы без асаблівых цяжкасцяў падтрымаць і сам Адольф Гітлер.
«Моцнае жаданне» Белага (каб Янкі як найхутчэй разваліліся) лішні раз выяўляе спецыфіку ягонага «каталіцызму». У ЗША жыве блізу 70 млн каталікоў, і ўсе яны вельмі любяць сваю Айчыну. У кожным касцёле вісіць амерыканскі сцяг, які сімвалізуе перманентную малітву вернікаў за сваю краіну. Ці задумваўся Алесь Белы над тым, што значаць ягоныя словы для гэтых 70 млн амерыканскіх католікаў? Жадаць развалу якой-небудзь краіны, дзе грамадска-палітычны лад грунтуецца на грамадскім кансэнсусе, сам па сабе з'яўляецца амаральным жаданнем, нават калі б і ўсе абывацелі гэтай краіны былі не-католікамі. Але калі ўжо Белы вырашыў з пагардай паставіцца да кальвіністаў, то мог бы хаця ўлічыць пачуцці сваіх братоў па веры – католікаў. А можа, ён не іх лічыць братамі па веры? Можа, амерыканскія католікі, якія штодзень моляцца за сваю Айчыну, не з'яўляюцца сапраўднымі католікамі? А можа, яны такія ж крыптанацысты, што і беларускія адраджэнцы?
Адказваю: нашым гламурным нацы (сьвядомым адраджэнцам) і амерыкосам. Гламурныя нацы знайшлі сваю нішу ў попераўскім Адкрытым Грамадстве, пагадзіўшыся не спрачацца з асноўнымі пастулатамі педагуманалібералаў. Узамен ім пакінулі дзялянку, на якой яны могуць фальсіфікаваць сваю “развесістую клюкву”: Адраджэнска-Рыцарскае ВКЛ, БНР ад мора да мора, Тарашькэвыцу, Беларутэнізацыю паводле Кубэ, культ “Спрадвечных крывіцкіх багоў” і г.д.
Цяпер пераканаліся наконт «трыадзінства» нацызму, адкрытага грамадства і беларускага адраджэння?
3
Тут трэба пазначыць, што ліцвінства як грамадска-культурны рух з'яўляецца даволі дыферэнцыяванай і шматаблічннай з'явай, і ў цэлым явіцца як даволі цікавы і ў многім пазітыўны феномен. Рух распадаецца на шэраг міні-фракцыяў, адной з якіх з'яўляецца групоўка Алеся Белага, так бы мовіць, «гарліваліцвінаў».
У якім стасунку знаходзяцца гарліваліцвіны да іншых ліцвінаў? Гэты стасунак найлепш праілюструе наступны казус. Калі адзін з ліцвінаў у блогу gorliwego_litwina крытычна выказаўся адносна закліку Белага «гуртавацца вакол Лідэра» (г.зн. Лукашэнкі), то неўзабаве быў Белым забанены (пазней, праўда, Белы «злітаваўся» і адбаніў яго). Тым часам адзін з хаўруснікаў Белага растлумачыў непаслухмянаму ліцвіну «палітыку партыі» наступным чынам: «Я думаю, што і Алесь разумее, што ўсе літвіны не могуць мець аднолькавага меркавання на конт дзеючай улады. Мы ўсё ж прызнаем права літвінаў на глупства. Хто не памыляецца? Не ў крыўду”. Вось так: ты маеш права на ўласнае меркаванне, але пры гэтым – не ў крыўду! – прызнай, што гэтае меркаванне з’яўляецца глупствам. Тут яскрава бачым, што групоўка Белага функцыянуе ўнутры ліцвінскага руху як своеасаблівая секта з высокім узроўнем індактрынацыі і неталерантнасці.
Перад тым, як Алесь Белы выступіў з тэзай пра “нацысцкую сутнасць” беларускага адраджэння, ён доўгі час насіўся з малазразумелай тэорыяй “шчырабеларусцаў” як ахвяраў “Караля Стаха” і бамбардаваў людзей эмэйламі на тэму розных метамарфозаў “Стахічкі”. Але калі пасля некалькіх гадоў нястомнай працы пераканаўся, што нічога, акрамя ўсмешак і паціскання плячыма, яго тэорыя не спарадзіла, схапіўся за ідэалагему, прапагандысцкі эфект якой ужо быў неаднаразова правераны (спачатку савецкім КГБ, потым Замяталіным, потым Шаўцовым): адраджэнцы – нацысты. Неарыгінальна, затое эфектыўна. Нарэшце ўдалося прыцягнуць да сябе увагу – віншуем!
А ці ёсць сэнс рэагаваць на чарговую метамарфозу антыбеларускай прапаганды? Дый хто такія гарліваліцвінцы паводле сілы ўздзеяння? Колькі іх ёсць?
Гарліваліцвінцаў можна палічыць на пальцах аднае рукі. Аднак, што тычыцца сілы ўздзеяння, няма ніякіх гарантый, што яна ёсць і будзе мізэрнай. Палітолаг Роджэр Грыфін некалькі гадоў таму запрапанаваў тэрмін “групускулы” (groupuscule) на абазначэнне міні-груповак з мінімальным альбо і ніякім публічным прафайлам, але чыя ідэалогія валодае рэальным мабілізацыйным патэнцыялам.
У крайніх сітуацыях групускула можа мець рашаючае значэнне ў ператварэнні адчужанага і расчараванага самотніка ў фанатычнага “адзінокага ваўка”, гатовага здзяйсняць акты безагляднага гвалту ў дачыненні да сімвалаў грамадскага дэкадэнсу
– паясняе значэнне групускулаў Андрэ Умлянд.
Тое, што гарліваліцвінства на дадзены момант не мае рэальнага публічнага прафайлу, не азначае, што яно цалкам пазбаўлена мабілізацыйнага патэнцылу. Паколькі прыхільнікі захавання польскага характару каталіцызму ў Беларусі маюць адчуванне сталай пагрозы з боку беларускай стыхіі, ідэалогія Белага можа скіраваць іхнія фрустрацыі ў рэчышча арганізаванай кампаніі па “стрымліванні беларускасці”. Тое, што беларускасць у гэтай ідэалогіі явіцца як нешта паганска-нацысцкае, станецца магутным матывацыйным фактарам і легітымізуе нават найбольш агрэсіўныя формы змагання з беларускасцю. У выніку адбудзецца паглыбленне напружання паміж “польскай” і “беларускай” опцыяй унутры каталіцызму.
Я ўжо неаднойчы пісаў, што найбольш праўдападобным матывам высылкі з Беларусі польскіх ксяндзоў з’яўляецца жаданне справакаваць раскол унутры каталіцкага Касцёла. За кожным разам, калі адбываецца выгнанне чарговай порцыі польскіх ксяндзоў, улады стараюцца зайграць на патрыятычнай ноце: маўляў, палякі шкодзяць беларускасці. І тут Алесь Белы можа аказаць беларускім уладам велізарную паслугу, пераконваючы прапольскую частку каталікоў, што на самой справе вінаваты не ўлады, а “свядомыя адраджэнцы”. (Менавіта так: Гарлівы Літвін не дазволіў сабе ані слоўца крытыкі сказаць пад адрасам свайго Куміра, хоць выдаленне польскіх святароў – гэта частка ягонай палітыкі. Затое чарговы раз прагучала здзеклівае: “Нацы трыумфуюць”; маўляў, нават у высылцы ксяндзоў вінаваты адраджэнцы!) Такім чынам, тое, чаго КГБ не здолеў зрабіць паасобку, можа зрабіць пры дапамозе Белага: КГБ будзе высылаць польскіх святароў і казаць беларусам, што гэта ў інтарэсах беларускасці, а Белы тымчасам будзе пераконваць палякаў, што ўва ўсім вінаваты нацысты-беларутэны. Дасканалы дуэт.
4
Балесную памяць пра трагедыі ІІ Сусветнай Вайны Алесь Белы ператварае ў бяздушны інструмент прапагандавання сваёй idée fix. Робіць ён гэта дакладна як КГБ-эшныя ідэолагі, Замяталін або Шаўцоў: маніпулюючы фактамі, вырываючы выказванні або падзеі з кантэксту і аперуючы абагульняльнымі сафізмамі.
Выкарыстоўваючы метадалогію Замяталіна-Шаўцова-Белага, можна абвінаваціць у нацызме каго заўгодна, уключаючы Каталіцкі Касцёл. Быў урад Вішы ў Францыі, былі злачынствы з боку бандэраўцаў на Ўкраіне, было даволі шырокае прадстаўніцтва балтаў у нацысцкіх структурах, было Ядвабнэ ў Польшчы... Ну і дастаткова раздзьмуць гэтыя факты належным чынам, вырваць іх з кантэксту, прыдумаць якуюсь “генеалогію”, гэта значыць, назваць сённяшніх “спадкаемцаў” тых злачынстваў – вось і гатова! Французы – фашысты; палякі – фашысты; літоўцы, латышы, эстонцы – фашысты! Пратэстанты? Ясна! Галасавалі ж на Гітлера! Каталікі? Што ж, будзьма паслядоўнымі: яны (г.зн. мы) таксама фашысты: Ватыкан заключыў канкардат з гітлераўскай Нямеччынай, а той ці гэты біскуп прамовіў панегірык у гонар фюрэра! А папа Бенедыкт належаў да гітлерюгенду!
І паспрабуй запярэчыць, што гэта “не зусім так”, што “трэба адрозніваць”, што “неабходна ўлічваць кантэкст”. Гарлівы Літвін тады закіне табе постмадэрнізм, а пазней з постмадэрнізму выведзе нацызм... Ну, не будзем такімі злоснымі: Гарлівы не будзе закідаць постмадэрнізм, калі будзеце нюансаваць праблему калабарацыі ў выпадку іншых народаў альбо Каталіцкага Касцёлу. Аднак у выпадку беларусаў-адраджэнцаў... Фашысты-лібералы-постмадэрністы! – во хто мы, і канец дыскусіі.
* * *
Алесь Белы – гэта чалавек сапраўды ідэйны, аднак гэта той тып ідэйнага чалавека, які па-за сваёй ідэяй анічога больш не бачыць. Не бачыць іншага чалавека, чыю годнасць нельга мераць ступенню адданасці гарліваліцвінскай ідэі. Не бачыць разнастайнасці і складанасці беларускага адраджэння, таго, што немагчыма адным прыметнікам ахапіць гэты феномен. З-за сваёй ідэі Белы не бачыць таксама таго, як вельмі ён аддаліўся ад каталіцызму, а наблізіўся да бальшавіцкага светаўспрымання, дзе пачэснае месца займае вобраз знешняга ворага, і дзе прапаведуецца непрымірымая барацьба паміж адной групай і другой.
Насуперак таму, што прапануе Ян Павел ІІ ў “Centesimus annus”, Белы татальна асуджае лібералізм, насуперак заклікам Другога Ватыканскага Сабору адмаўляе прынцып дыялогу з іншымі рэлігіямі і сучасным светам, а насуперак духу Евангелля ён прапагуе варажнечу паміж людзьмі і дзеліць іх паводле ідэалагічных крытэраў...
Ці гэта яшчэ хрысціянства? Ці ўжо язычніцтва? Пакідаю гэтыя пытанні адкрытымі.
______________________________________
Пётра Рудкоўскі — філёзаф, ляўрэат прэміі “ARCHE” “За сумленнае слова”. Апошняя публікацыя — “Białoruska idea narodowa w XXI wieku” (Instytut Europy Środkowo-Wschodniej. Lublin, 2008), палеміка вакол якога разгарнулася ў мінулым нумары нашага часопіса. Аўтарская назва тэксту — “Gente Litvinus, natione… Sovietus. (Ідэалагічны партрэт “гарлівых літвінаў”)”.
27 сьнежня 2008
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Літаратурныя чытанні з “ПрайдзіСветам”-2: Несіметрычныя музы А. Хадановіча
Увага! Шукаем акцёраў!
Абвяшчаецца конкурс на лепшы эскіз дошкі ў гонар Ларысы Геніюш
Усе абвесткі



Камэнтары(23)
minak:
27 сьнежня 2008
Brava, Najmocny artykul Rev. Petra i pa teme
Алесь Пашкевіч - гісторык:
28 сьнежня 2008
Дзякуй Рудкоўскаму за правільны хоць, можа быць, нават трохі спознены артыкул. Бо Белы і ягоныя паплечнікі, як на маю думку, ужо перайшлі ўсе межы звычайнай прыстойнасці, на сваіх Інтэрнэт-пляцоўках элементарна абражаючы і паклёпнічаючы на многіх заслужаных у Беларусі людзей (нават пакуль не ўключаных у свае вар'яцкія спісы), не надта клапоцячыся пра пераканаўчыя доказы такой сваёй пазіцыі. Я сам даўно перакананы ў "бальшавіцкасці" іхных ідэалагічных падыходаў (нягледзячы на тое, што яны прыкрываюцца фігавым лістком каталіцкасці і "лацінскасці"), і пра гэта неаднаразова казаў у непасрэдных дыскусіях на розных форумах. Прыемна, што ў сваіх ацэнках я не адзіны. Не сумняюся, што і маё прозвішча (разам з Рудкоўскім) мае ўсе шанцы ў рэшце рэшт знайсці сваё месца ў складаным Белым спісе. Бо пры ягоным складанні пытанне сапраўдных адносін таго ці іншага чалавека да нацысцкай ідэалогіі (прынамсі ў дачыненні да цяпер жывучых людзей) нават не разглядаецца. Прынцып фармавання спісу больш элементарны, калі не сказаць прымітыўны: хто не з намі, той "нацыст" гітлераўскага ўзору. Пазіцыя, трэба сказаць, вельмі зручная і тыя, хто незнаёмы з нашымі беларускімі рэаліямі, могуць на гэта і клюнуць. Відаць, якраз на гэта і разлічвае пан Белы, друкуючы свае мярзотныя (іншага слова і не падбяру) артыкулы ў ізраільскай прэсе (http://gorliwy-litwin.livejournal.com/203319.html), дзе фактычна чырвонай ніткай адна думка праводзіцца - усе прыхільнікі беларускай нацыянальнай ідэі - "нацысты", і як толькі яны ў той ці іншай форме атрымаюць уплыў на сітуацыю - то адразу ж створаць адпаведны дзяржаўны лад і г. д. Таму будзьце пільныя, грамадскасць краінаў-суседзяў і несуседаў, і мачыце гэтых "беларусцаў" з усяе сілы - г. зн. спрыяйце ўладзе ў душэнні ўсяго беларускага ў Беларусі ці прынамсі глядзіце на гэта праз пальцы. Прабачаюся за міжвольную папулярызацыю гэтай пісаніны (інакш яе цяжка назваць), але лічу, што яе друк - элементарная чалавечая подласць, і гэта трэба называць сваім імем. Бо і так мы занадта доўга маўчым, дадаючы тым самым паклёпнікам нахабнасці.
Belaruthenian Nazi:
28 сьнежня 2008
Публічна дыскутуючы ды перадрукоўваючы 'творы' бравага гарлівага салдата, вы тым самым піярыце яго ды легітымізуеце існаванне такога светапогляду. Хто такі нехта там гарлівы - даведацца можна выключна з НН ці Архэ, так, нейкі маргінал у якога 150 сяброў у ЖЖ, прычым палова з іх - тоькі таму, што блог на беларускай мове - вось і ўся аўдыторыя баюна пра нацыстаў-беларутэнаў. Ігнор - самы лепшы сродак змагання з юродзівымі ЖЖ-ідэолагамі. Нічога цікавага ды пазнавальнага ў дыскусіях с ГЛ не атрымаецца, і артыкул сп. Рудкоўскага, на маю думка, занадта эмацыйны.
Mihal Zaleski:
28 сьнежня 2008
Змаганне пахаванцаў з адраджэнцамі выглядае жудасна. Нацыя жыве сваім жыццём і нічога не ведае пра вашы спрэчкі,"вядомыя культурныя дзеячы".
Anton:
29 сьнежня 2008
Цалкам згодны з Вамі, спадар Міхал. А дык што з гэтым рабіцьма?
Michal Zaleski:
29 сьнежня 2008
Што рабіць? Гараваць сабе паціху, змагацца з лёсам, гадаваць дзяцей, шанаваць старых. А гледзячы ў ваду, бачыць ня толькі сябе, але і неба таксама.
Рудкоўскі:
30 сьнежня 2008
Belaruthenian Nazi, выдатная логіка: публічная крытыка = легітымізацыя (гм). Маргінал? у 90-ых быў таксама адзін "маргінал", Лукашэнка яго звалі... Зыгнараваныя маргіналы слабейшыя, чым незыгнараваныя? адкуль такая ўпэўненасць? Я хіба ведаю, адкуль. Ад агорафобіі - боязі публічнай прасторы, уласцівай ментальнасці замкнёнага грамадства. Маўляў, раскажаш людзям пра хлусню і паклёп, а людзі не разбяруцца і пойдуць за гэтай хлуснёй. Вось жа наадварот: ненавісніцкая ідэалогія найлепш развіваецца ўва ўмовах субкультуры, у "свойскай" атмасферы напаўзамкнёных абшараў грамадства, максімум абароненых ад крытыцызму. Так, можа быць, што ў гэтых абшарах яна і сканае, не заўважанае публічнасцю (і тады ок), але можа быць, што ў сітуацыі крызісу ці якогась масавага псіхозу яна паўстанне як выратавальная і збаўленчая ідэя. А нават і крызісу не трэба, яна можа быць інструментальна выкарыстана якімісь больш значнымі палітычнымі сіламі... Вось жа своечасовае выкрыццё такой ідэалогіі азначае яе паслабленню - яе аўтары перастаюць адчуваць сябе камфортна ў сітуацыі ўпублічнення іх дзікіх ідэяў, а большасць паслядоўнікаў зазвычай у такой сітуацыі пачынае адракацца ад такой ідэалогіі. Публічная прастора - гэта хутчэй пагроза для групускулаў, чым шанец.
Raviaka:
30 сьнежня 2008
Тыдзень таму набыў на барахолцы кнігу "Саўдзельнікі ў злачынсве" 60-х гадоў... Пачаў чытаць... Нічым не адрозьніваецца ад пісаніны Белага... Чаму ж усітх тых беларусаў не судзілі й не арыштоўвалі пасьл вайны? Яны ж прозьвішчаў не мянелі... а быў жа міжнародны трыбунал, жыдоўская выведка нарэшце... Напрыклад гадоў 5 таму, зь вялікім шумам арыштавалі дзеда, які ў маладосьці быў паліцыянтам і ўдзельнічаў у забойствах. Той хаваўся пад іншым прозьвішчам у Англіі.
Belaruthenian Nazi:
30 сьнежня 2008
''выдатная логіка: публічная крытыка = легітымізацыя (гм). '' мабыць крыху даў маху: пераблытаў сп. Рудкоўскага з Oxford Historical Society ці НАН)) Забіраю свае крэдыты і паспрабую больш так не жартаваць... ''Зыгнараваныя маргіналы слабейшыя, чым незыгнараваныя? адкуль такая ўпэўненасць?'' Гэта, канешне, не ўніверсальнае правіла - аднак у 99% маргіналам патрэбнае паблісіті, таму яны так любяць розныя правакацыйныя акцыі, прыцягваючыя ўвагу СМІ а затым і грамады, што чытае тыя СМІ, кшталту закідвання яйкамі ці палівання фарбамі апанентаў тымі ж НБПшнікамі, маханне голымі жаночымі грудзямі з напісанымі на іх якімі-небудзь лозунгамі з арсеналу абаронцаў жывёл і г.д. Запісванне такой стракатай і разнастайнай групы грамадзянаў у нацысты, як тое зрабіў ГЛ - на маю думку з той жа оперы. Калі ў дзеяннях маргіналаў ёсць склад злачынства - то трэба проста разбірацца з імі праз адпаведныя праваахоўчыя ворганы, калі няма - то дыскусіі паважаных людзей надаюць такім выказванням рэспектабельнасці: бач ты, газеты пішуць, гісторыкі ды філосафы спрачаюцца - і гэта ўжо не жж-лунацік, а аутар арыгінальнай, аднак спрэчнай тэорыі. У цэлым жа, што тычыцца адлупу ГЛ - то чытаю ўжо не першы твор з серыі ''Адраджэнцы пішут ответ Горлівому Літвіну'', аднак, здаецца, галоўнае так і засталося па-за ўвагай: нацызм - даволі канкрэтная з'ява, індустрыялізаваная спроба знішчэння цэлых нацыяў не мела аналагаў ні да, ні апасля Другой сусветнай вайны. І пакуль тыя, каго ГЛ запісаў у 'нацы', не пачнуць паводзіць сябе як нямецкія нацысты, а г.зн. начэпліваць на ўсіх небеларусаў жоўтыя зоркі, спальваць жыўцом людзей у крэматорыях ці заганяць мільёны ў газавыя камеры - да той пары гэтыя абвінавачванні будуць нічым іншым, як звыш-эмацыйнымі агіткамі не зусім здаровага на галаву чалавека.
Рычард:
30 сьнежня 2008
Дзякуй спадару Пятру за такі добры артыкул! Нарэшце нехта разумна і спакойна апісаў гэты тып хваробы. Бо ад Ганарлівага_Літвіна цярпелі сумленныя людзі ўжо які месяц і проста ігнаравалі яго хворыя крыкі... Але ён ніяк не супакойваецца, бесіцца ўсё:(
Стральцоў-Карвацкі:
31 сьнежня 2008
Да брата Рудкоўскага: просьба больш асьцярожна карыстацца тэрмінам "тэорэтык літвінскага руху". Пасьлядоўная крытыка погляда "Горлівага Літвіна" з пункту гледжаньня літоўскага консэрватызму тут: http://lm-wkl.livejournal.com/
рудкоўскі:
3 студзеня 2009
Бел-наці: Так, не блытайце мяне больш з Оксфорд Сосаеты. І сябе таксама ні з кім і не з чым не блытайце! і не бойцеся публісіты. "Белы - звычайны маніпулятар фактамі ды папуліст. Але яго "ідэі" месцяцца на нейкай глебе..." - гэта выказванне аднаго чалавека на форуме НН. Я згодны з ім. Тут справа не толькі ў Белым. Праблема трошкі шырэйшая. Пану Стральцову-Карвацкаму: Прымаю просьбу. Але: да з'яўлення майго артыкула ніхто з літвінаў публічна не дыстанцаваўся да Гарлівага. Таму на момант пісання артыкула не было ніякіх проціпаказванняў, каб ужыць зварот "ідэолаг ліцвінства".
Stralcou-Karwacki:
5 студзеня 2009
dziakuj, zmieszczana na lm_wkl.livejournal.com
Аляксей Дзермант:
6 студзеня 2009
Але: да з'яўлення майго артыкула ніхто з літвінаў публічна не дыстанцаваўся да Гарлівага. Уважаючы сябе за літвіна і сваю дзенасць у якасці з адной з праяваў "літоўшчыны" на Беларусі ад Белага дыстанцыяваўся даўна. І мой ЖЖ-допіс, перадрукаваны НН яшчэ раз мусіў гэта засведчыць.
rudk:
6 студзеня 2009
Соры, не ведаў, што Вы ўважаеце сябе за літвіна. Я думаў, што Вы - балт ))
Вiктар:
6 студзеня 2009
"тэорэтык літвінскага руху" - гэта Пётра Рудкоўскі магчыма выкарыстоўвае неадэкватныя паводзіны Белага супраць літвінства, літвінскі рух на тое і рух што мае шмат накірункаў і спадар Белы мае на сваю думку права, хаця абсалютная большасць літвінаў з ім не згодная катэгарычна. Як Вам - Азаронак гэта тэарэтык беларускага руху?
Аляксей Дзермант:
7 студзеня 2009
Хіба адно адному пярэчыць? :))
Дэрвіш:
8 студзеня 2009
Ойча Р., Дзякуй--добры тэкст. Артыкул патрэбны, слушны. Адна заўвага--зашмат эмоцыяў (і ці сапраўды беларусы-адраджэнцы ёсуць асобнай нац.групай?). Больш засяроду на выкрыцьці факталёгіі, мэтадалёгіі (бо абедзьве--гнілушкі) апанэнта стала-б яшчэ большым вынікам артыкулу.
rudkouski:
9 студзеня 2009
Дзякую з заўвагу. Пішучы палеміку з Белым, я заходзіў з таго, што маю дачыненне з прапагандыцкім дыскурсам, за якім няма аніякай метадалогіі, адно толькі набор сафізмаў і інвектываў. Аналізаваць "метадалогію" ці "фактаграфію" Белага - гэта, па-мойму, тое самае, што даследаваць сабачую буду як помнік архітэктуры )
VadziA:
15 студзеня 2009
Каб, прыкладам, разбурыці міт пра "нацыста" С. Станкевіча, дастаткова прыгадаці ўспаміны Шукелойца, дзе апошні прыгадвае факт ўведамленьня бурмістрам Станкевічам барысыўскіх жыдоў пра мажлівыя дзеяньні немцаў у дачыненьні да насельнікаў ґето.
Нацыяналіст:
23 студзеня 2009
Пра забойства Сьв.Сёстраў-назаратанак у Наваградку "Беларускія калабаранты, такія як Рагуля, Якуцэвіч і Рамановіч, былі абсалютна ў зьдзіўленьні й жаху ад цынізму гэтага злачынства". Польскі ксёндз, які тады жыў у Наваградку, а. Аляксандр Зенкевіч. Aleksander Zienkiewicz. No Greater Love (Rome,1968). Цытуецца паводле Piotrowski T. Poland's Holocaust. etnic Strife, Collaboration with Occupying Forces and Genocide in the Second Republic, 1918-1947. -London, 2007 -P. 152.
Ihar Baranouski:
7 сакавiка 2009
Калі Белы займаецца навукай - вельмі цікавыя думкі і тэксты атрымліваецца. А як яго пацягне на публіцыстыку - бляваць хочацца. Толькі зараз, праз некалькі месяцаў, мне дайшло, каго ж ён мне нагадвае! На Палесьсі мы гэта ўжо праходзілі значна раней, у першай палове 1990-ых, калі разьвіваўся мясцовы з большага здаровы патрыячны рух, якія трымаўся дэмакратычных поглядаў. Аж покуль у ліара руху Міколы Шыляговіча (Шаляговіча) не зьявілася, як і ў А.Белага, важдзісцкія замашкі і ідэя-фікс - стварэньне Етвызі і етвызскага руху / Літвы і ліцьвінскага руху. А быў таленавіты філолаг, знаўца мясцовых палескіх гаворак... Не, панясло!.. Паказальна, чым закончыў Шыляговіч - дзівацкімі культуралагічнымі ідэямі і ярымі антыбеларускімі і антыдэмакратычнымі выпадамі з абвінавачваньнямі ў агрэсіўным нацыяналізьме бел. адр. руху, падобнымі да тых, якімі займаецца цяпер пан Белы. Зразумела, нармальныя патрыёты Палесься вымушаны былі адмежавацца ад гэтага апантанага чалавека. Дагэтуль мала хто сумняецца, што да той справы не прыклалі руку гэбісты. Можа, проста падлавілі на чым таго Шыляговіча і прыпёрлі да сьценкі. Тым больш, пасьля 1994 г. ён так тыхэнько-тыхэнько кудысь зьнік у бізнэс. І з канцамі. От і ўсё што ад ГКА "Полісься" засталося. Частка пайшла да украінцаў (1/4 - 1/3), хтосьці - у нікуды, а большасьць далучылася да структураў БНФ на Берасьцейшчыне. Усё выглядае падобна цяпер і з панам Белым. Мо атрымаў пэўнае заданейка і адпрацоўвае, падчэплены на гачок "таварышаў", а наіўная моладзь ліцьвінскімі ідэямі захапляецца. Хацеў бы памыліцца (няхай сам тады сваімі СПРАВАМІ мяне абвергне), але здаецца мне Шыляговіч і Белы - карты з адной калоды...
Украінец:
24 сакавiка 2009
Віктар, цудоўная дасціпная аналогія пра тэарэтыка азаронка, дзякую) === Шаноўнае спадарства, я - а) атэіст; б) украінец (па крыві і нараджэнні). Разам з тым, жывучы ў "Беларусі", я сябе лічу літвінам.