Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
М. Несцярэўскі. "Ластоўскі Вацлаў". Кераміка
Вільня ці Менск? Трагічны выбар Вацлава Ластоўскага
8 лістапада спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Вацлава Ластоўскага. За апошнія 20 гадоў у друку з’явілася шмат публікацый, у якіх разглядаліся самыя разнастайныя аспекты жыцця і дзейнасці гэтага дзеяча. Тым не менш, асобныя моманты ягонай біяграфіі яшчэ ўтрымліваюць пэўныя белыя плямы, якія патрабуюць высвятлення.
Сярод такіх не да канца высветленых да сённяшняга дня пытанняў застаецца справа пераезду Ластоўскага ў красавіку 1927 г. з Коўна ў Менск. Як пасля аказалася, менавіта гэтае рашэнне зрабіла вырашальны ўплыў на тое, што фінал жыццёвага шляху гэтага дзеяча стаў, як і ў многіх іншых беларускіх дзеячоў ягонага пакалення, трагічным.
Праблеме выезду былога прэм’ера ўрада БНР у БССР прысвяціў асобны раздзел з характэрнай назвай “Трагічная памылка” ў сваёй працы “Неадменны сакратар Адраджэння” вядомы беларускі даследчык Язэп Янушкевіч [1]. Таксама асобны артыкул на гэтую тэму пад назвай "Раней цi пазней мы ўсе павiнны быць у Мiнску...", асновай для якога сталі перадусім дакументальныя матэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, у свой час надрукаваў Расціслаў Платонаў [2].
І Янушкевіч, і Платонаў у сваіх публікацыях значную ўвагу надалі апісанню агульных палітычных умоваў, у якіх адбываўся выезд Ластоўскага з Коўна і пераезд у Менск: апагей палітыкі беларусізацыі ў БССР на фоне ў цэлым неспрыяльных варункаў для развіцця беларускай справы ў Польшчы, Латвіі і нават у калісьці адносна прыязнай як да беларускага руху ў цэлым, так і да Вацлава Ластоўскага асабіста Літве. Р. Платонаў упершыню ўвёў у навуковы ўжытак шматлікія архіўныя матэрыялы, якія сведчаць пра тое, што рашэнне аб пераездзе было прынята Ластоўскім не спантанна і не зусім самастойна – улады БССР праводзілі мэтанакіраваную працу, каб яго да гэтага схіліць. У абодвух вышэй згаданых публікацыях, аднак, фактычна за кадрам засталося тое, што варыянт пераезду ў той час з Коўна ў Менск быў для Ластоўскага не адзіным: у якасці альтэрнатывы пэўны час ім разглядалася магчымасць пераезду з Коўна на тэрыторыю Польшчы, у Вільню.
Такое сцверджанне на першы погляд выглядае проста неверагодным, калі ўлічыць тое, што польская дзяржава ў той час зусім не выглядала для беларусаў “зямлёй абяцанай”. Якраз наадварот, сярод тамтэйшых беларускіх дзеячоў прыкметна пашыраліся прасавецкія настроі, што найбольш яскрава ўвасобілася ў разгортванні шырокай дзейнасці створанай пры непасрэдным удзеле камуністаў масавай радыкальнай партыі – Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Акрамя таго, і асоба самога Ластоўскага выклікала ў польскім грамадстве не зусім пазітыўныя асацыяцыі: многія з арганізаваных беларусамі антыпольскіх акцый на рубяжы 1910 – пачатку 1920-х гг. ажыццяўляліся ад імя ўрада, які ўзначальваўся гэтым дзеячам.
У свой час Ластоўскі стаў прэм’ерам урада БНР у выніку расколу 13 снежня 1919 г. адзінай перад гэтым Рады БНР на прапольскую Найвышэйшую Раду і антыпольскую Народную Раду. Узначаліўшы ўрад, сфармаваны Народнай Радай, ён ніколі не хаваў сваіх антыпольскіх поглядаў і ў сваёй дзейнасці нават пасля складання з сябе прэм’ерскіх паўнамоцтваў у 1923 г. абапіраўся перш за ўсё на непрымірымага палітычнага праціўніка Польшчы – Літву. У той жа час да камуністычных уладаў, якія замацаваліся ва ўсходняй частцы Беларусі, Ластоўскі таксама не меў асаблівага даверу і доўгі час ставіўся да большасці праводзімых імі мерапрыемстваў крытычна, пра што сведчаць публікацыі ў выдаваным ім з 1923 г. часопісе “Крывіч”. У гэтых публікацыях рэгулярна і часцяком вельмі рэзка крытыкаваліся самыя розныя моманты жыцця беларусаў пад Саветамі – адсутнасць у БССР вялікага прагрэсу ў беларусізацыі дзяржаўных устаноў і войска, русіфікацыя беларускай мовы, непаслядоўнасць і няпоўнасць т. зв. “узбуйнення” тэрыторыі Беларусі і г. д. Савецкая ж прэса абвінавачвалася Ластоўскім у пастаянным прыхарошванні наяўнай сітуацыі [3].
У кастрычніку 1925 г. у Берліне адбывалася Беларуская нацыянальна-палітычная канферэнцыя, большасць дэлегатаў якой прынялі рашэнне аб здачы ўрадам БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам сваіх мандатаў на карысць урада БССР. Ластоўскі, які асабіста на канферэнцыі не прысутнічаў, быў катэгарычным праціўнікам такога кроку. У матэрыяле, змешчаным у выйшаўшым неўзабаве пасля падзеі чарговым нумары “Крывіча”, сцвярджалася сярод іншага, што “групка з дзесятай рукі нахлебнікаў маскоўскага ўраду ўчыніла чародную злачынную брахню” [4]. У адмыслова прынятай рэзалюцыі ўзначальванай Ластоўскім Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызвалення Беларусі (Крывіі) сярод іншага сцвярджалася:
Так званая “арыентацыя на Менск” пры цяперашнім цэнтралізьме Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, гэта ёсьць служэньне маскоўскай вялікадзяржаўнасьці і падпіраньне чужога панаваньня на крыўскіх (беларускіх) землях, якія карыстаюцца толькі правамі агранічана земскага самаўраду [5] .
Выразна антысавецкія настроі, уласцівыя Ластоўскаму ў той перыяд, падкрэсліваў у сваёй “Аўтабіяграфіі” і Браніслаў Тарашкевіч, які бачыўся з Ластоўскім у 1925 г. у Гданьску:
У размове са мною ён не хаваў свайго варожага стаўленьня да Совецкай улады, якраз з матываў нацыянальнага характару. Да зьліквідаваньня бээнэраўскага ўраду ставіўся як да нацыянальнай здрады [6] .
Непрыхільнае стаўленне Ластоўскага да камуністычных менскіх уладаў было ўзаемнае. Так, у Тэзісах даклада ЦК КП(б)Б аб беларускім руху за кардонам ад 16 кастрычніка 1925 г. пры характарыстыцы беларускіх аб’яднанняў за межамі СССР група Вацлава Ластоўскага была акрэсленая як “нам явно враждебная” [7]. Не змянілася стаўленне да Ластоўскага і ягоных паплечнікаў і праз некалькі месяцаў, бо пастановай камісіі па замежных справах пры ЦК КП(б)Б “Аб становішчы за кардонам” ад 1 лютага 1926 г. “групе і камітэту Галавінскага” (якія знаходзіліся пад поўным уплывам савецкіх органаў бяспекі) рэкамендавалася “не ісці на зліццё з групай і камітэтам Ластоўскага” [8].
Да сярэдзіны 1926 г. увогуле не заўважалася ніякіх праяваў таго, што Ластоўскі збіраецца пакідаць Коўна і выязджаць куды б то ні было. Так, у чарговым нумары часопіса “Крывіч”, які выйшаў якраз у той час, хтосьці пад псеўданімам “Антон Рэутт” (найверагодней, што сам рэдактар часопіса), пісаў:
Цяпер ігрык, які “ор’ентуецца” на Менск (бо Комінтэрн добра плаціць!) лае ікса за працу ў польскай дэфэнзыве і ор’ентацію на Варшаву. Рожніца-ж паміж першым і другім толькі ў тым, што першы прадае сваю бацькаўшчыну на ўсход, другі на захад, але абодвы здраднікі і прадаўцы волі свайго народу, таргоўцы людзкімі душамі і братняй крывёй. Гэтага прамаўчываць нельга, трэба назваць гэта ўласным імем [9].
Наўрад ці чалавек мог такое напісаць (ці нават проста надрукаваць у часопісе, ім рэдагаваным), маючы цвёрды намер самому ў хуткім часе далучыцца да “здраднікаў і прадаўцаў волі свайго народу”.
Але ўжо вельмі хутка бескампрамісная пазіцыя Ластоўскага змякчылася, і што канкрэтна змусіла яго да гэтага – сказаць з поўнай упэўненасцю пакуль што цяжка. Праўда, магчымасці для правядзення эфектыўнай беларускай дзейнасці на тэрыторыі Літвы пры спрыянні мясцовага ўрада да 1926 г. звузіліся да мінімуму, і Ластоўскі гэта добра разумеў, аднак жа такая сітуацыя працягвалася ўжо даволі працяглы час, і пераканацца ў малаперспектыўнасці свайго далейшага знаходжання ў Коўне ён мог куды раней. Даволі сказаць, што яшчэ 4 лютага 1925 г. у лісце да супрацоўніка Міністэрства замежных спраў Літвы, куратара беларусаў Ігнаса Іонінаса Ластоўскі адзначыў: “Учарашняя наша з Вамі размова мяне толькі ўзмацніла ў сваім пераконаньні, так гавораць толькі з людзьмі непатрэбнымі” [10]. За паўтара наступныя гады сітуацыя калі і змянілася, то толькі ў горшы бок.
Лета 1926 г. – пачатак актыўных дзеянняў менскіх камуністычных уладаў, скіраваных на схіленне былога прэм’ера беларускага эміграцыйнага ўрада да выезду ў Менск. Пакуль цяжка сказаць, што паслужыла гэтаму непасрэднай прычынай і калі ды кім у Менску было ўпершыню паднята пытанне аб неабходнасці пераезду Вацлава Ластоўскага ў БССР. Першым на сёння выяўленым фактам падобнага кшталту з’яўляецца пратакол паседжання замежнай камiсii ЦК КП(б)Б ад 30 жнiўня 1926 г., на якім было вырашана запрасіць Ластоўскага на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і гэтым самым празандаваць ягоныя сапраўдныя настроі і схільнасць да менскай арыентацыі [11]. З пратакольнага запісу не складаецца, аднак, уражання, што пытанне аб Ластоўскім у гэты дзень разглядалася на паседжанні дадзенага партыйнага органа ўпершыню.
Актывізацыя савецкіх уладаў мусіла мець нейкае тлумачэнне. Не выключана, што да Саветаў проста дайшлі чуткі пра тое, што ў прыцягненні на свой бок Ластоўскага зацікаўлена новае кіраўніцтва Польшчы, якое прыйшло да ўлады ў выніку перавароту, здзейсненага Юзафам Пілсудскім у траўні 1926 г. Савецкія камуністы адчулі ў гэтым для сябе небяспеку і таму адразу ж прынялі захады на тое, каб Ластоўскага ад магчымых кантактаў з палякамі засцерагчы. Трэба прызнаць, што выкананне гэтай задачы з самага пачатку мела прынамсі частковы поспех. Так, паўнамоцны прадстаўнік СССР у Літве А. Александроўскі, якому на вышэйзгаданым паседжанні ад 30 жніўня 1926 г. было даручана правядзенне перамоваў з Ластоўскім, 14 верасня 1926 г. пісаў да паўнамоцнага прадстаўнiка НКЗС СССР пры ўрадзе БССР С. Казюры:
Ластовский пишет сейчас по уговору со мной брошюру, резко направленную против заигрывания Пилсудского с национальными меньшинствами, против его новой меньшинственной политики и против Польши вообще. Брошюра будет издана за его подписью. Я хочу сделать так, чтобы Ластовский этой брошюрой самым решительным образом отрезал себе все пути в Польшу (падкрэсліванне маё - А. П.) и он явно идет на это [12].
Сама фраза пра тое, што Ластоўскі мусіў “отрезать себе все пути в Польшу”, ды яшчэ і “самым решительным образом” пацвярджае прыпушчэнне, што ў той час шлях у Польшчу для яго рэальна існаваў і Саветы ідэалагічна апрацоўвалі беларускага дзеяча не ў сітуацыі бесканкурэнтнасці. Дарэчы, праанансаваная Александроўскім брашура, якая нібыта актыўна Ластоўскім рыхтавалася, у друку так у рэшце рэшт і не з’явілася, што можа сведчыць сярод іншага і пра тое, што імкненне Ластоўскага да адразання сабе ўсіх шляхоў не было такім ужо відавочным, як падавалася савецкаму дыпламату.
Пэўным пацверджаннем таго, што для Ластоўскага ў 1926 г. выезд з Літвы ў БССР не быў адзіным магчымым варыянтам паводзінаў, можна лічыць таксама і інфармацыю, якую выклаў Усевалад Ігнатоўскі ў сваім сакрэтным дакладзе аб выніках акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, пададзеным у Бюро ЦК КП(б)Б 17 снежня 1926 г. Старшыня Інбелкульту адзначаў у ім тое, што згаданая канферэнцыя была склікана ў паскораныя тэрміны, а выклікана гэта было атрыманай інфармацыяй, што
за границей идет подготовка к созыву Всебелорусского съезда, который должен провести враждебную акцию по отношению к Советской Белоруссии и к Союзу ССР и что в этом направлении получили соответствующее предложение Ластовский и агент германского генштаба некто Зуземиль [13]. Последний о полученном предложении сообщил в письменной форме нашему кенигсбергскому консулу [14].
У рэшце рэшт, звяртае на сябе ўвагу і храналагічнае супадзенне перыяду, у які перад Ластоўскім паўстала пытанне аб ягонай далейшай палітычнай арыентацыі, з пачаткам ажыццяўлення сваёй місіі на тэрыторыі Польшчы аднаго з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў Язэпа Мамонькі. Гэтая місія ў айчыннай гістарыяграфіі чамусьці да гэтай пары застаецца фактычна неасветленай, хоць і доўжылася яна амаль 2 гады, з 1926 да 1928 г. Паводле звестак польскіх спецслужбаў, дзейнасць Мамонькі была спробай рэалізацыі рашэнняў, прынятых на спецыяльнай канферэнцыі, скліканай Радай Беларускай Народнай Рэспублікі 24–27 лютага 1926 г. у вольным горадзе Гданьску дзеля практычнага супрацьстаяння папярэднім рашэнням Берлінскай канферэнцыі. Сярод іншага ў гэтым накірунку прадугледжвалася “для каардынацыі беларускіх нацыянальных сілаў як у краі, так і за мяжой, стварыць (або аднавіць) дзейнасць Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў” [15]. Адным з непасрэдных выканаўцаў гэтай і іншых задачаў на тэрыторыі Польшчы якраз і быў Мамонька, які прыехаў у Польшчу з Коўна 30 траўня 1926 г., праз 3 тыдні пасля травеньскага дзяржаўнага перавароту. Вядома, гэта не магло адбыцца без папярэдняй згоды польскіх уладаў, асабліва ўлічваючы тое, што неграмадзянін Польшчы Мамонька, які перад гэтым неаднаразова “засвяціўся” ў тым ліку і ў антыпольскай дзейнасці, знаходзіўся ў Вільні і займаўся рэалізацыяй палітычных праектаў цалкам легальна. Летам–восенню 1926 г. гэты палітык правёў асабістыя сустрэчы са шматлікімі беларускімі дзеячамі розных палітычных арыентацый – Фабіянам Ярэмічам, Васілём Рагулем, Радаславам Астроўскім, Макарам Косцевічам, Міхалам Гурыным, Ігнатам Дварчанінам, Яўгенам Міткевічам і інш., якіх імкнуўся схіліць да супрацоўніцтва ў справе стварэння новай палітычнай структуры [16].
Паводле звестак польскіх спецслужбаў, Мамонька з Вільні падтрымліваў з Ластоўскім пастаянныя адносіны, перасылаючы яму праз пасярэдніцтва віленскіх літоўскіх дзеячоў розную інфармацыю [17]. Больш таго, на сустрэчы беларускіх дзеячоў у Вільні, якая адбывалася 10 верасня 1926 г. на кватэры Мамонькі і на якой абмяркоўваліся практычныя пытанні стварэння новай партыі, Ластоўскі разглядаўся як адзін з яе будучых дзеячоў. Так, яго разам з пражскімі беларусамі Тамашам Грыбам і Пятром Крачэўскім планавалася запрасіць да супрацоўніцтва ў справе выдання партыйнай газеты [18].
Вельмі цікавым у разгляданым кантэксце з’яўляецца сведчанне беларускага паланафільскага дзеяча Яўгена Міткевіча (які з’яўляўся канфідэнтам ІІ аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага), што ствараная ім разам з Мамонькам новая беларуская сацыялістычная партыя “патрапіць зліквідаваць Сялянска-работніцкую грамаду, трэба толькі знайсці беларускага дзеяча, хоць бы нават каго-небудзь з маладых, які стаў бы на чале гэтай партыі і быў бы адказным чалавекам, з якім лічыліся б сацыялісты ўсяго свету”. Далей ён паведамляў, што “беларускі дзеяч, які жыве ў Коўне, Вацлаў Ластоўскі, гатовы памяняць сваю цяперашнюю арыентацыю на Літву і на пэўных умовах прыехаць у Польшчу для распачацця палітычнай працы як сябра Беларускай сацыялістычнай партыі”. Паводле Міткевіча, з Ластоўскім акурат у гэты час вяліся ў дадзенай справе перамовы [19].
Рапарт канфідэнта ІІ аддзела Генеральнага штаба, вядома, не самая надзейная і верагодная крыніца. У нас ёсць дастаткова шмат сведчанняў таго, што платныя агенты польскай дэфензівы з меркантыльна-матэрыяльных ці з нейкіх іншых меркаванняў часта ўводзілі сваіх гаспадароў у зман і прадавалі ім непраўдзівую інфармацыю [20]. Таму і да сведчання Міткевіча пра магчымасць шырокага заангажавання Вацлава Ластоўскага ў справу стварэння беларускай лаяльнай адносна Польшчы і апазіцыйнай у дачыненні да Саветаў палітычнай партыі ў Польшчы можна і трэба ставіцца крытычна. Аднак жа, ацэньваючы патэнцыйны ўзровень верагоднасці такога сведчання, трэба абавязкова ўлічваць тое, што першы час пасля травеньскага перавароту 1926 г. у Польшчы, здзейсненага Юзафам Пілсудскім, сур’ёзна разглядалася магчымасць змякчэння нацыянальнай палітыкі польскага ўрада. Некаторыя палітыкі з блізкага атачэння Пілсудскага, такія як Тадэвуш Галуўка, Леан Васілеўскі і Казімеж Младзяноўскі, распрацавалі нават канкрэтныя праекты, асноўным зместам якіх была замена ранейшай палітыкі нацыянальнай асіміляцыі на палітыку асіміляцыі дзяржаўнай, на іх думку, больш карыснай для дзяржавы і не такой балючай для меншасцяў [21]. Стварэнне ўплывовай беларускай прапольскай палітычнай партыі даволі гарманічна ўпісвалася ў межы гэтых канцэпцыяў.
Дадаткова пра тое, што планы стварэння ўплывовай беларускай паланафільскай партыі адначасова з ліквідацыяй “антыдзяржаўнай” БСРГ у польскіх уладных асяродках у 1926 г. сапраўды існавалі і да ўдзелу ў ёй сур’ёзна планавалася прыцягнуць былых “ворагаў польскай дзяржаўнасці”, у тым ліку з-за межаў Польшчы, сведчыць тое, што высокапастаўлены супрацоўнік ІІ адзела Генеральнага штаба Генрык Сухэнэк-Сухоцкі 16 лістапада 1926 г. пісаў у сваім рапарце па выніках наведвання Вільні наступнае:
У сувязі з маім знаходжаннем у Вільні я размаўляў з беларускімі дзеячамі, якія знаходзяцца ў Вільні нелегальна. З размоў я атрымаў уражанне, што гэтая група – цалкам дэзарыентаваная і маральна прыбітая, а матэрыяльна знаходзіцца ў вялікай галечы. Такі настрой існуе таксама сярод ковенскіх беларусаў, г. зн. “ластоўшчыкаў”, якія маюць досыць канспірацыі і хацелі б нарэшце спакойна асесці на сталым месцы. Я перакананы, што гэтыя людзі пасля пэўных з імі размоваў і пасля пэўных пададзеных імі дэкларацый маглі б стаць на чале беларускага руху, цалкам лаяльнага адносна польскай дзяржаўнасці. Гэты момант яшчэ больш важны дзеля таго, што з моманту ліквідацыі Грамады трэба выступіць з нейкай новай беларускай арганізацыяй, якая магла б апанаваць наяўныя „гурткі”. Калі ж гэтымі „гурткамі” не зоймецца нейкая новая беларуская арганізацыя, то „гурткі” пяройдуць пад кіраўніцтва Незалежнай сялянскай партыі (польская радыкальная партыя, якая дзейнічала ўзгоднена з камуністамі, аналаг БСРГ на этнаграфічна польскіх землях – А. П.), якая ўвесь час узгадняе сваю кампанію з Грамадой і перапыняе дзейнасць на тых тэрыторыях, на якіх пачынае дзейнічаць беларуская Грамада. Я мяркую, што заснаванне партыі, якая абапіралася б на польскую дзяржаўнасць, з’яўляецца неабходнасцю, і што пэўных санацыйных сродкаў на беларускіх “крэсах”, як у адміністрацыйнай, так і ў гаспадарчай сферы, не хопіць для супакаення разагітаванага беларускага насельніцтва. Скіраванне гэтых элементаў да дзяржаўна-творчай працы – жыццёвая неабходнасць [22].
Ластоўскі якраз у той час, калі пісаліся гэтыя радкі, знаходзіўся ў Менску на акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Паездку гэту ён разглядаў выключна як азнаямленчую, заставацца ў Менску назусім не збіраўся і таму, баючыся нейкіх нечаканых дзеянняў з боку савецкіх уладаў, адмыслова дабіўся ад іх адначасовага прастаўлення яму візы як на ўезд, так і на выезд. Пры гэтым, як ён сам сведчыў праз некалькі гадоў у сваіх паказаннях следчым НКВД, непасрэдна перад ад’ездам, ужо ў Рызе, адбылася ягоная сустрэча з беларускім паслом польскага сейма, старшынёй Беларускага пасольскага клуба (сябры якога займалі крытычную ў адносінах да СССР пазіцыю) Фабіянам Ярэмічам. Паводле Ластоўскага, Ярэміч
прыехаў спецыяльна дзеля таго, каб угаварыць мяне ехаць у Польшчу. Ён прыводзіў шэраг аргументаў адмоўных: казаў, што матэрыяльна я буду адчуваць сябе добра ў БССР, але не будзе нічога мне там рабіць, што Інбелкульт – установа падобная вайсковай камісіі, якую ўтрымліваюць (так у арыгінале, відавочна мелася на ўвазе «ўтрымлівалі». — А. П.) палякі ў Менску толькі дзеля таго, каб нічога не рабілі, што маладнякоўцы — банда п’яніцаў і да т. п. [23].
Да аргументаў Ярэміча, якому, дарэчы, незадоўга перад гэтым, у студзені 1926 г., таксама давялося пабываць у БССР у складзе польскай парламенцкай дэлегацыі, Ластоўскі гэтым разам не прыслухаўся, на канферэнцыю з’ездзіў і без перашкодаў вярнуўся з яе назад у Коўна. Прынята лічыць, што канчатковае рашэнне выехаць на сталае жыхарства ў Менск Ластоўскі прыняў адразу ж пасля гэтага, аднак некаторыя факты як наўпрост, так і ўскосна сведчаць, што і пасля паездкі ў БССР у яго заставаліся пэўныя сумневы, куды падацца, і пераезд у Вільню ў якасці альтэрнатывы Менску па-ранейшаму не выключаўся.
Так, пра далейшую наяўнасць кантакту з Ластоўскім і пра ягоны будучы магчымы ўдзел у мерапрыемствах сваёй партыі (прынамсі ў выдавецкай справе) Язэп Мамонька і Міхал Гурын гаварылі пры сустрэчы з вядомым польскім сацыялістычным дзеячам, паплечнікам Пілсудскага Леанам Васілеўскім, які ў пачатку 1927 г. рабіў паездку па «ўсходніх крэсах» для азнаямлення з сітуацыяй, якая на іх склалася. Паводле запісанай апошнім 6 студзеня са словаў беларускіх палітыкаў інфармацыі, Ластоўскі на дадзены момант «вагаецца» [24]. Было гэта, як можна заўважыць, ужо больш чым праз месяц пасля таго, як Ластоўскі вярнуўся з Менску ў Коўна.
Пра далейшую неакрэсленасць пазіцыі Ластоўскага ёсць сведчанні і з іншага боку. Так, намеснік паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Заходнім краі І. Апанскі 28 снежня 1926 г., дакладваючы старшыні АДПУ Вячаславу Мянжынскаму пра сітуацыю, якая склалася да таго часу ў «белорусских делах», сярод іншага адзначаў:
Другой активной силой в Литве является Ластовский, который в рядах белорусской интеллигенции пользуется авторитетом и с ним считаются. До самого последнего времени ориентация Ластовского была неопределенна, и его старались перетащить на свою сторону различные политические группировки. После Минской Академической конференции возможно со стороны Ластовского некоторый поворот в сторону Минска, однако в искренности этого поворота мы сильно сомневаемся и пока от оценки воздерживаемся [25].
Падобна на тое, што канчатковае рашэнне аб пераездзе менавіта ў БССР Ластоўскі прыняў толькі ў канцы студзеня 1927 г. 25 студзеня ён выступіў з заявай у французскую Лігу абароны правоў і грамадзяніна, пратэстуючы супраць арыштаў лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, праведзеных польскімі ўладамі. Заява была вытрыманая ў такім тоне, што ёй Ластоўскі фактычна здзейсніў тое, чаго яшчэ ў верасні папярэдняга года дабіваўся ад яго савецкі дыпламат — «самым решительным образом отрезал себе все пути в Польшу». Ён сцвярджаў, напрыклад, што «на Заходне-Беларускіх (крывічанскіх) землях, заваяваных Польшчай у 1917—1921 гг., адбываецца жорсткая расправа польскіх заваёўнікаў над паняволенай беларускай народнасцю» і што «Польшча сваімі гвалтамі на беларускіх землях папіхае беларусаў да новых метадаў у справе абароны сваіх правоў» [26]. У самім факце выступлення Ластоўскага з такой заявай нічога дзіўнага няма — мусіў жа неяк адрэагаваць нацыянальны дзеяч такога маштабу на відавочны гвалт польскіх уладаў супраць беларускага руху. Звяртае, аднак, на сябе ўвагу дата заявы — толькі 25 студзеня 1927 г., у той час як арышты лідэраў Грамады — сеймавых паслоў былі здзейсненыя яшчэ 15 студзеня [27]. Не выключана, што менавіта гэтыя дзесяць дзён пайшлі ў Ластоўскага на тое, каб апошні раз узважыць усе «за» і «супраць» і зрабіць канчатковы выбар на карысць БССР. Ва ўсялякім выпадку, пачынаючы з закрытага пасяджэння бюро ЦК КП(б)Б ад 31 студзеня 1927 г. справа пераходу Ластоўскага на савецкую платформу разглядалася ўжо як вырашаная і абмяркоўваліся толькі тэхнічныя моманты, звязаныя з тэрмінамі прыезду і са зместам дэкларацыі, якую былы старшыня ўрада БНР мусіў пры гэтым падпісаць і апублікаваць [28]. На папярэдніх паседжаннях, у лістападзе і снежні 1926 г., прыезд Ластоўскага толькі «прызнаваўся выгадным», а канчатковае рашэнне адно даручалася распрацаваць [29].
У выбары Ластоўскага нічога дзіўнага няма, улічваючы ўмовы тагачаснага палітычнага жыцця. Вяртанне яго ў Польшчу і заангажаванне ў дзейнасць лаяльных да польскай дзяржавы беларускіх арганізацый (а без выканання гэтай умовы прыезд яму наўрад ці быў бы польскімі ўладамі дазволены) пасля таго, як Польшча нанесла магутны ўдар па найбольш масавай і папулярнай беларускай партыі, немінуча прывялі б да абвінавачання гэтага дзеяча ў нацыянальнай здрадзе і прадажніцтве з боку самой жа беларускай грамадскасці, як гэта пасля адбывалося з такімі вядомымі дзеячамі, як Ян Станкевіч, Радаслаў Астроўскі ці Антон Луцкевіч. Адначасова тое, што пад польскай уладай пасля ліквідацыі Грамады адкрыюцца магчымасці для правядзення хоць бы нават зусім апалітычнай культурна-асветніцкай і навуковай беларускай дзейнасці, было далёка не бясспрэчным — досвед ранейшага супрацоўніцтва беларусаў з палякамі даваў падставы ставіцца да гэтага скептычна. Адносна ж Менску хоць бы магчымасць плённа працаваць там у той час на ніве беларушчыны пры наяўнасці асабістага на гэта жадання для Ластоўскага сумневу не выклікала — ён у гэтым пераканаўся падчас паездкі на акадэмічную канферэнцыю і нават апісаў свае збольшага пазітыўныя ўражанні ў падарожных нататках [30]. На тое ж, што ўжо праз два-тры гады ў СССР пачне раскручвацца махавік крывавага ўсёахопнага тэрору, у якім захлынецца такі шматабяцальны працэс развіцця, пашырэння і ўзмацнення беларускага нацыянальнага жыцця, яшчэ нішто асабліва не паказвала. Ва ўсялякім выпадку, хацелася верыць у лепшае, і толькі дзеля таго, відаць, Ластоўскі вырашыў не зважаць нават на такі трывожны факт, што напрыканцы 1926 г. у Менску быў арыштаваны Францішак Аляхновіч, вядомы беларускі дзеяч, з якім ён быў добра знаёмы асабіста і які вярнуўся ў БССР з Польшчы даслоўна за некалькі дзён да свайго арышту. Да ўсяго гэтага можна дадаць таксама, што ў Коўне ноччу з 16 на 17 снежня 1926 г. адбыўся вайсковы пераварот, у выніку якога да ўлады ў Літве прыйшлі палітыкі-нацыяналісты, якія не мелі намераў аказваць беларусам нават тую абмежаваную падтрымку, якая была перад гэтым. Выезд з Літвы ў такіх умовах рабіўся для Ластоўскага дзеяннем ужо не толькі пажаданым, але нават і вымушаным.
Перад прыездам у Менск Ластоўскі прадставіў савецкім уладам праект сваёй публічнай дэкларацыі, які ён, нягледзячы на патрабаванне падпісаць гатовы, загадзя падрыхтаваны іншымі людзьмі тэкст, напісаў уласнаручна і які так і не быў тады апублікаваны. У гэтым тэксце былі сярод іншага такія словы:
Прэтэнзii Польшчы стацца канкурэнтным чыньнiкам Менску ў зьбiраньнi беларускiх зямель ад Заходу не маюць пад сабой нiякага грунту. Апошнiя масавыя арышты Грамады i ўся папярэдняя iмпэрыялiстычная палiтыка Польшчы даводзяць, што Польшча, акром палiтычнай i экономiчнай няволi, нясе з сабой беларусам феодальна-памешчыцкае ярмо. Сьмешна ў даным здарэньнi процiстаўляць беларускаму Менску адвечна варожую беларусам Варшаву [31].
Сам факт таго, што Ластоўскі ў сваю публічную заяву палічыў патрэбным уставіць пратэст супраць «процістаўлення» Менску Варшавы і супраць прэтэнзіяў апошняй на «збіранне беларускіх земляў», яскрава сьведчыць пра тое, што спробы такога «процістаўлення» і «збірання» з боку Варшавы ў той час існавалі, хоць публічна і не агалошваліся. Факты ж, прыведзеныя ў гэтым артыкуле, сведчаць пра тое, што асоба Ластоўскага ў пэўны час стала своеасаблівым полем суперніцтва паміж Менскам і Варшавай, перамога ў якім у выніку аказалася на баку Менску. Думаецца, што нам вядомыя пакуль далёка не ўсе падрабязнасці гэтай барацьбы, і гісторыкаў яшчэ чакаюць у архівах цікавыя знаходкі.
_________________________________________
1. Гл.: Янушкевіч Я. За архіўным парогам: Беларуская літаратура ХІХ—ХХ стст. у святле архіўных пошукаў. Мінск, 2002. С. 233—238.
2. Платонаў Р.П. «Раней цi пазней мы ўсе павiнны быць у Мiнску...» (Вяртанне ў Беларусь вучонага i палiтыка Вацлава Ластоўскага) // Платонаў Р. П. Лёсы: Гiсторыка-дакументальныя нарысы аб людзях i малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусi 20—30-х гадоў. Мінск, 1998. С. 41—57.
3. Гл., напрыклад, наступныя матэрыялы: Ротмістр К-скі. Аб націяналізаціі чырвоных войск // Крывіч. 1924. № 2 (8). С. 92—96; Ю. В. Пляновая асыміляція // Крывіч. 1924. № 2 (8). С. 96—97; Агляд прэсы. «Савецкая Беларусь» // Крывіч. 1924. № 1 (7). С. 107—108; Кнігопісь. Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту у Менску // Крывіч. 1924. № 1 (7). С. 115.
4. С. М-скі. З апошніх падзей эмігранцкага жыцьця // Крывіч. 1925. № 10 (2). С. 111.
5. Тамсама. С. 112.
6. Аўтабіяграфія Браніслава Адамавіча Тарашкевіча, члена КПП (КПЗБ) з 1925 году / Прадмова А. Валахановіча, У. Міхнюка; Стылізаваны пераклад Ю. Бушлякова, В. Караткевіч // Спадчына. 1996. № 5. С. 138.
7. Знешняя палітыка Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 2 (1923—1927 гг.) / Склад. У. М. Міхнюк, У. К. Ракашэвіч, Я. С. Фалей, А. В. Шарапа. Менск, 1999. С. 186.
8. Тамсама. С. 203.
9. Антон Рэутт. Пара ачышчаць атмасфэру // Крывіч. 1926. № 1 (11). С. 104.
10. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. T. 1. Кн. 2. Вільня—Mенск—Нью-Йорк—Прага, 1998. С. 1569.
11. Знешняя палітыка Беларусі... С. 226.
12. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НА РБ). Ф. 242-п, воп. 1, спр. 32, арк. 4.
13. Пра Эдмунда Зуземіля і яго дачыненні з Вацлавам Ластоўскім гл.: Пашкевіч А., Чарнякевіч А. «Стары нямецкі агент» ці «Бацька радзіміцкага народу»? // ARCHE. 2005. № 4. С. 147—165.
14. Беларусізацыя. 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы / У. К. Коршук, Р. П. Платонаў, І. Ф. Раманоўскі, Я. С. Фалей; Пад агульнай рэд. Р. П. Платонава і У. К. Коршука. Мінск, 2001. C. 102—103.
15. Кароткі нарыс беларускага пытаньня / Пераклад, падрыхтоўка да друку і камэнтары А. Пашкевіча, А. Вашкевіча, А. Чарнякевіча // ARCHE. 2007. № 11. С. 409.
16. Тамсама. С. 412.
17. Centralne Archiwum Wojskowe (CAW) w Rembertowie. Oddziaі II Sztabu Generalnego. Sygn. I.303.4.2541.
18. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3, воп. 1, спр. 195, арк. 74—75.
19. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛіМ). Ф. 3, воп. 1, спр. 195, арк. 85—86.
20. Пашкевіч А. В., Чарнякевіч А. М. Атаман Дзяргач: невядомыя старонкі біяграфіі, ці да гісторыі палітычнага авантурызму ў беларускім нацыянальным руху // Берасцейскі хранограф. 2004. Вып. 4. С. 314—334.
21. Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. Санкт-Пецярбург, 2003. С. 99—100.
22. Archiwum Akt Nowych (AAN) w Warszawie. Instytucje wojskowe 1918—1939. Sygn. 296/II-18. K. 45—46.
23. Показания В. Ю. Ластовского 31-го июля 1930 года // Маладосць. 1993. № 8. С. 214. Праўда, з кантэксту паказанняў не зусім зразумела, калі адбылася згаданая размова з Ярэмічам. Ластоўскі напісаў, што яна мела месца «перед самым отъездом», але не ўдакладніў, перад ад’ездам куды — толькі на акадэмічную канферэнцыю ці ўвогуле на сталае жыхарства ў Менск. Увогуле пра факт гэтай сустрэчы згадвалася пры асвятленні Ластоўскім праблемы выезду на сталае жыхарства, але характар аргументацыі Ярэміча схіляе да думкі, што яна разлічвалася на чалавека, які не меў асабістага сутыкнення з беларускімі савецкімі рэаліямі, і значыць, размова ўсё ж мусіла адбывацца (калі яна сапраўды была) перад першай паездкай Ластоўскага.
24. AAN. Akta Leona Wasilewskiego. Sygn. 77. S. 42, 45.
25. Дакладная запіска І. Апанскага // Скарыніч. Вып. 5. Мінск, 2002. С. 155.
26. Цытуецца паводле: Янушкевіч Я. Назв. твор. С. 228.
27. Пратэстная рэзалюцыя Аб’яднанага сабрання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве, падпісаная ў тым ліку і Вацлавам Ластоўскім, таксама была ўхваленая на дзіва позна — 24 студзеня 1927 г. Яе тэкст надрукаваны: Крывіч. 1927. № 12 (ліпень 1926 — сакавік 1927). С. 101—102.
28. Платонаў Р. П. «Раней цi пазней мы ўсе павiнны быць у Мiнску...» С. 44—47.
29. Платонаў Р. П. «Раней ц i пазней мы ўсе павiнны быць у Мiнску...» С. 43—44.
30. Гл.: Власт (Вацлаў Ластоўскі). Уражанні ад паездкі ў Беларускую Радавую Сацыялістычную Рэспубліку // Маладосць. 1991. № 1. С. 89—107.
31. Платонаў Р. П. «Раней ц i пазней мы ўсе павiнны быць у Мiнску...» С. 51.
______________________________________
Аляксандр Пашкевіч — гісторык, сталы аўтар "ARCHE".
9 студзеня 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
"Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша"
Увага! Шукаем акцёраў!
Абвяшчаецца конкурс на лепшы эскіз дошкі ў гонар Ларысы Геніюш
Усе абвесткі



Камэнтары(0)