Друкаваць Камэнтары (0) RSS

Лiтаратура




zakon.kz

zakon.kz

Апошні дым

Ян Пэлц

Асцярожна выцягнуў адарваны ад пушкі чыркач, дзве сярнічкі і ЦЫГАРЭТУ! Запальнічку я ўжо даўно не насіў. Гэта было занадта небяспечна, і чальцы Лігі супраць курцоў звярталі на яе ўвагу ў першую чаргу.

Я паглядзеў у акно смяцярні і памахаў кіроўцу. Потым вярнуўся да рубільніка і пераставіў запэцканы рычажок у пазіцыю «адчынена». Цяпер у мяне будзе трохі часу. Я падумаў пра ГЭТА, і страўнік скруціла дзікая сутарга. Я сцяў кулакі, ажно пазногці ўеліся ў мае далоні, і скурчыўся на стале. Апошняя, апошняя, паўтараў я сабе да бясконцасці, але гучала гэта не надта пераканаўча. Толькі палову, намаўляў я сабе.

 

— Я ў прыбіральню! — крыкнуў я ў суседняе памяшканне і выйшаў. Пры­ступкі ў склеп я пераскокваў праз дзве. Рыфленая бляха дрынчэла ў такт: «Толькі палову, толькі палову...» Я адчыніў дзверы і насцярожана агледзеўся. У вялізных сутарэннях было спакойна. Дзеля пэўнасці я хвіліну счакаў, а потым падняў цяжкі чыгунны люк найбліжэйшай каналізацыйнай шахты, адсунуў яго ўбок, залез усярэдзіну і зацягнуў над сабой. Яшчэ крыху пачакаў, паагледзеўся, выцягнуў з кішэні маленькі сцізорык і распароў шляк штаноў.

 

Асцярожна выцягнуў адарваны ад пушкі чыркач, дзве сярнічкі і ЦЫГАРЭТУ! Запальнічку я ўжо даўно не насіў. Гэта было занадта небяспечна, і чальцы Лігі супраць курцоў звярталі на яе ўвагу ў першую чаргу. Я асцярожна размяў цыгарэту, падушачкай пальца ўвагнаў назад тытунь, які вылез вонкі, і прыпаліў. Дым з першай зацяжкі я трымаў у лёгкіх столькі, што ледзь не задыхнуўся. Я літаральна адчуваў, як нікатын пранікае ў кроў. Гэта было п’янкое адчуванне. Я крыху пачакаў, а потым зноў пацягнуў. У мяне закруцілася галава. Я сеў на зямлю і ў цемры распазнаў колькі вялікіх пацукоў, якія прыйшлі на мяне паглядзець. Да людзей яны былі звыклыя. Наколькі я ведаў, на прадпрыемстве нас было пяцёра курцоў. Мы з павагай ставіліся адно да аднаго, але не кантактавалі. Чальцы Лігі рэгістравалі імёны работнікаў, якія між сабой сябравалі, і, выявіўшы аднаго курца, лёгка выкрывалі астатніх з ягонага атачэння. Наступная глыбокая зацяжка працяла мне лёгкія. Нейкі час мне здавалася, быццам мая галава пайшла ў скокі. Гэтыя адчуванні пачаткоўца мяне цвялілі, але нічога нельга было зрабіць. Яшчэ ў першай фазе змагання з курэннем я мог дазволіць сабе і дваццаць цыгарэт на дзень. Гэта быў час, калі слоўны панос істэрычных некурцоў здаваўся нам смешным. Яны спынялі нас на ходніках і тлумачылі, на якія страшныя хваробы мы памром. Шалёныя змагаркі махалі ў нас перад носам здымкамі пракураных лёгкіх. У адной я спытаў, як жа тады паміраюць тыя, хто не паліць, калі ўсе хваробы маюць толькі курцы. Яна накінулася на мяне і хацела выдрапаць мне вочы. У адным з апошніх бараў у Празе, дзе можна было курыць, мы выдумалі тэорыю аб тым, што некурцоў пасля васьмідзесяці вывозяць некуды на Карыб­скія астравы, дзе яны шчасліва жывуць наступныя сотні гадоў.

 

Мы смяяліся з іх і не здагадваліся пра іх сілу. А ў парламенце між тым пад­лічылі, што палова дзяржбюджэту выдаткоўваецца на курцоў. Потым прыйшла другая хваля...

 

Недзе нада мной ляснулі дзверы. Я сцяўся. Бо вельмі рызыкаваў. Калі б мяне застукалі, я б страціў працу і быў бы адпраўлены на прымусовае лячэнне. Гэта быў бы канец. Лечанага курца ўжо ніхто на працу не ўзяў бы. І ён наклікаў бы на сваё прадпрыемства серыю бясконцых праверак. Пачуліся крокі. Асцярожныя і ціхія. Я зразумеў, што набліжаецца яшчэ адзін курэц.

 

Люк каналізацыйнай шахты адсунуўся, і ў адтуліну надзіва ўвішна прасунуўся наш бухгалтар.

 

— Не палохайцеся!

 

Ён уздрыгнуў, але, убачыўшы цыгарэту ў маёй руцэ, усміхнуўся.

 

— Добры дзень, сёння павінна быць спакойна. У лігістаў курсы павышэння кваліфікацыі.

 

Ён прысеў побач са мной і распароў край пінжака. Выцягнуў цыгарэту без фільтра і прыпаліў ад мяне. Я яму зайздросціў. Цыгарэты без фільтра былі са­праўдным дэфіцытам, яны надзвычай цаніліся. Бо былі мацнейшыя і на цэлы фільтр даўжэйшыя. Мара кожнага курца!

 

— Мо і на продаж маеце? — спытаў я.

 

— Не. Усё чым далей, тым горш, майго пастаўшчыка нядаўна арыштавалі! Паслалі ў Яхімаў.

 

— Гэта жахліва! — здрыгануўся я. Уранавыя шахты ў Яхімаве зноў адчынілі пасля таго, як турмы запоўніліся перакупшчыкамі цыгарэт. Урадавыя эксперты надумалі, што свежае яхімаўскае паветра пойдзе курцам на карысць, а шахтавы пыл нашмат менш небяспечны, чым цыгарэтны дым. Той, хто туды патрапіў, мусіў працаваць дванаццаць гадзінаў на дзень і меў права на 300 грамаў хлеба. Але і гэта змагарам з Лігі здавалася вялікім шыкам, і яны патрабавалі больш суровых умоваў.

 

— У мяне таксама заканчваюцца, — сказаў бухгалтар і зрабіў магутную зацяжку.

 

У гэты момант я заўважыў, што выкурыў больш за палову. Я няшчасна гля­дзеў на тое, як тлеў мой тытунь, і ведаў, што ўжо не ў сілах буду загасіць цыгарэту.

 

— Апошняя? — спытаў бухгалтар.

 

— Так. Пасля нядаўніх аблаваў у мяне не засталося ніводнага знаёмага пастаўшчыка.

 

— Гэта дрэнна. Я пакіну вам недапалак. А калі трохі недакурыце і сваю, то потым зможаце скруціць яшчэ адну тонкую.

 

— Нават не ведаю, як вам аддзячыць.

 

Гэта мяне кранула. Сярод курцоў прапанова пакінуць бычка была нечым нечуваным.

 

— Можа, аднойчы і вы мне дапаможаце.

 

Я зрабіў апошнюю зацяжку і ашчадна загасіў цыгарэту. Не заставалася нічога іншага, як чакаць і глядзець, які ж недапалак мне дастанецца.

 

— Я чуў, — працягваў бухгалтар, — што калі на Вугальным рынку купіць дзве з чвэрткай кілі морквы — але трэба прасіць менавіта так, — то да гэтага можна атрымаць яшчэ і пачак за тысячу.

 

Тысяча было многа, але ў маёй сітуацыі не даводзілася выбіраць.

 

— Не ведаеце, як цалкам гучыць пароль?

 

— То ж бо то, што не ведаю, хіба тое, што гэта мае быць нейкая сталая жанчына, якая прадае толькі моркву і цыбулю.

 

— Абавязкова туды зайду... — я з прагай паглядзеў на руку бухгалтара. Ягоная цыгарэта была яшчэ вялікая, столькі ён мне дакладна не дасць, але яшчэ адну-дзве зацяжкі...

 

Ён заўважыў мой погляд.

 

— Даруйце, але надта многа я вам не пакіну, у мяне сапраўды мала.

 

— Вядома, я буду ўдзячны за любое.

 

Я перастаў вытрэшчвацца яму на рукі і пачаў збірацца назад. Пачысціў зубчык часныку і з’еў. Было агідна, але эфект гарантаваны. Потым я наслініў пальцы і доўга іх цёр. Я быў дасведчаны курэц. Нарэшце бухгалтар загасіў цыгарэту і падаў мне недапалак. Нічога такі, разам з маім напэўна выйдзе яшчэ на цэлую, хоць і лядашчую, цыгарэту…

 

ЦАЛКАМ АПАВЯДАННЕ НАДРУКАВАНАЕ Ў №6 "ARCHE" ЗА 2009 ГОД

 

Пераклаў з чэшскай  Сяргей Сматрычэнка

 

 


 

 

Ян Пэлц (Jan Pelc, нар. у 1957) — чэскі андэграўндавы пісьменьнік, у 1980—1989 гг. жыў у Францыі. Вядомасьць яму прынёс раман «...а будзе горш» («...a bude hщш», 1985), выдадзены ў Нямеччыне, паводле якога ў 2006 г. быў зьняты аднайменны фільм. Апавяданьне «Апошні дым» са зборніка «...a poslednн kouш» (2006) друкуецца з ласкавай згоды аўтара.




12 сакавiка 2010




Камэнтары(0)


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код