Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
Іранскія будні сяржанта Ермалінскага
Сярод ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць на Случчыне, ёсць тыя, хто не ўдзельнічаў непасрэдна ў баявых дзеяньнях, а па волі абставін нёс службу за мяжой. Замежжа гэтае - Іран, дзе ў 1943 годзе прайшла знакамітая тэгеранская канферэнцыя з удзелам лідэраў «вялікай тройкі» Сталіна, Рузвельта і Чэрчыля. Наш суразмоўца - Мікалай Сямёнавіч Ярмалінскі, жыхар вёскі Шаловічы. Ён распавёў пра свае пяць гадоў службы ў Іране ў якасці салдата батальёна сувязі. Мікалаю Сямёнавічу зараз ідзе дзевяносты год, але ён выдатна памятае падзеі, якія разгарнуліся тады ў гэтай азіяцкай краіне.
Шлях у салдаты
Мае дзяцінства і юнацтва прайшлі ў вёсцы Невязцы Слуцкага раёна. Лёс сям'і складваўся, як і лёсы тысяч сялянскіх сем'яў таго часу. Жылі небагата. Калі пачалася калектывізацыя, бацька падаў заяву ў калгас, але пад ціскам сваякоў забраў яго назад. Вылілася гэта для яго паказальным судом у вёсцы Леніна і прысудам - дзесяць гадоў лагераў. Адбываў пакаранне на будоўлі Беламора-Балтыйскага канала. Страціўшы карміцеля, сям'я і нагаладалася, і напакутавалася.
Я змог скончыць толькі 6 класаў. У 1940 годзе, калі мне споўнілася 19 гадоў, заклікалі ў войска. Да гэтага часу ўжо ішоў працэс перагляду справы бацькі - даў вынік зварот да «ўсесаюзнага старасты» Міхаіла Іванавіча Калініна.
Паход у Персію
Да месца службы везлі на цягніку некалькі дзён у паўднёвым напрамку. У выніку апынуліся ў сталіцы Туркменіі Ашхабадзе, дзе мяне і яшчэ некалькіх случчакоў прызначылі ў вучэбны батальён сувязі. Асвоіў паспяхова ўсе яе віды.
Потым перавялі ў Ташкент, дзе вучыўся на тэлеграфіста. Пра пачатак вайны даведаўся падчас салдацкіх спаборніцтваў па плаванні. Праз некаторы час абвясцілі, што едзем на вучэнні. Ужо на мяжы з Іранам выдалі зброю і баявы рыштунак.
Палітрукі патлумачылі, што савецкае камандаванне прыняло рашэнне ўвайсці ў гэтую краіну, каб прадухіліць яе магчымы саюз з Германіяй. Праз памежную раку паклалі пантоны. Мы пайшлі следам за танкамі. Дзіўна, але ніякага супраціву нашыя часткі не сустрэлі. Калі ўвайшлі ў горад Гергент - ён аказаўся ўвогуле пусты, ні аднаго чалавека. Пераначавалі ў казарме, а ранкам з'явіўся стары-аксакал. Яму праз перакладчыка патлумачылі, што ніякай небяспекі савецкія войскі для мірных жыхароў не прадстаўляюць. І жыхары вярнуліся ў горад з бліжэйшага лесу на суседняй гары.
Адносіны паміж намі і імі ўсталяваліся добрыя, нават сяброўскія. Не памятаю, каб узнікалі якія-небудзь канфлікты.
Тэгеранскай будні
Служба зводзілася да перадачы шыфровак ў Маскву, якія прывозіліся з розных савецкіх устаноў, размешчаных у Тэгеране. Што ў гэтых шыфроўках было - мы не ведалі. Аб важнасці іх можна было толькі здагадвацца па «шапках» на машынапісных лістах: тав. Молотову, тав. Мікаяну і іншым высокапастаўленым адрасатам з не менш вядомымі прозьвішчамі. Пазней наш батальён сувязі перавялі ў Тэгеран. Размясціліся ў казарме прама на аэрадроме.
Перад Тэгеранскай канферэнцыяй з Саюза прывезлі вялікую колькасць ахоўнікаў. Рэжым ўсталяваўся жорсткі. З службовых памяшканняў і казармы выходзілі толькі пад наглядам. Нават вокны загадалі заляпіць газетамі. Але мы назіралі праз шчыліны за прылётам дэлегацый. Праўда, убачыць каго-небудзь было немагчыма: да месца сустрэчы гасцей - каля кіламетра.
Падчас канферэнцыі плынь шыфровак павялічылася ў некалькі разоў. Працавалі вельмі напружана. А тут яшчэ землятрус здарыўся, прыйшлося перабрацца ў палаткі, хоць казармы засталіся цэлымі.
Сярод памятных падзей - прыезд у Тереган ў 1943 годзе шаха Мухамеда Рэзы Пехлеві. Нас паставілі ў ачапленне, каб засцерагчы яго ад лікуючага натоўпу. Кіраўнік Ірана прайшоў ад мяне ў некалькіх метрах.
Пра саслужбоўцаў
Салдацкае жыццё ў Іране было несалодкае. Пастаянная гарачыня, ды і ежа нязвыклаяая. Кармілі рысам, фасоляй, чачавіцай, часам з мясам, у дадатак 400 грамаў хлеба ў дзень. Я да гэтага часу рыс не люблю, абрыднуў ён за час службы. Калі стаялі ў Гергенце, у горад выходзілі пастаянна, куплялі розныя фрукты, размаўлялі з мясцовымі жыхарамі. А вось у Тэгеране пабываць давялося ўсяго некалькі разоў. У цэлым горад прыгожы, з яркім усходнім каларытам. Падзеі на франтах адсочвалі ў асноўным па радыё. Перажывалі з землякамі аб тым, што адбывалася ў Беларусі.
Дарэчы, са мной службу неслі каля паўтара дзесятка чалавек са Случчыны, з тых жа Невязцаў, з Падлесся, Сяраг, Казловічаў, Слуцку. Усе мы трымаліся дружна. Яшчэ некалькі гадоў таму сустракаў таварышаў па службе. Зараз не ведаю, ці жывыя яны. Пасля разгрому фашыстаў нам усім ўручылі медаль "За перамогу над Германіяй". Гэта мая адзіная ўзнагарода ваенных гадоў.
Дарога дадому
Праслужыў я ў Іране ў якасці сяржанта сувязі да красавіка 1946 года. Праз Каспій нас пераправілі ў Махачкалу. Пасля дэмабілізацыі на цягніках дабраўся да вёскі Сераднякі. Дадому прыйшоў пешшу. Бацька і маці аказаліся жывыя. Адзін брат загінуў на фронце, другі вярнуўся паранены, дадому. Адпачываць не прыйшлося. Ужо на наступны дзень махаў касой на калгасных лугах. Праз два тыдні прапанавалі працу сакратара ў сельсавеце. Прапрацаваў у гэтай якасці 15 гадоў. Потым пайшоў працаваць на чыгунку, а праз 26 гадоў выйшаў на пенсію.
Разам з жонкай вырасцілі трох дзяцей. Пасля смерці жонкі жыву з дачкой. Лёс падарыў мне доўгае жыццё. Сёння цікаўлюся кнігамі, люблю вершы. Толькі вось чамусці яны ўсё пра вайну, хоць я на ёй быццам бы і не быў.
16 сакавiка 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)