Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
mahilou.org
Магілёўскае "брацтва прасалаў"
Беларуская мова, у якой быў складзены «парадак» (статут) прасальскага магілёўскага брацтва, падкрэсьлівае адмежаванасьць прасальскага аб’яднаньня ад аб’яднаньня буйнога купецтва, якое мела свой «парадак», пісаны ў польскай, а не ў беларускай мове.
У сучаснай беларускай мове слова ці назва «прасал» не ўжываецца. Зьнікла яно зь лексыкону жывой мовы вельмі нядаўна, а ўжывалася для вызначэньня дробнага гандляра, які вазіў усю сваю краму на возе і гандляваў па вёсках і мястэчках.
Між тым, у расейскай мове словам «прасол» раней вызначаўся прадавец солі, а ў цяперашнім ужываньні — нешта іншае: гуртовы прадавец быдла, мяса, прасоленай рыбы і г. д.
Параўнаньне гэтага зьместу назвы «прасал» у беларускай і расейскай мове прыводзіць да выніку, што розьніца ў гэтых паняцьцях досыць грунтоўная; у далейшым мы будзем мець дачыненьне толькі да «прасалаў» у беларускім сэнсе.
Трэба заўважыць, што з назвай «прасалы» ў сэнсе дробных купцоў-гандляроў, якія езьдзяць і гандлююць па таржкох і мястэчках, мы сустракаемся выразна ў пачатку XVII ст.
У дакумэнце ад 1617 г. мы знаходзім, напрыклад, тлумачэньне, што перакупшчыкі і прасалы, якія ня маюць звычаю езьдзіць за рубеж, але гандлююць па таржкох каля дому (разумеецца места Магілёў), а ўласна езьдзячы да Галоўчына, Быхава, Смалян, Барысава і да іншых блізкіх мястэчак, не павінны плаціць і даваць ніякага цла (падатку, абкладкі) у скарб [1] .
Вядома, што вызначаная група гандляроў не атрымала чаго-небудзь новага ў гэтым 1617 г. Трэба параўнаць з толькі што памянёным актам ліст Жыгімонта III ад 18 лістапада 1604 г., якім звольнена ад падаткаў на магілёўскага старасту ўсё паспольства магілёўскіх мяшчан, калі яны «с куплями своими, также з быдлом, з скурами и ремесники з розными товары для пожывеня своего з мест и местечок околичных, то ест з Кричева, зо Мстиславя, з Оршы, з Речицы и иншых мест шляхетских ездят [2] .
У першай актавай вытрымцы прасалы стаяць побач зь перакупшчыкамі (1617), у апошняй наагул разглядаецца гандлёвае мяшчанства і рамесьнікі (1604). Адсюль магчыма зрабіць вывад, што на працягу 1604—1617 гг. магілёўскае мяшчанскае паспольства, якое займалася гандлем і рамяством, пачало, пад уплывам тагачаснае экономікі, неяк гуртавацца, і ў палове 1617 г. мы бачым дзьве катэгорыі дробных гандляроў: а) прасалы і б) перакупшчыкі.
Ад 12 чэрвеня 1636 г. захаваўся ўжо «парадак купецкага брацтва». Парадак гэты быў створаны гандлярамі магілёўскімі добраахвотна і ў памянёны дзень запісаны ў актавыя кнігі Магілёўскага магістрат [3] .
Гэты «парадак» ці, інакш кажучы, «статут» складаецца з 26 артыкулаў, якія патрабуюць дасьледчай распрацоўкі, што мы ня маем магчымасьці зрабіць у сучасны момант. Але ўсё ж з названага «парадку» мы павінны спыніцца на адным артыкуле (чарг. III). Ён мае такі загаловак: «Хто разумеецца купец, хто прасол, хто рамесьнік». Чытаем у ім наступнае:
«Купцом» лічыцца той, хто з рознымі таварамі, замежнымі ці зробленымі ў Кароне, альбо ў Вялікім Княстве Літоўскім і набытымі ў розных мясцох, тут у дзяржаве караля ягомасьці, езьдзіць на розныя ярмаркі, да розных мест, а таксама і ў замежныя дзяржавы. І адтуль, набыўшы, прывозіць, а з гэтых тавараў плаціць мыта на мытніцах у Кароне і ў Вялікім Княстве Літоўскім і адбывае ўсялякія павіннасьці, якія ўскладзены на купцоў Скарбам Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
«Прасол» — той, хто замежнымі таварамі не гандлюе, а таксама з таварамі, набытымі тут у Вялікім Княстве Літоўскім ці ў Кароне, — ня езьдзіць дзеля гандлю ў замежныя дзяржавы, але, набыўшы тут у сваім месьце тавары, зь імі для продажы разьяжджае наўкола места Магілёва найдальш за дзесяць міль, тут жа ў месьце публічна ў краме, ці прыватна гасьцём не прадае. Прасал не павінен падлягаць падаткам, якія ўскладзены Скарбам Рэчы Паспалітай і местам на купцоў.
«Рамесьнікі» — тыя, хто сваю прадукцыю тут у месьце прадаюць, а па розных ярмарках ня езьдзяць. Але калі б рамесьнік, набыўшы ад іншых рамесьнікаў тавар, хоць і свайго рамяства, пажадаў езьдзіць на ярмаркі па розных местах, то такі мае падлягаць усім павіннасьцям, ускладзеным на купцоў Скарбам Рэчы Паспалітай і ад места, а таксама і гэтаму нашаму «парадку» і паказанай у ім адказнасьці» [4] .
З прыведзенай толькі што вытрымкі зусім зразумела, якое сацыяльнае становішча займалі прасалы ў Магілёве. У лесьвіцы гандляроў — рамесьнікі, перакупшчыкі, прасалы, купцы — яны займалі сярэдзіну. Гэта група гандляроў, зусім залежная ад купцоў, якія з тоўстай машной мелі магчымасьць накладаць на тыя тавары, што прадавалі прасалам, усялякі працэнт і пашыраць збыт тавараў гарадзкой прадукцыі ў вёсцы. Сваёй асобнай арганізацыі прасалы ня маюць. У 1636 г. у іх утвараецца агульны «брацкі парадак», сумесны зь іншым гандлярамі.
Аднак гэты «парадак» быў недаўгавечны. 4 лютага 1654 г. магілёўскія купцы-мяшчане занесьлі ў акты Магілёўскай магдэбургіі новы «парадак» брацтва магілёўскіх купцоў, які імі быў апрацаваны па прыкладзе такога ж «парадку» сталічнага места Вільнi [5]. Зварочвае на сябе ўвагу тое, што ў гэтым «парадку» няма нічога ні аб прасалах, ні аб рамесьніках, ні аб перакупшчыках. «Парадак купецкага брацтва» датычыць усіх, хто гандлюе, купецтвуе і вядзе гандаль. У парадку гэтым ёсьць толькі купцы свае магілёўскія і прыежджыя — госьці.
Гэты парадак дае падставу для думкі: ці не аб’ядналіся цяпер у адну сацыяльную трупу ўсе магілёўскія гандляры, каб, склаўшы моцную капіталістычную арганізацыю, змагацца з тым крызісам, які надышоў у гэты час у народнай гаспадарцы Беларусі.
У Магілёўскім Акруговым Архіве намі знойдзена кніга канца XVII ст., якая носіць назву «Реестр уписаных братий прасолов в месте Могилеве» альбо проста «Реестр прасолскі». У гэтай кніжцы ўсяго восем пісаных аркушоў. Пачата яна ў 1678 г., скончана ў 1700 г.[6]
З пачатку кнігі ідзе пералік асоб, зь якіх у 1678 г. складалася кіраўніцтва арганізацыі магілёўскіх прасалаў. Зараз за гэтым (арк. 1—4) унесены (па прозьвішчы, імя і па бацьку) «упісныя браты прасалы» на 1 студзеня 1678 г., але бяз даты запісу кожнага паасобна ў гэтае брацтва.
Усяго ў рэестар запісана 169 асоб. Нам здаецца, што запісаныя прасалы былі ўжо раней у гэтым брацтве і толькі цяпер перанесены ў новую кнігу з больш старога рэестру.
Затым, у 1678 г. у рэестар запісана: 5/IV — 2 асобы, 6/IV — 5 асоб; 26 ліпеня — 1; 5 верасьня — 1; 5 лістапада — 1; у 1680 г. 1 лютага — 5 асоб; 28 красавіка — 8 асоб; 7 мая — 2 асобы; у 1681 г. 17 красавіка — 12 асоб; у 1693 г. 11/1 — 1 ас.; 20/1 — 9 асоб; 7 мая — 1.
Разам жа будзе 217 асоб; усе мужчыны, жанчын няма аніводнае.
Далей, на 5-м аркушы, запісана, як у 1689 г. уступілі ў кіраўніцтва брацтвам новыя старасты і падстарасты.
Аркуш 6 застаецца белым.
Аркуш 7. Запісы ўнесеных у рэестар у 1693 г.
Аркуш 8. Зьмешчаны пастановы дзьвёх сэсій брацтва прасалаў: 25 ліпеня і 26 жніўня 1694 г.
Арк. 9—37 застаюцца белымі, а на арк. 37 адв. запісана пастанова брацтва ад 12 кастрычніка 1693 г.
Гэтыя фрагмэнты рэестру існаваўшага ў другой палове XVII ст. у Магілёве прасальскага брацтва і выклікаюць на дасьледаваньне гэтай сацыяльнай і грамадзянскай арганізацыі, нягледзячы на вельмі абмежаваны матэрыял. Пакуль што якіх-небудзь іншых актаў аб прасалах мы ня ведаем.
Зробім нарыс аб’яднаньня магілёўскіх прасалаў на падставе памянёнага рэестру па наступным пляне: 1) сябры «брацтва»; 2) парадак і ўмовы запісу; 3) кіраўніцтва ў брацтве; 4) мэты прасальскага аб’яднаньня і 5) матэрыяльныя грашовыя сродкі.
Аб сяброх магілёўскага брацтва прасалаў магчыма сказаць толькі некалькі слоў, і то аб выключна мясцовым яго складзе. Відаць, што ў рэестар запісваліся прасалы з другіх местаў у вельмі малым ліку. Мяркуем па прозьвішчах запісаных братчыкаў: 1) Юрка Васіленкаў зь Менску; 2) Адам Сенкавіч Мянчук; 3) Дзяніс Рыгоравіч Пінчукоў; 4) Мікалай Сьцяпанавіч Палачанін; 5) Іван Галоўчынцаў (з м-ка Галоўчына, Маг. акр.); 6) Сямён Грышковіч Маскалёў; 7) Рыгор Якубавіч Валынец.
У агульнай масе магілёўскія прасалы маюць прозьвішчы, якія ў наш час там існуюць, напрыклад: Андзораў, Баравік, Бурачок, Бацьвінка, Буднікаў, Бутакоў, Варыва, Грыбанок, Дарашэнка, Капцель, Канапліцкі, Калодка, Кадка, Крупенька, Латушка, Лагута, Наліўка, Пастарнак, Пікуля, Сінябрухаў, Смыкоў, Сыкрухін, Труба, Харапончык, Харашаўка, Худля, Шавель, Шышаў і інш. Амаль ніводнага прозьвішча зь пералічаных намі няма такога, якога не было б сярод магілёўскага мяшчанства ў цяперашні час.
Запісы ў брацкі рэестар праводзіліся ўрачыста. Запіс рабіўся на агульным сходзе сяброў. Хто жадаў далучыцца да брацтва, асабіста прасіў «старостов, и всю братию старших, и молодшых, абы приняли за брата прасола» (арк. 3). Сход абмяркоўваў кандыдата і абгаварваў, колькі ўзяць зь яго запісных грошай. Затым, па згодзе і аплаце ўмоўленае сумы, — імя, па бацьку і прозьвішча абранага пісалася ў рэестар самімці другім кім-небудзь.
Падмацуем гэта вытрымкамі з «рэестру». Вось, напр., чытаем: «Року 1680, м-ца априля 28 дня. Погодил нас прасолов пан Андрей Ивановіч Зубов, абы принялі за брата до реестру прасолского за полтретю талера битого. Зараз дал два талери битыхI, а полталерки битого мает отдат о запустах Филиповых в тым же року вышописаном» (арк. 3). «Того-ж дня уписалсе Филип Савелевич Горелкович» (арк. 3). «Просил нас, старостов, і всю братию старших, и молодшых пан Денис Григоревич Пинчуков, абы приняли за брата прасола, што есмо приняли, в реестр свой упісали. Дал до скрынки братарской три талера празких на вечност» (арк. 3). «Принятый за брата прасола пан Иван Федорович Москаленкова за два талеры битых, што ест принятый и уписаный на вечност» (арк. 3). «Упиалсе за брата Михайло Максимович Махлаев на вечност. Дал полталерка битого, а полталерка мает отдат на святаго отца Николая. Подписалсе Леон Матияшевич» (арк. 7). «Андрос Ширман за уписное дал золотых два до далшое воли» (арк. 7). «Року 1693, месяца мая семого дня. Погодил нас, старостов и всю братию прасолов, пан Василей Григоревич Боцов, абы приняли за брата. Дал до скрынки золотых десят. Позволили до часу і брату его Гавриле з ним самым ездит» (арк. 7). «Погоділ за маслевство [7] Петрок Мелешкович Булюмин» (арк. 3).
З выпісаных прыкладаў можна бачыць, што 1) у брацтва прасалаў прымалі сяброў «на вечнасьць» (арк. 3 і 7), «да волі» (арк. 3), «альбо да дальшое волі» (арк. 7) і 2) што прасальскае брацтва мела сваю грашовую скрынку, у якую зьбіраліся запісныя грошы. Адносна апошніх трэба сказаць, што сума іх не была аднолькавай і сталай. Максымум за запіс вызначалі тры талеры, але зь іншых бралі 2Ѕ, 2, 1Ѕ, 1, 1/2 талера [8] ; быў і мінімум — 10 залатых, 6 зал., 3 зал., 2 зал., але гэтая сума сустракаецца ў рэестры за апошнія гады XVII ст., што павінна было мець сувязь з аб’яднаньнем прасалаў.
Апроч грашовае ахвяры, запісныя ў рэестар сябры прымалі на сябе наступны абавязак: «Як грамадзяне яны падлягаюць праву магдэборскаму зь яго магістратам, а як упісныя браты — прасалы згодна, як адзін чалавек, аднастайна, прымаюць і права парадку ім, прасалам, выданага ад караля і ад Магілёўскага магістрату і маюць плаціць усе падаткі, якія належаць да места Магілёва і гэтыя падаткі павялічваць па сваёй зможнасьці» (арк. 5).
На чале брацтва прасалаў стаялі два старасты, два падстарасты, шэсьць паспалітых і два шафары (скарбнікі), абраныя на год брацтвам.
Новы склад брацкага кіраўніцтва прымаў ад сваіх папярэднікаў брацкую скрыню з грашыма, якія там у гатоўцы былі і дакумэнты.
У нашым рэестры мы бачым, што ў 1689 г. былі перададзены адзінаццаць талераў і вельмі цікавы архіў гэтага прасальскага брацтва. Зь ліку дакумэнтаў, якія там знаходзіліся, адзначым: каралеўскія прывілеі, лісты падскарбія Вялікага Княства Літоўскага, дэкрэты па справах між цэхаў, справы выключна прасальскія, рэестры рочныя (у ліку 24), «протокол давный» і, што надзвычайна цікава — «порядок прасолский руский». Прымаючы пад увагу тое, што гэты склад архіву магілёўскага прасальскага брацтва належыць да 1689 г. і што ў гэты год было 24 рочныя рэестры, можна думаць, што магілёўскае прасальскае брацтва пачало сваё існаваньне з 1665 г. (1689 — 24 г.), калі дапусьціць, што кожны год складаўся адзін рэестар. Гэтая гіпотэза падтрымліваецца запісам, зь якога відаць, што ў архіве прасальскага брацтва захавалася грамата з часоў Яна Казіміра (1648—1668). Калі прасалы аддзяліліся ад «купцоў» адначасова, то гэта магло быць з прычыны ваеннага захопу Магілёву Масквой, не paней пачатку 60-х гг. XVII ст. Купцы, як мы бачылі вышэй, свой «парадак» зацьвердзілі ў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1661 г. Адсюль вельмі падобна да праўды, што прасалы маглі атрымаць зацьверджаньне свайго парадку таксама ў гэты час.
Беларуская мова, у якой быў складзены «парадак» (статут) прасальскага магілёўскага брацтва, падкрэсьлівае адмежаванасьць прасальскага аб’яднаньня ад аб’яднаньня буйнога купецтва, якое мела свой «парадак», пісаны ў польскай, а не ў беларускай мове.
Найболей каштоўным з гістарычнага боку зьяўляецца высьвятленьне самой дзейнасьці магілёўскага брацтва прасалаў. На жаль, мы маем толькі пяць кароценькіх пастаноў яго агульных сходаў з 1694 г. Усё ж гэты матэрыял пакідае досыць дакладнае ўражаньне. Да аналізу гэтых фрагмэнтаў мы цяпер і зварочваемся.
1) На сходзе брацтва, 25 ліпеня 1694 г., прасалы абралі паміж сябе пэўных асоб: рочнага падстарасту Харытона Бабкова і паспалітага рочнага Сьцяпана Палоўку, а ім у дапамогу Тараса Патапавіча Куля — шафара, і на гэтую «тройку» ўсклалі абавязак зыскаць запазычанасьць па запісных грошах «за укупное до реестру и скрынки брацкой прасолской». У выпадку, калі б у хуткім часе гэтая экзэкуцыя не была выканана, выбраныя асобы павінны заплаціць штрафу па 10 грошай, а кожны з прасалаў, які задаўжаў у брацкую прасальскую скрынку, павінен будзе заплаціць у два разы больш (арк. 9).
Адсюль мы бачым, што ўстаноўлены сяброўскі падатак у брацкую скрынку сябры не заўсёды плацілі акуратна. Часам прыходзілася высоўваць такую надзвычайную меру, як вызначэньне асобных «троек», якія павінны былі зьбіраць запазычанасьць у брацкую скрынку.
2) На сходзе таго ж 25 ліпеня 1694 г. поп Парфён Калодка выступіў са скаргай на прасала Андрэя Іванавіча, які не плаціў яму доўгу шасьці залатых. Апошні тут жа згадзіўся грошы заплаціць і для выплаты іх быў вызначаны тэрмін тры тыдні (арк. 8 адв.).
Такім чынам, брацтва прасалаў клапацілася аб згодзе сяброў, аб тым, каб уладзіць тыя спрэчкі, якія маглі быць паміж сябрамі брацтва прасалаў на грунце пазыкі грошай і наагул па справах грашовых. Коратка кажучы, брацтва мела свой суд над сябрамі.
3) На сэсіі таго ж 25 ліпеня прасалы вынесьлі пастанову, каб ніхто з прасалаў ня ехаў на кірмаш 15 жніўня да Астраўлян пад страхам віны ў 20 коп грошай на аслушніка, а ў другія мястэчкі ехаць дазволена (арк. 8 адв.).
Сэнс гэтай пастановы ў яе рашучасьці: гандляры згаджаюцца паміж сабою, каб устрымацца ад гандлю ў пэўным месцы. На жаль, больш нічога ня высьветлена па гэтай справе. Прасалы, галоўным чынам, займаліся гандлярствам на кірмашох. Калі ж яны адмаўляюцца ад свайго заробку, то гэта, пэўна, было вынікам нейкага надзвычайнага здарэньня; ці там што-небудзь пагражала жыцьцю і маёмасьці гандляроў, ці гэта зьяўлялася помстай за які-небудзь непрыемны для гандляроў выпадак: гандляры дзеля нейкай прычыны жадалі агульнай згодай сарваць кірмаш.
4) Пад 26 жніўня 1694 г. запісана, што на сходзе перад старастамі і перад усімі сябрамі брацтва нейкі Максім Бярэзенец учыніў пахвалку, што купленыя мескія грунты ён прадасьць пану Буйніцкаму і сам пяройдзе пад панскую юрысдыкцыю, калі панове магістратовыя ня прымуць яго за мешчаніна «и не кажут мне быт братом вашым» (арк. 3 адв.).
Адсюль можна бачыць, што ў прасальскае брацтва запісваліся мяшчане гарадзкой юрысдыкцыі, якія лічыліся пад правам і прысудам магдэборскім. Але ўжо ў 1694 г. Бярэзенец (магчыма, прыежджы зь Бярэзіны грамадзянін) пагражае прасалам тым, што ён вельмі лёгка выйдзе з-пад ураду магістрату: ён зьменіць юрысдыкцыю — прадасьць сваю зямлю Буйніцкаму пану і гэтым чынам атрымае, без апекі брацтва, усе жадаемыя ім правы.
Ці не адчуваецца ў гэтым выпадку трагедыя беларускага места ў канцы XVII ст.? Горад знаходзіўся ў барацьбе з шляхоцтвам і ня меў магчымасьці перамагчы гэту шляхоцкую моц. Здаецца, што ў асобе памянёнага Бярэзінца мы маем выразны водгук гэтае барацьбы.
Ніякое пастановы на гэтую пахвалку прасальскае брацтва не зрабіла. Ды, напэўна, і ня мела чаго зрабіць.
5) На сходцы 12 кастрычніка 1694 г. прымалі ўдзел старшыня, паспалітыя і ўся брацьця прасалы — магілёўскія мяшчане. Разглядалася справа аб забойстве і рабунку аднаго з запісных братоў прасалаў — Цішкі Кормнага. Злачынец быў знойдзены. Былі выкрыты месцы, дзе знаходзіліся зрабаваныя тавары.
Ад сходу быў вызначаны адзін прасал, які павінен быў сумесна з ураднікам ад Магілёўскага магістрату і пры ўдзеле юрыста адабраць і сьпісаць усе знойдзеныя рэчы і рэестар далажыць усёй брацьці.
Усе выдаткі па гэтай справе прыняты «на кошт братерской скрынки прасолскей» і на складанку ад усяе брацьці (арк. 37).
Гэтая пастанова ня толькі акт філянтропіі, а, галоўным чынам, клясавай салідарнасьці. Прасалы выяўляюць у поўным сэнсе свой купецкі пагляд, каб забясьпечыць ад страт тых сяброў, якія былі злучаны з забітым грашовымі інтарэсамі.
Робячы падрахунак вядомых нам матэрыялаў, можна зазначыць:
1. Магілёўскае брацтва прасалаў было дробнакупецка-гандлярскай арганізацыяй.
2. У лік сяброў гэтай арганізацыі можна было ўвайсьці толькі праз абраньне.
3. Брацтва накіроўвала сваю дзейнасьць у бок найбольшай карысьці сяброў сваёй арганізацыі.
4. Сябрамі праводзілася строгая гандлёвая дысцыпліна.
5. Брацтва прасалаў не было нейкім вытворчым цэхам ці працоўным аб’яднаньнем, а капіталістычнай гандлёвай арганізацыяй.
6. Такім чынам, на Беларусі ў другой палове XVII ст. існавалі ня толькі «брацтвы»: а) рэлігійныя і б) цэхавыя — рамесьнікаў, але і в) «брацтвы» гандлярскія — купецкае і прасальскае.
Апошнія дзьве групы, па сацыяльным становішчы мяшчане, якія кіраваліся магдэбурскім правам, — гэта гандляры і рамесьнікі. Рамесьнікі групаваліся ў сваіх паасобных цэхах; гандляры таксама ўтварылі свае асобныя «брацтвы» — цэхі — купецкае і прасальскае. Толькі мяшчане, занятыя выключна земляробствам, ня мелі цэхаў і цураліся гандлю і рамяства.
У XVI—XVII сталецьці як гандляры, так і рамесьнікі пускалі ў ход усялякія сродкі дзеля таго, каб аб’яднацца ў паасобныя зачыненыя арганізацыі — «брацтвы» ці «цэхі». Гэтай арганізацыяй купцы-гандляры і рамесьнікі жадалі з аднаго боку захаваць свае законныя інтарэсы, а з другога паралізаваць тыя страты, што мелі гарадзкія промыслы і гандаль з боку шляхты і манастыроў, якія ўводзілі ў нетры места паразытычныя элемэнты ў форме юрысдычан і прыгонных панскіх і манастырскіх.
Мала гэтага.
Купецтва і рамесьнікі павінны былі весьці барацьбу з тым прыгнечаньнем, якое ім чыніў самы гарадзкі магістрат.
Гэтым і тлумачыцца факт вялізарнага пашырэньня цэхаў — брацтваў, якія, чым дальш уперад ідзе разьвіцьцё народнае гаспадаркі, тым больш і больш дыфэрэнцыюцца.
З актаў мы даведваемся, што ў Вільні ў 1670-х гг. існавала «брацтва віленскіх купцоў саляной забавы» (bractwo solenicze), сябры якога гандлявалі выключна сольлю, селядцамі, алеем і інш. У 1673 г. яны скардзіліся на віленскага бурмістра Івана Агурцэвіча, які гандляваў усімі пералічанымі таварамі, не запісаўшыся ў рэестар «брацьці саляной забавы» і не плаціў у скарб падатку «чопавага і шасовага» [9].
Так, у вялікім месьце, як Вільня, гандляры яшчэ больш дыфэрэнцыяваліся на брацтвах. Там мы знаходзім у тых жа 1670-х гг. асобнае брацтва купцоў саляной забавы.
З другога боку, у асобе бурмістра Агурцэвіча мы бачым яскравы вобраз разбагацеўшага мешчаніна-буржуа, прасякнутага шляхоцкай ідэалёгіяй.
ГЭТЫ АРТЫКУЛ НАДРУКАВАНЫ Ў 7-ЫМ НУМАРЫ "ARCHE" ЗА 2009 ГОД.
Апублікавана ўпершыню: Гістарычна-архэолёгічны зборнік. № 1. Менск: Інбелкульт, 1927. С. 119—129.
1 1617 г. 17 ліпеня пастанова аб гэтым была выдана магілёўскім адміністратарам новага мыта Аляксандрам Каленцкім і зацьверджана 18 жніўня падскарбіем В. Кн. Літ. Ярошам Валовічам. Беларускі архіў, выд. ІБК, т. І, с. 98—99, № 56.
2 Беларускі архіў, т. І, с. 70, № 40.
3 Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губ. Витебской и Могилевской, т. ІХ, Віцебск, с. 235—253.
4 Тамсама. С. 237—238.
5 У гэтым 1564 г. Магілёў быў захоплены Масквой. Калі скончылася залежнасьць ад Масквы, 10 сакавіка 1661 г. з гэтага «парадку» быў зроблены выпіс і 12 чэрвеня 1661 г. быў зацьверджаны ў Варшаве вял. князем Янам ІІІ. Гэты парадак надрукаваны ў «Беларускім архіве», выд. ІБК, т. І. С. 169—173. № 109.
6 Ад часу кніга спарахнела. Але яна мае скураную вокладку і папера ў ёй трымаецца. Бакі папяровых аркушоў спарахнелі і сыплюцца. Атрамант стаў блядым і цяжка чытаецца. Гэты рэестар надрукаваны ў выданьні Інбелкульту «Беларускі архіў», т. І. С. 183—190.
7 Маслак — старшы майстравы, але ня майстар, нядаўна прыняты ў цэх. Н. Горбачевский. Словарь древнего актового языка. Вильна, 1874. С. 312.
8 У 1676 г. 1 талер = 1 р. 35 к. Талер біты — назва рэальнай манэты, у супрацьвагу грашова-лікавай адзінкі «талер».
9 Акты Віл. Арх. Камісіі, т. Х, Вільня, 1879. С. 405—406. Чоп — затычка ў бочцы з гарэлкай, вымаецца тады, калі трэба наліваць з бочкі гарэлку. Збор «чопавае» — акцыз на віно. Шасовы збор — падымны ці падворны падатак.
Зьміцер Даўгяла — гісторык і архівіст, клясык беларускай археаграфіі. Нарадзіўся ў 1868 г. у в. Казьяны Гарадоцкага пав. Віцебскай губ. (цяпер Шумілінскі р-н Віцебскай вобл.) у сям’і праваслаўнага сьвятара. Сам таксама атрымаў духоўную адукацыю (у Віцебску і С.-Пецярбурзе). Ад 1897 г. архіварыюс Віцебскага цэнтральнага архіву старажытных актаў, ад 1903 г. — у Віленскім архіве. Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, удзельнік Усебеларускага кангрэсу 1917 г. У савецкі час працаваў у розных навуковых, архіўных і бібліятэчных установах Беларусі (у тым ліку, ад 1929 г. — дырэктар бібліятэкі Беларускай АН). Займаўся дасьледаваньнем гісторыі гарадоў і нацыянальных мяншыняў Беларусі. Але сапраўдную вядомасьць Даўгялу прынесла ягоархеаграфічная праца — падрыхтоўка ды выданьне зборнікаў дакумэнтаў: «Историко-юридические материалы…» (т. 27—32, Віцебск, 1899—1906), «Акты, издаваемые Виленской комиссией…» (т. 32—37, Вільня, 1907—12), «Беларускі архіў» (т. 1—3, Мн., 1927—30), «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму» (т. 1—2, Мн., 1934—1935), «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, Мн., 1936).
Арыштаваны 10.12.1937 г. Паводле пастановы пазасудовых органаў ад 11.9.1939 г. высланы ў Казахстан на 5 гадоў, дзе і памёр (мяркуецца, у красавіку 1942 г. у кішлаку Пахта-Арал Чымкенцкай вобл.). Рэабілітаваны пасьмяротна ў 1964 г.
10 сакавiка 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)