Друкаваць Камэнтары (2) Пераслаць на э-адрас RSS
Кароткiя рэцэнзii
Ёсьць і такая кніга
Пасьля знаёмства з кнігай Сьвятланы Белай застаецца шмат пытаньняў і вялікі сумніў, што аўтарка насамрэч зьяўляецца спэцыялістам у беларускай эміграцыйнай праблематыцы.
Кніга кліўлэндзкай беларускі Сьвятланы Белай “Да роднага ганку” выйшла ў 2009 г. у менскім выдавецтве Віктара Хурсіка. Выданьне мае падзагаловак “З журналісцкага нататніка пачатку 90-х. Гутаркі зь віленскімі беларусамі Амэрыкі”. Тут прыводзяцца запісаныя аўтаркай гутаркі з Раісай Галяк, Вітаўтам Тумашам, Мікалаем Шчорсам, Антонам Шукелойцем, успаміны Ірэны і Людвікі Будзькаў, а таксама Антона Шукелойця пра Мітрафана Рэпкава-Смаршчка ды ўласнаручна напісаныя ўспаміны Часлава Найдзюка. Частка зь іх друкавалася ў пачатку 1990-х у часапісе “Полацак”.
Выклікаюць здзіўленьне выдрукаваныя ў кнізе ўспаміны Яніны Каханоўскай і яе дачкі Юліі Андрусышынай (бабулі і маці Багдана Данчыка-Андрусышына). Незразумела, якое дачыненьне гэтыя жанчыны маюць да віленскіх беларусаў (абедзьве нарадзіліся і жылі ў Менску), а сама Яніна Каханоўская ў пачатку сваіх успамінаў (с. 80) прызнаецца, што ўпершыню Вільню наведала ўвесну 1944 году, калі прыехала на сьвяткаваньне 25-х угодкаў Беларускай гімназіі. Дый “віленскасьць” Мікалая Шчорса, Антона Шукелойця і Часлава Найдзюка таксама можна паставіць пад сумніў. Вільня для іх была родным горадам толькі падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце. Напрыклад, агульнавядома, што браты Шчорсы – са Стаўпеччыны, што яны ня раз потым падкрэсьлівалі. Старэйшы з братоў нават падпісваўся – Мікола Панямонскі.
Падрабязна разглядаць кожны ўспамін немагчыма ў газэтнай рэцэнзіі. Неабходна толькі ўзгадаць значную колькасьць рэдактарскіх і карэктарскіх хібаў, успаміны часта абрываюцца (як Шукелойця), абцяжараныя лішнімі дэталямі, або па-просту нерэдагаваныя, як, напрыклад, інтэрвію зь Мікалаем Шчорсам.
Здаецца, яго толькі зьнялі з дыктафона і ў гэткім-жа выглядзе зьмешчана ў кнізе з карэктарскімі памылкамі. Прыкладам, герой па некалькі разоў згадвае адно і тое-ж (як летувісы і саветы фундавалі заходнебеларускі рух, што Шчорс з-пад Беластоку ўцякаў ад саветаў на дамскім ровары ў нямецкую акупацыйную зону). Такога кшталту рэчы (паўторы) абцяжарваюць тэкст і мусяць адсочвацца рэдактарам.
Далей на с. 138. “[М.Ш.] … раз я спаткаўся ў яго з гэтым яго прэзыдэнтам-католікам… Як жа яго прозьвішча?” / “Шукелойц?” [С.Б.] / “Не, ён не зьяўляўся прэзыдэнтам, ён быў старшынём грамадзкай арганізацыі БАЗА” [М.Ш.] / “Мусіць Сяжыч?” [С.Б.] / “Сяжыч, так!”. Няправільнае напісаньне (а мо няведаньне?) прозьвішча старшыні (да таго-ж праваслаўнага) Рады БНР (1982—1996) – а ўспаміны запісваліся ў першай палове 1990-х – сее сумненьне ў абазнанасьці Сьвятланы Белай у эміграцыйнай праблематыцы.
Таксама на с. 127 Вацлаў Пануцэвіч названы Пацукевічам, хоць крыху ніжэй падаецца правільнае напісаньне прозьвішча, але сьцьвярджаецца, што дзеяч зьмяніў яго з Пацукевіча (але насамрэч з Папуцэвіча). Да таго-ж “эндэк” (с. 128) гэта ня тэрмін, а скарот назвы сябра Польскай нацыянал-дэмакратычнай партыі. Таксама правільна пісаць інжынэр Мікола Шкялёнак, а не Шкілёнак (с. 126), доктар Баляслаў Грабінскі, а не Драбінскі (с. 138).
А вось і іншыя памылкі. Вітаўт Тумаш за часамі Другой сусьветнай рэдагаваў ў Бэрліне вядомую газэту “Раніцу”, а не “Беларускую газэту”, якая ў сваю чаргу, выдавалася ў Менску (с. 130). Янка Станкевіч не дажыў да 100 год (с. 136), а пражыў 85 (1891–1976). Айцец Васіль Кендыш (с. 187, гэта ўжо успаміны Антона Шукелойця), не выяжджаў у Паўднёвую Амэрыку, а жыў і памёр у штаце Масачусэтс). Іван Касяк кіраваў толькі Беларускім Кангрэсавым Камітэтам, а ня БАЗА (с. 188). Прозьвішча безыменнага вядомага баптысцкага дзеяча з Канады – Рапэцкі (с. 195), першы сьвятар, што прыехаў у Менск летам 1941 г. быў Уладзімер Фінькоўскі, а не Клінкоўскі (с. 198), айцец Кушнер меў імя Іаан (а ня Ян, с. 201), каталіцкі сьвятар, які прыехаў у Менск, Рыбалтоўскі, а не Дубалтоўскі (с. 202). На с. 203 сьцьвярджаецца, што Вінцэнт Гадлеўскі прыехаў зь Нямеччыны ў канцы 1943 г., хоць на с. 205 пішацца, што ён быў расстраляны на Каляды 1942 г. Не мог ён прыехаць у канцы 1943 г. зь Нямеччыны (с. 203), бо быў ужо год як расстраляны немцамі ў Трасцянцы (24 сьнежня 1942 г.). Язэп Пазьняк (Вайніловіч) не кіраваў БАЗА, а ўзначальваў Нью-Ёрскі аддзел (с. 204), летувіскі капэлян у Менску Ігнатовіч (Ігнатавічус) меў імя Зянон, а не Сымон (с. 206).
У адным месцы кнігі Мікалай Шчорс піша, як пра цяпер жывучага, свайго малодшага брата Ігара. Так у пачатку 1990-х і было, але Ігар Шчорс памёр у 1998 г., і варта было ў тэксьце неяк згадаць пра гэта. Далей старэнькі Шчорс так і ня здолеў прыгадаць як правільна пішацца прозьвішча кіраўніка БНС падчас вайны Івана Ермачэнкі. У кнізе так і пайшло – Яроміч (с. 139). І такія памылкі трапляюцца вельмі часта. Згаданыя ды іншыя недагляды мусяць быць на сумленьні як аўтаркі, гэтак і рэдактараў кнігі Анатоля Белага і Віктара Хурсіка.
Віктар Хурсік у прадмове піша: “У гэтай кнізе няма аўтарскага камэнтару. Ён не патрэбен”. Аднак зусім незразумела, чаму? У такога кшталту тэкстах проста неабходна камэнтаваць падзеі, падаваць зьвесткі пра асобаў і тлумачыць некаторыя моманты, якія згадваюцца ў кнізе. Пагатоў ужо выйшла некалькі падобных выданьняў, на якія можна раўняцца.
І апошняе. Кніга багата ілюстраваная, але адзін са здымкаў падпісаны недарэчна. Так, на здымку, дзе пісьменьнікі пазіруюць перад фатографам (с. 220) вынікае, што сапраўднае прозьвішча Алеся Салаўя – Шырокаў, а Ўладзімера Сядуры – Сіняк. Аднак гэта Тодар Лебяда быў Шырокавым, а Сіняк (ці Зіняк) сапраўднае прозьвішча вядомага эміграцыйнага дзеяча Сяргея Хмары. Прычым і Лебяда, і Хмара ёсьць на тым-жа фота.
Пасьля знаёмства з кнігай Сьвятланы Белай застаецца шмат пытаньняў і вялікі сумніў, што аўтарка насамрэч зьяўляецца спэцыялістам у беларускай эміграцыйнай праблематыцы.
2 лютага 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Стажыроўкі ў Польшчы
Святочная вечарына «Збіраўся скарб: 50 тамоў “Беларускага кнігазбору”»
Літаратурныя чытанні з “ПрайдзіСветам”-2: Несіметрычныя музы А. Хадановіча
Усе абвесткі



Камэнтары(2)
Алег:
3 лютага 2010
Ну, Вы, Алег, і малойца !!
Заўжды зайздросьціў у добрым сэньсе асобам кшталту Дзеружынскага: піша (і як трапна) столькі, што немагчыма ўсё нават прачытаць! Так і Вы: мадэрацыя ў "НН" з "тышчамі" разнаякіх камэнтаў, а тут на табе: яшчэ й выдатны артыкул!
Наконт Сьвятланы Белай, добра, што Вы абыйшлі ўсе гэныя байкі наконт яе АСАБІСТЫХ адносін з пэўнымі эмігранскімі бонзамі.
Паміж тым, нягледзячы на адзначаныя Вамі хібы, Белая – сапраўдная майстарка слова. Нават, калі барысаўскі настаўнік здольны эвалюцыянаваць у лепшы бок, то што казаць пра Белую?! На пачатку 90-х давялося папрацаваць у газэце "Беларускі трактарастраіцяль". На жаль, Сьвятлана адтуль вось-вось сыйшла... А гэта была АДНА З шматлікіх журналісцкіх школаў, якія ей давялося прайсьці.
Майстру – прабачальна. Ня будзем жа судзіць срога!
Алег Гардзіенка:
4 лютага 2010
Дзякуй за добрыя словы. Дарэчы, каб не быць галаслоўным, скажу "я кнігу маю" пра эміграцыю
http://nn.by/index.php?c=ar&i=25598