Друкаваць Камэнтары (1) RSS

Эсэiстыка




www.wired.com

www.wired.com

І хто ж вас слухае?

Віктар Кавалеўскі

Кампутар не такі разумны ў агурках і качанах. І гэта добра, інакш усе садаводы-гароднікі праз адну ноч стануць “патэнцыяльнымі ворагамі”.

Праглядаючы інтэрнэтаўскія старонкі я выпадкова натыкнуўся на здымкі менскіх будынкаў. Будынкі, вядома, рэч цікавая, але на фотах цікавейшымі для мяне былі антэны на дахах. Маю на ўвазе не тэлевізійныя антэны, а іншыя, адмысловыя.  Цікава, для чаго яны там усталяваныя.

 

Старэйшае за мяне пакаленьне памятае гады, калі трэба было рэгістраваць радыёпрыймачы. Калі вы сёньня раскажаце аб гэтым падлетку з навушнікамі на галаве, то ён будзе доўга сьмяяцца, бо не зразумее, навошта гэта трэба было рабіць. Радыё можна ж толькі слухаць. Пра НКВД ён мабыць і чуў, але ня ведае, што ў той час ня ўсё і ня ўсім можна было слухаць. Ды ў дадатак добра падрыхтаваны чалавек мог лёгка з радыёлямпавага прыймача зрабіць радыёлямпавы перадатчык. За што, вядома, ставілі ці да сьцяны ў падвалах НКВД, ці накіроўвалі паміраць у сталінскія канцлягеры.

 

Нават пазьней, у часы халоднай вайны, лавіць забароненыя радыёхвалі было рызыкоўна, бо існавала цэлая армія сакрэтных даношчыкаў, якім было за шчасьце злавіць “ворага народу”. Але арыштоўвалі ў асноўным тых, хто не маглі трымаць у сабе навіны з гэтага радыё і пачыналі іх распаўсюджваць, па савецкіх вызначэньнях, рабіць варожую прапаганду. 

 

Падлетак з навушнікамі аб гэтым магчыма чуў, але ніяк ня зьвязвае гэта з сучаснасьцю, бо сёньня ж ня той час, і людзі навокал іншыя. Але ці што зьмянілася ў адносінах да грамадзянаў з боку дзяржаўных спэцслужбаў? Чаму на будынках у Менску бачныя рагаціны спэцантэнаў? Для чаго? Аб гэтым ён не цікавіцца, бо мае як найхутчэй палагодзіць сваю справу зь сябрам па мабільным тэлефоне. Усё ідзе наперад. Цікавая гэта рэч, мабільны тэлефон. Вельмі зручная. Калі ты не ў пустэльні, то, націснуўшы гузік, можаш камунікаваць зь любым, хто мае тэлефон. То сам гаворыш, то слухаеш свайго сябру. І службы слухаюць таксама. Уважліва.

 

Пад час апошніх выбараў у Беларусі спрабаваў я датэлефанавацца да сваёй радні. Некалькі дзён спрабаваў. Глуха. Нават гудкоў не было чуваць. Як быццам адрэзала Беларусь ад усяго сьвету. А мабыць так і сталася? Выключылі лініі па загаду з самага “верху” і гэтым вырашылі ўсе пытаньні барацьбы з апазыцыяй. Аб якой каардынацыі дзеяньняў можа ісьці гаворка, калі “ворагі” з Захаду ня могуць пагутарыць з апазыцыянэрамі? Што ты зробіш бяз сувязі? Нічога! Сядзі і маўчы. Але што можна чакаць ад паліцэйскай дзяржавы? Прабачце – міліцэйскай, бо я пішу пра сваю Бацькаўшчыну. Чаму гэта адбываецца? Ці гэта параноя дыктатара, які хоча палохаць свой народ і вярнуць сталінскія часы?

 

Скончыў на днях чытаць кнігу пра Сталіна, Чэрчыля і Рузвэльта (Behind closed doors. Stalin, the Nazis and the West. By Laurence Rees. 2008. UK). Аўтар робіць наступную выснову пра Сталіна: ён ніколі ня меў сябраў. Ніколі. Больш за гэта – ён ніколі не адчуваў неабходнасьці мець сябраў. Пустэча навакол, напоўненая адчуваньнем уласнай моцы ягонага "я". Параноя? Вынікі злоснага біцьця яго алькаголікам-бацькам? Але і іншыя дыктатары маюць такія ж параноі нават і без бацькоў-алькаголікаў. Бо маюць вялікі недавер. Да усіх. І хочуць ведаць як найбольш пра так званых ворагаў. Ці пра тых, хто зможа стаць такім.

 

Праходзячы навучэньне ў Краснаярскай вайсковай вучэльні па спэцыяльнасьці радыётэхнічная выведка, я заўважыў, што прыймач, які стаяў у пакоі адпачынку курсантаў, які тады звалі “ленінскім”, прыймаў толькі мясцовыя перадачы, хоць гузікі на ім былі і на дальнія. Цікава, праўда? Вайсковая вучэльня рыхтавала спэцыялістаў па перахопу сыгналаў менавіта дальніх радыё- ці радыётэхнічных станцыяў, а вось прыймач у гэтым “ленпакоі” падрэзалі так, што ён толькі хрыпеў на гэтых самых далёкіх станцыях. Недавер, бачыш. Бо былі мы маладымі і нам шмат чаго непатрэбна было ведаць. І допуску мы ня мелі. А безь яго ў краіне пралетарыяту нікуды нос ня ўткнеш. Было такое слова “не положено”. Бо існавала “лінія”. Якую звалі “лініяй партыі”. Сталін, які гэтую стальную “лінію” каваў рукамі стаханаўцаў, памёр, але яго замяніў найбліжэйшы памочнік Хрушчоў, на лысіну якога Сталін выбіваў сваю люльку. Мо і пракляў яго Мікіта менавіта за гэты самы попел, а не за мільёны забітых і замучаных. Ну а што да “лініі”, то яна заставалася і потым. Трохі іржой пакрылася, але засталася стаяць. Бо зь ёй лёгка бачыць, хто ідзі па ёй, а хто – не. Ужо не кажу пра тых, хто супраць ідзе. Пра гэтых трэба напісаць асобна.

Калі я аддаў партыйны білет ў палітаддзел брыгады “осназ” у канцы 79-га, то мяне пачалі апрацоўваць. Бо гэтая самая “лінія” патрабавала ад кіраўніка палітаддзелу хуткага адказу для вышэйшых чыноўнікаў. Наколькі здурнеў старэйшы лейтэнант Кавалеўскі? Бо было відавочна, што толькі чалавек без галавы можа такое зрабіць у час, калі сацыялізм ужо пабудавалі, а да камунізму засталося толькі адзін скок. Круціў мяне падпалкоўнік, прапанаваў капітана і хучэйшы перавод у другі вайсковы аддзел. Але не дакруціўшы паслаў па чарзе да вышэйшага, ужо да палкоўніка. Той згубіў на мяне паўдня. Потым знайшоў на мяне тлумачэньне: “наслушался ты вражескіх голосов”. І ўсё. Так патрабавала “лінія”. Так я стаў дурным. Так ім было прасьцей і хучэй для рапарту, бачыце.

 

Вядома, безь мяне выведка “осназ” шмат не згубіла. Антэны працягвалі круціцца, самалёт-разьведчык працягваў лётаць ўзоўж кітайскай мяжы, ішлі пеленгі, друкаваліся рапарты аб “пасьпяховай” працы брыгады, дабывалася інфармацыя аб “патэнцыйным” ворагу. І гэта можна зразумець, бо падслухоўваць ворага афіцыйна дазволена. Але навошта падслухоўваць размовы сваіх грамадзян? Навошта слухаць размову падлетка зь ягонай дзяўчынай? А адказ просты. У таталітарных краінах выведка зьнешняга ворага ніколі не спынялася, як зьнешняга, так і “патэнцыйнага” ўнутранага. Нават калі гэты самы вораг ня ведае аб тым, што ён будзе ворагам.

 

У адзначанай вышэй кнізе пра Сталіна на старонцы 384 ёсьць апавяданьне сьведкі арышту нямецкага хлапчыка ў час савецкай акупацыі Нямеччыны. Яго арыштавалі за “падрыў” маста. Ён адмаўляўся ад гэтай хлусьні як мог. І як толькі маглі, яго білі дзядзькі з НКВД. Нарэшце, ён не вытрымаў і прызнаўся ў дывэрсіі. Каб больш ня білі. Яго на час пакінулі ў спакоі. Але хутка выклікалі і паведамілі, што атрымалі зьвесткі аб тым, што гэты мост ніхто не падрываў. Як ён стаяў, так і стаіць. Але за тое, што хлопчык ілгаў савецкаму афіцэру, яму даюць дзесяць гадоў. Так і памёр у савецкім канцлягеры. Бо ня ведаў аб тым, што самая хлусьлівая інфармацыя можа стаць запатрабаванай для закрыцьця справы.

 

Справа ня ў тым, што ты ня ведаеш пра сваю варожасьць, а ў іншым. Калі ты сказаў у размове “Лукашэнка”, то аўтаматычна ўключыцца на запіс прыбор і супраць нумару твойго тэлефону загарыцца маленькая сталінская лямпачка з надпісам “недавер”. І нумар гэты будзе яшчэ доўга праслухоўвацца на пошук ключавых слоў накшталт “міліцыя”, “апазыцыя”, “мітынг”, “дэманстрацыя” і г. д.

 

Усіх сёньня зьдзіўляюць безьпілётныя самалёты, якія робяць вайсковую працу ня горш за пілётныя. Чаму ж кампутар ня можа фільтраваць каналы сувязі на ключавыя словы, апрацоўваць інфармацыю, друкаваць вынікі?  Так, можа. І робіць гэта хутчэй, чым вы думаеце.

 

Ці няма тут праблемы? Ці не існуе тут парушэньняў правоў чалавека? Вядома, існуе. Але шмат хто да гэтага прывык. Добра што па пятах “сотруднікі” ня ходзяць. Але і навошта? Мабільны тэлефон можна ўключыць і выключыць нават без твайго ведаму. Ты і ведаць нічога ня будзеш. А фільтры будуць фільтраваць, а лічбы-словы будуць пісацца ў кампутарны файл з тваім прозьвішчам. Бо сёньня размова ідзе аб тэрарызме. Аб бясьпецы дзяржавы. А тэрарыстам можа стаць кожны. Ці амаль кожны. Ну... як галоўны кіраўнік скажа. Бо бяспека дзяржавы – ёсьць ягоная бясьпека. Такія, бач, законы ён пастанавіў.

 

Мая цешча любіць казаць – будзь хітрэйшым. Гэта праўда. Магу толькі параіць маладым людзям, якія яшчэ ня ведаюць аб тым, што яны зьяўляюцца “патэнцыяльнымі ворагамі” сваёй краіны, не называць Лукашэнку па тэлефоне ягоным прозьвішчам, каб супраць вашага імя ў кампутарах спэцслужбаў не загаралася сталінская чырвоная зорка недаверу. І, вядома, каб уся гэтая гульня была трохі цікавейшай. Цікавейшай для вас, бо, назваўшы Лукашэнку “агурком”, а галаварэзаў зь ягоных спэцаддзелаў “качанамі”, вы адчуеце сябя праўдзівым падпольшчыкам, а хлопцам-качанам будзе весялей націраць штанамі сядло перад напоўненым лічбамі кампутарам. Ну а сам кампутар ня будзе зіхацець сталінскімі зоркамі недаверу. Бо ня будзе ведаць, пра каго ідзе гутарка. Кампутар не такі разумны ў агурках і качанах. І гэта добра, інакш усе садаводы-гароднікі праз адну ноч стануць “патэнцыяльнымі ворагамі”.

 

 

www.bielarus.org

 


8 лютага 2010




Камэнтары(1)


arax:

8 лютага 2010

Мабільны тэлефон можна ўключыць і выключыць нават без твайго ведаму.

Вось тут добра распаведзена: http://www.mobile-review.com/articles/2009/eaves-dropping.shtml


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код