Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
autary.iig.pl
Сексот "Кастусь", Служба бяспекі і беларускае асяроддзе на Беласточчыне
У камуністычнай дзяржаве сетка сакрэтных агентаў была галоўнай прыладай для кантралявання ўсіх сфер грамадскага жыцця. Адным з метадаў працы службы бяспекі было сачэнне за асобнымі людзьмі і асяродкамі, нелаяльнымі да таталітарнай улады. Апошнім часам Інстытут нацыянальнай памяці пачынае сістэматычна публікаваць не толькі спісы функцыянераў Службы бяспекі і Упраўлення бяспекі альбо асоб, пацярпелых ад рук органаў дзяржаўнай бяспекі, але таксама стараецца пазбаўляць ананімнасці і сакрэтных супрацоўнікаў спецслужбаў.
Наколькі ў перыяд камуністычнай дыктатуры тыя, хто быў агентамі, мелі часам пачуццё віны і выказвалі жаданне пакаяцца, настолькі цяпер не відаць у асобаў, заплямленых супрацоўніцтвам з «бяспекай», такой патрэбы. Як з жалем адзначыў Гжэгаж Майхжак:
Былыя агенты проста хаваюцца. Гэтаму спрыяе сітуацыя, калі іх прадстаўляюць як ахвяр СБ. А вось пакрыўджаныя імі асобы, якія хочуць ведаць, хто іх крыўдзіў, хто на іх даносіў, хто ім здрадзіў, хто паслаў у турму, хто спрыяў звальненню з працы, паўстаюць як шэльмы, якія крыўдзяць гэтых бедных агентаў — сексотаў (1) .
Прадстаўлены ў артыкуле матэрыял — вынік архіўных даследаванняў у Інстытуце нацыянальнай памяці. Ён з’яўляецца спробай апісання працэсу адсочвання асяродку журналістаў і літаратараў, згуртаваных вакол Беларускага грамадска-культурнага таварыства, вядомым беларускім пісьменнікам Сакратам Яновічам — сексотам беластоцкай Службы бяспекі па мянушцы «Кастусь» (2).
Асноўнай крыніцай дадзенага даследавання з’яўляецца захаванае асабістае дасье з уласнаручна напісаным 18 жніўня 1958 г. сексотам «Кастусём» пагадненнем аб супрацоўніцтве з Службай бяспекі. Захавалася яна ў форме фотакопіі, бо арыгінал у прысутнасці сексота (пасля папярэдняга фатаграфавання) быў знішчаны (спалены) 10 верасня 1970 г. падпалкоўнікам Эдвардам Радзевічам (3), начальнікам трэцяга ўпраўлення Службы бяспекі ваяводскай грамадзянскай міліцэйскай камендатуры ў Беластоку.
Так званае рабочае дасье, а значыць матэрыялы даносаў і рапартаў агентаў, якое падрабязна інфармуе аб дзейнасці агента, не захавалася. Для гэтага даследавання былі карыснымі таксама квартальныя і месячныя справаздачы (1958—1962), падаваныя беластоцкімі спецслужбамі ў ІІІ Дэпартамент МУС у Варшаве, а таксама ўласнаручна напісаная сексотам «Кастусём» у верасні 1970 г. адмова ад супрацоўніцтва з СБ (4).
Вялікі ўплыў на жыццё і дзейнасць Сакрата Яновіча, а таксама на змену атмасферы ў асяродку беларусаў, якія жылі ў Польшчы, мела стварэнне восенню 1955 г. рашэннем Цэнтральнага камітэта ПАПП (5) беларускай грамадскай арганізацыі і выдаванага па-беларуску штотыднёвіка «Ніва». 15 кастрычніка рашэннем гаркама ПАРП у Беластоку ў цэнтральны камітэт была перададзена прапанова Георгія Валкавыскага (6) аб стварэнні Таварыства беларускай культуры пры ваяводскім аддзяленні Таварыства польска-савецкай дружбы. Справай Таварыства мелася быць пашырэнне партыйнай ідэалогіі, укараненне прынцыпаў марксізму-ленінізму ў штодзённае жыццё беларускага насельніцтва, узмацненне польска-савецкіх сувязяў, барацьба за выкананне мэтаў, пастаўленых партыяй і ўрадам, а таксама прапаганда і развіццё беларускай мастацкай творчасці, навукі і літаратуры. (...)
Поўны тэкс артыкула чытайце ў друкаванай версіі часопіса "ARCHE" № 11-12 за 2009 год
Кшыштаф Пагажэльскі (нар. у 1979 г.) — гісторык, выкладчык XI агульнаадукацыйнага Ліцэю ў Беластоку. У сфэру яго навуковых зацікаўленьняў уваходзіць вывучэньнне нацыянальных меншасьцяў на Беласточчыне. У 2006—2007 гг. — супрацоўнік беластоцкай філіі Інстытуту нацыянальнай памяці.
Кшыштаф Сыховіч (нар. у 1969 г.) — гісторык, супрацоўнік беластоцкай філіі Інстытуту нацыянальнай памяці. Аўтар кнігі «Ziemia Јomїyсska i jej mieszkaсcy w latach 1944—1956 czyli Jak byіo naprawdк» (2005), адзін з рэдактараў і ўкладальнікаў зборніка «Koњcioіy a paсstwo na pograniczu polsko-litewsko-biaіoruskim: џrуdіa i stan badaс»(2005).
1 Co kryją teczki? O tajnych współpracownikach bezpieki z A. Chojnowskim, G. Majchrzakiem, Z. Nawrockim i T. Ruzikowskim rozmawia W. Bulhak // Biuletyn Instytutu Pamięci Narodowej. 2005. Nr. 3 (50). S. 29.
2 Аб гэтай постаці таксама пісаў Томаш Данілецкі, паказваючы яе хутчэй у пазітыўным святле, без аднясення да факту супрацоўніцтва з СБ (T. Danilecki. Dwaj literaci // Biuletyn Instytutu Pamięci Narodowej. 2005. Nr 12 (59). S. 28—29).
3 Эдвард Радзевіч, нар. 2 лют. 1928 г., функцыянер СБ, рэферэнт VI Аддзела СБ у Беластоку (1.01.1952—31.03.1955), аперацыйны афіцэр ІІІ Аддзела беластоцкага аддзела МА (1.01.1957—8.09.1962), кіраўнік групы ІІІ Аддзела беластоцкага ўпраўлення МА (8.09.1962—11.09.1967), намеснік кіраўніка ІІІ упраўлення беластоцкага аддзела МА (1.02—16.05.1969), кіраўнік ІІІ Аддзела беластоцкага ўпраўлення МА (16.05.1969—1.06.1973), намеснік ваяводскага начальніка СБ тарнуўскага гарвыканкама МА (ад 1.06.1975). Званні: маёр — 25 ліпеня 1967, падпалкоўнік — 6 ліпеня 1970, палкоўнік — ад 24 верасня 1975.
4 Варта падкрэсліць, што хоць арыгінал адмовы ад супрацоўніцтва фармальна не быў прыняты 10 верасня 1970 г. падпалкоўнікам Радзевічам, дакумент захаваўся дзякуючы таму, што інфарматар па заканчэнні спаткання кінуў яго ў кабінеце функцыянера беластоцкай бяспекі ў кош са смеццем, адкуль потым паперу дасталі.
5 Польская аб’яднаная партыя працоўных, аналаг КПСС. (Заўв. перакладчыка.)
6 Георгій Валкавыскі, нар. у 1923 г. у Белавежы, быў першым і шматгадовым рэдактарам штотыднёвіка «Ніва», а таксама першым кіраўніком Беларускага літаратурнага таварыства «Белавежа». У склад першай Рады «Белавежы», што ў якасці адной з секцый была далучана да БГКТ, увайшлі кіраўнік Георгій Валкавыскі, сакратар Віктар Швед і скарбнік Мацей Канапацкі.
17 лютага 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Тры твары ў адным абліччы
Прэзентацыя паштовак з відамі старога Магілёва
Выстава Паўла Татарнікава “Брама мінулага”
Усе абвесткі



Камэнтары(0)