Друкаваць Камэнтары (2) Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
Праведнікі абяздоленых сірот. Яны ратавалі ад цяжкай долі дзяцей раскулачаных случчан
Ці не час ушанаваць, як праведнікаў, прозвішчы тых міласэрных, богабоязных людзей, што ўратоўвалі дзяцей ад згубы ў халодных вагонах-цялятніках у дарозе да месца высылкі або ў памерзлых лагерных бараках?
Як вядома, сёння па колькасці праведнікаў свету, людзей, якія ў гады вайны, рызыкуючы ўласным жыццём, выратоўвалі ад гітлераўскіх захопнікаў яўрэяў, пераважна дзяцей, Беларусь, пасля Галандыі і Польшчы, займае трэцяе месца сярод еўрапейскіх краінаў. Такіх у рэспубліцы налічваецца звыш 700 чалавек. Іх прозвішчы ўвекавечаны ў Іерусалімскім музеі ахвярам Халакосту Яд Вашэм.
Ці не час ушанаваць, як праведнікаў, прозвішчы тых міласэрных, богабоязных людзей, што ўратоўвалі дзяцей ад згубы ў халодных вагонах-цялятніках у дарозе да месца высылкі або ў памерзлых лагерных бараках?
Для пачатку мяркую, гэта можна зрабіць у калгасе «Агра-Мялешкі», у які ўваходзіць і вёска Боркі. Там у сельскім Доме культуры на цэнтральнай сядзібе ёсць музей гаспадаркі, заснаваны яшчэ ў 70-я гады яго старшынём С. С. Паляшчуком, Героем Сацыялістычнай Працы. Вось бы і замацаваць на сцяне дошку з прозвішчамі праведнікаў абяздоленых сірот, з іх фотакарткамі. Побач з імем заснавальнікаў калгаса.
Пры жаданні мясцовай інтэлігенцыі спіс такіх праведнікаў можна папоўніць, калі пашукаць іх сярод старажыхароў іншых шасці вёсак, што ўваходзяць у калгас, а гэта звыш 450 двароў. У маштабах раёна, дзе налічваецца сёння каля 200 вёсак, можна адшукаць такіх праведнікаў не адзін дзесятак, калі не сотню.
Доктара Пігалеўскага ў мястэчку Урэчча ў 20-40-я гады мінулага веку ведалі і паважалі не толькі местачкоўцы, а і жыхары навакольных вёсак.
Аднойчы ў канцы лета 1935 года да яго завітала худзенькая, у лёгкім не новым палітончыку, дзяўчынка. На пытанне доктара, хто яна і з якой вёскі, адказала, што нарадзілася ў Борках, вясной яе з бацькам, маці і старэйшым братам выслалі за Котлас, у тайгу. Адтуль яна ўцякла, без грошай, «зайцам» дабралася да Слуцка. Там, у міліцыі, ёй параілі хутчэй выязджаць за межы прыгранічнай зоны, каб не трапіць у рукі экнкэвэдыстаў, якія могуць вярнуць назад у тайгу. У дарозе ў яе захварэла правае вока.
Доктар выпісаў ёй лекі і адвёў у аптэку, у якой працавалі муж і жонка Эпштэйны. Абое ў гадах, без дзяцей.
Рахіль і Ісак далі прытулак сіраце, якой ішоў пятнаццаты год. Доктар параіў ім называць дзяўчынку, Шуру Жаўрыд, сваёй пляменніцай.
У сям'і Эпштэйнаў Шура падрасла, выйшла замуж за лейтэнанта з Урэчскага гарнізону, і ў 1940 годзе абое выехалі ў Беласток, па новаму месцу службы мужа. А аптэкараў тых у 1942 годзе немцы расстралялі разам з іншымі вязнямі местачковага гета.
Знайшліся праведнікі, хто заступіўся за такіх абяздоленых сірот, чыіх бацькоў у 1931 годзе выслалі за межы рэспублікі, і на радзіме Шуры, у Борках.
Мацвею Валатковічу пяцігадовую Нілу Малевіч передала яе маці Анюта, вырваўшы дзяўчынку з рук энкэвэдыстаў, што кіравалі высылкай сям’і. Мацвей, у якога было трое малых дзяцей і якога лічылі «падкулачнікам», вырасціў пляменніцу.
Ніла дачакалася вяртання з высылкі маці, замуж выйшла ў сваёй вёсцы і дажыла да глыбокай старасці. Маці пры сустрэчы паведала Ніле, што яе трохгадовы брат Юрка памёр у бараку ад голаду і хваробаў пасля іх прыезду туды.
Юля Чайкоўская з мужам узялі ў сваю вёску Хацінава Любанскага раёна пляменніка Ваньку, бацькоў якога таксама выслалі.
Хлопчыку было тады адзінаццаць гадоў, то ён быў у цёткі добрым падпаскам і памочнікам па гаспадарцы, пакуль з высылкі, па хваробе ног, не вярнулася яшчэ да вайны яго маці. Ёй дала прытулак родная сястра, якая жыла ў вёсцы Чапліцы Слуцкага раёна.
Таццяна Малевіч, нераўнадушная да чужой бяды жанчына, даведаўшыся, што суседа-удаўца Васіля Малевіча будуць раскулачваць, забрала яго малалетніх дачок, Сашку і Вольку, да сябе, прыхавала, так што энкэвэдысты дарэмна абыходзілі хаты ў пошуку іх.
Пазней, праз два ці тры тыдні, Таццяна з мужам Алесем пераправілі сірот у Мінск да знаёмых, якія далі ім прытулак. Бацька дзяўчынак вярнуўся пасля вайны з высылкі цяжка хворым і неўзабаве памёр.
ТодарЖаўрыд, мясцовы ўдавец, застаўшыся ў хаце з 80-гадовым нямоглым бацькам, даў прытулак траім падлеткам свайго роднага брата Івана, які пайшоў у прымы ў вёску Забалаць Любанскага раёна і быў раскулачаны. Самога адправілі за Котлас.
Жонку і траіх сыноў Тодар прывёз да сябе ў Боркі. Хлапчукі падраслі ў яго хаце, хадзілі ў школу, харчаваліся тым, што зараблялі ў калгасе на працадні маці і дзядзька Тодар, ды з яго агароду. Юнакі скончылі дзесяцігодку, падаліся на вучобу ў Мінск.
А Тодара па чыімсці даносу ў 1937-м арыштавалі і адправілі на Поўнач на восем гадоў.
РАТАВАЛЬНІЦА СІРОТ. Таццяна Малевіч з унукам Сашкам. Акрамя дзвюх дзяўчынак, яна дала прытулак і збегшаму ад голаду з Украіны 11-гадоваму Яшку Чарнушэнку. Пражыла Таццяна Андрэеўна з Боскай ласкі за чулае сэрца 97 гадоў. Фота 70-х гадоў з архіва сына, Міхася Малевіча.
4 лютага 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Літаратурныя чытанні з “ПрайдзіСветам”-2: Несіметрычныя музы А. Хадановіча
Увага! Шукаем акцёраў!
Абвяшчаецца конкурс на лепшы эскіз дошкі ў гонар Ларысы Геніюш
Усе абвесткі



Камэнтары(2)
Бялькевіч:
5 лютага 2010
Сапраўды, за ўслаўленнем подзвігу і пакут памерлых часта забываем пра подзвіг жывых, тых, хто жыццё данеслі да нашых дзён.
Мая Бабуля з Баслаўцаў (гэта непадалёк Боркаў) распавядала, як задоўга да вайны арыштоўвалі яе стрыечнага дзядзьку Кандрата: за тое, што, угневаўшыся на калгаснікаў, якія збівалі ў калгасным стойле ягонага аслаблага былога каня, у сэрцах ляпнуў: "Вось каб вашага таварыша Сталіна так..."
Пасля таго, як дзядзьку забралі, жонка ягоная неўзабаве памерла, і двух іх дзетак, Міхаіла і ягоную сястрычку (імя не ведаю), забралі да сям'і бабінага бацькі (майго прадзеда) Рамана Цэйка.
Так што сапраўды так - каб не гэтыя людзі, не было б нас, сённяшніх беларусаў.
11:
5 лютага 2010
выдатны, выдатны ў многіх сэнсах матэрыял! Ці не першая спроба замест чожогв халакосту расказаць пра халакост СВОЙ. Расказаць пра СВАЮ трагедыю