Друкаваць Камэнтары (7) Пераслаць на э-адрас RSS
Эсэiстыка
Канфліктуйма! Каб не ўмёрлі.
Вось якую рыфмаванку па яго сьлядах напісаў блогер e_ndrus :
У нашым шматмільённым віртуальным сіці
Усё амаль што як на тым Гаіці
Трасуць нас праўда шчэ не землятрусы
А самі беларусы беларусаў
Крывіч – літвіна, а літвін – русіна
Бы той русін апошняя скаціна
Анарх нацдэма тузгае за плечы
Нацдэм зялёнаму гатовы галаву адсекчы...
Праблему, вартую, на мой погляд, пільнай увагі і асэнсаваньня можна сфармуляваць наступным чынам: ці забавязаныя беларусы трымацца разам, нягледзячы ні на што?
І працытаваны верш, і шэраг іншых выказваньняў у блогах з тае самае нагоды недвухсэнсоўна намякалі на тое, што павінны. Менавіта нягледзячы ні на што. Нам, беларусам, няма чаго дзяліць. Мы ўсе ў адной лодцы і разам павінны рабіць адну справу. Карацей, "сплотимся гордо вкруг родного флага" (с)
Дазвольце катэгарычна з гэтым не згадзіцца. Гэта чыстая выпадковасьць, гульня прыроды і гісторыі - тое, што я беларус. Аднак ні ў якім разе гэта ня ёсьць непарушнай дадзенасьцю. Можна сьвядома абраць пэўную нацыяльную ідэнтычнасьць, якая табе не належыць па факту нараджэньня ў пэўным месцы, у пэўны час, у пэўным асяродку. Усім нам вядомыя імёны рупліўцаў на ніве беларушчыны, што не былі этнічнымі беларусамі, але шчыльна зьвязалі свой лёс зь Беларусьсю (пачэснае месца сярод іх займае Лясны Слон). Зрабіўшы сьвядомы выбар. Гэтак жа сама я, або кожны з вас, мог бы стаць расейцам або гаіцянінам. Я застаўся беларусам.
Не з пачуцьця доўгу і не таму, што раптам пачуў голас "крыві і глебы". Я застаўся беларусам, бо нацыяльная ідэнтычнасьць ня ёсьць, на мой погляд, лёсавызначальным пытаньнем. Калі гэтак склалася, што нарадзіўся беларусам і ўспадкаеміў у той ці іншай форме беларускую ідэнтычнасьць, наколькі б яна ні была мізэрнай, няма чаго пераймацца і мітусіцца з нагоды - кім быць, у сэньсе выбару нацыянальнай абалонкі. Гэта ж толькі абалонка.
Маё знаходжаньне ў беларускай абалонцы ні да чаго мяне не абавязвае. Той, хто лічыць, што беларус павінен тое і сёе - толькі таму, што ён беларус, а беларусы, якія не адпавядаюць гэтаму кодэксу - "манкурты" (між іншым, гэта ўжо сымбалічная этнакультурная дыскрымінацыя), не зусім паўнавартасныя беларусы, той нацыяналіст.
Быць беларусам, нават "сьвядомым", і быць нацыяналістам - зусім не адное і тое ж. Нібыта банальнасьць, але ж банальнасьць - гэта стомленая ісьціна. І паўтараць яе трэба да таго часу, пакуль яна ня будзе ўсьвядомленая.
Як і любы іншы народ, мы, беларусы - вельмі розныя. Хто больш розны, хто меньш. І гэта цудоўна, бо жыцьцё сярод цалкам аднолькавых людзей было б кашмарам. Прычым розныя ня толькі беларусы паводле грамадзянства. Такая нацыянальна-культурная меньшасьць, як "беларускамоўныя беларусы", на шчасьце, таксама неаднародная. Гэтак ёсьць, няхай гэтак жа і застанецца. Але так ня будзе, калі нас уцягнуць у прымусовае адзінства і забароняць унутрывідавыя канфлікты.
Нешматлікасьць беларускамоўных беларусаў нібыта падштурхоўвае да таго, каб зьбіцца ў кучу, самкнуць шэрагі, забыцца на рознагалосьсі. Ну, "каб ня ўмёрлі". Гэта зразумелая абарончая рэакцыя, але яна насамрэч шкодная і непатрэбная. Аб чым ніжэй.
Беларускамоўнасьць не павінна ні да чаго абавязваць.
Цяпер жа яна "прадаецца" у зьвязку з этнічным (або этна-культурным) нацыяналізмам. І чым далей, тым болей успрымаецца ўжо ня проста як мова, а як азнака палітычных поглядаў, палітычны інструмэнт. Ня я першы гэтае пытаньне ўздымаю, вядома, але ж яно застаецца надзвычай актуальным.
Трывалая зьнітаванасьць беларускай мовы з нацыяналізмам значна звужае магчымасьці яе адраджэньня. Бо тут зьмешваюцца дзьве зусім розныя рэчы - культура і палітыка. Чалавек можа абраць беларускую мову ў якасьці культурнай абалонкі, таму што яна, дапусьцім, "прышпільная", ці то "аўтэнтычная". Але тое, што ў дататак ён павінен падпісацца на камплект палітычных поглядаў, натуральна, ускладняе ягоны выбар. Ведаю нямала людзей, якія не прынялі або адрынулі беларускую мову, каб ня мець нічога супольнага з нацыяналістамі, чыіх поглядаў яны не падзялялі. І гэта менавіта да нацыяналізму, а не да мовы шмат хто ставіцца зь непрыязнасьцю. Пераносячы сваё стаўленьне і на мову.
Што рабіць?
На першы погляд, нічога ўжо не паробіш, "харошы аўтобус зьехаў прэч". Пераважная большасьць сёньняшніх беларускамоўных беларусаў сапраўды нацыяналісты і яны вызначаюць аблічча супольнасьці носьбітаў беларускай мовы. Не папросіш жа іх, каб яны імі перасталі быць. А папросіш, дык не паслухаюцца, яны ўпартыя. Гэтак сама, заклёнамі і мантрамі ня выклікаць зь нябыту шматлікіх носьбітаў беларускай мовы, якія нацыяналістамі не былі б.
І ўсё-ткі, як мне падаецца, можна прыняць некаторыя захады для зьмены сытуацыі.
Шаноўнае таварыства, спадарства і, хай сабе, панства! Усе, каму неабыякавы лёс беларускай мовы, у незалежнасьці ад вашых палітычных поглядаў. Калі вы не жадаеце канчаткова яе паралізаваць і выракчы на хуткі скон, давайце:
1) Адасобім беларускасьць і нацыяналізм. Апошняе - гэта комплекс палітычных перакананьняў, падзяляць якія зусім неабавязкова, калі ты размаўляеш па-беларуску (усьведамляеш сябе беларусам). Няма нічога "ненармальнага" у тым, каб быць "беларускім" беларусам і пры гэтым увогуле не апэраваць паняткам "нацыі".
2) Перастанем ужываць імпэратыўную рыторыку ў моўным пытаньні - кшталту таго, што "беларусы павінны размаўляць па-беларуску". Ведаеце, чаму беларусы абралі Лукашэнку? Вядома, прычынаў было шмат, але галоўная - ён нічога ад іх не патрабаваў, толькі абяцаў сам зрабіць і тое, і гэтае. Дарэчы, гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка - ня столькі бацька, сколькі маці беларускага народу. Ну, маці часьцей за ўсё меней патрабавальная, чым бацька. І пра непрыманьне беларусамі аўтарытарызму.
Бяз жартаў.
Аўтарытарныя лідэры, большасьць зь іх, звычайна чагосьці патрабуюць ад свайго народу, мабілізуюць яго на "труд і на подзьвігі", на зьдзяйсьненьні і посьпехі. Калі не ламаюць хрыбет, як пры сталінскай калектывізацыі-індустрыялізацыі, дык прынамсі прысьцёбваюць, кудысьці накіроўваюць, прымушаюць да пэўнага ладу жыцьця. Ці рабіў Лукашэнка штосьці падобнае? Ані. Лукашэнка нікога ні да чаго не прымушаў і ні за што не караў (ну, апроч "гадкага качаняці" - апазыцыянэра, які не сваё дзіцё, а нейкае прыблуднае, чужое). Ён толькі патураў, выконваў пажаданьні або прасіў, угаворваў і падманваў. Нават калі ўпікаў за нешта, дык вельмі нязлосна. Ну, напрыклад, памятаеце: "хто пье, з тым я сябраваць ня буду"? Гэта ня цьвёрдая бацькоўская, а мягкая мацярынская рыторыка.
Поруч зь ім Зянон выглядаў 100% аўтарытарным лідэрам.
Выбар такога прэзыдэнта можа сьведчыць пра несамастойнасьць і няўпэўненасьць беларусаў, а можа проста пра жаданьне, каб ад іх адчапіліся. Бо па горла наеліся ўжо за савецкім часам уладнага прымусу, абавязкаў і патрабаваньняў, патасных заклікаў і лёзунгаў. Лёзунгі гучаць так: "Пяцігодку за чатыры гады!", "Дагонім і перагонім Амэрыку!", "Рашэньні XXX-га зьезда - у жыцьцё!"; або "We can do it!" ("Мы можам гэта!"), "Live Free or Die!" ("Будзь свабодным або памры!"), "Don't Tread on Me!" ("Лепей не наязджай на мяне!") і да т.п. Усім вядомы слоган "ЗА Беларусь!" - гэта ня лёзунг. Ён гучыць хутчэй як застольны тост, ці то просьба зьесьці нясмачную кашу: "За маму! За тату! За бабку Агапу!" Пасланьне гэтага псэўда-лёзунгу: прыміце, калі ласка, рэчаіснасьць такой, як яна ёсьць, якой бы яна ні была. Тут няма ані закліку, ані выкліку, аніякага патасу. У адрозьненьне ад патрабавальнага і мабілізацыйнага слогану "Жыве Беларусь!".
Абраўшы менавіта першы, а не другі слоган, беларусы ясна засьведчылі, што ня хочуць, каб іх мабілізоўвалі і чагосьці патрабавалі. Таму ня трэба казаць ім пра моўны абавязак - гэта толькі адштурхоўвае іх.
Зацікаўляць і натхняць - іначай ніяк.
3) Адмовімся ад кругавой парукі па моўнай (этнакультурнай) прыкмеце. Калі мова (этнакультурная прыналежнасьць) успрымаецца ў якасьці галоўнай характарыстыкі чалавека, выконвае ролю апазнавальнага знаку - "свой" і падразумявае ільготнае стаўленьне да яе носьбіта. Выпісваньне яму індульгенцыі наперад. Любая "нармальная" мова не функцыянуе падобным чынам. Так функцыянуюць хіба толькі зашыфраваныя мовы таемных змоўніцкіх арганізацыяў.
Падобнае павярхоўнае братэрства - не па духу, не па розуму, а па фармальнай прыкмеце - само па сабе ёсьць нацыяналістычнай практыкай. Кепскай не таму, што яна нацыяналістычная, а таму, што трымацца адно за аднаго, нягледзячы ні на што, і заплюшчваць вочы на правіны "сваіх", якія "чужым" не даруюцца - згубна. Бо адсутнасьць самакрытыкі непазьбежна выклікае інтэлектуальны заняпад і стагнацыю.
4) Ня будзем пераўватарацца ў замкнёную таталітарную сэкту, што дзейнічае паводле прынцыпу, сфармуляванага старшынём расейскай дзярждумы: "Дума - ня месца для дыскусіяў". Дыскутуйма і канфліктуйма! Не баючыся адно аднаго "зачапіць". Ня трэба зьдзьмуваць парушынкі з кожнага беларуса (паводле ягонага этна-культурнага выбару), берагчы яго, пялегаваць і песьціць на той падставе, што ён - рэдкая істота. Ня трэба заклікаць беларусаў "жыць дружна" паміжсобку. Гэтак мы ўрэшце канчаткова станем фальклёрным клюбам.
Толькі шляхам бескампрамісных дыскусіяў мы, беларускамоўная меньшасьць зможам быць цікавымі вонкаваму асяродзьдзю - калі ў межах нашага кругу будуць весьціся дыскусіі на надзённыя і вечныя пытаньні. Тады ў нас быў бы шанец ня толькі захавацца і пашырыцца, але і, хто ведае, стаць у авангардзе інтэлектуальнага, сацыякультурнага жыцьця Беларусі. Тэарэтычна для гэтага ёсьць магчымасьці - так ці іначай, а беларускамоўная меньшасьць пакульшто застаецца выбітной і актыўнай сацыяльнай групай, заўважнай на тле даволі аморфнай расейскамоўнай большасьці. Якая вымушана плесьціся ў хвасьце "Вялікай зямлі", толькі спажываючы яе сацыякультурныя здабыткі і не прадукуючы "арыгінальнага кантэнту".
Але ўся гэта "лафа" можа неўзабаве скончыцца. І абавязкова скончыцца, калі сьвядомая беларускасьць цалкам супадзе з нацыяналізмам. Калі, мэтафарычна кажучы, Славамір Адамовіч забье апошняга Альгерда Бахарэвіча. Калі Крывец спаліць нарэшце на плошчы кніжкі Марыйкі Мартысевіч і Сяргей Балахонаў, збаяўшыся, перакінецца на яго бок. А Ігар Бабкоў будзе нягегла апраўдваць нацызм, бо, ну, пакульшто нябачна ў нас бухэнвальдаў і асвэнцымаў, а значыць - усё ў парадку. (Пан Ігар, калі асвэнцымы і бухэнвальды зьяўляюцца, усе дыскусіі скончваюцца, няўжо вы гэтага ня ведаеце?)
Тады на беларускай культуры і на беларускай мове можна будзе паставіць крыж. Гэта будзе сьмяротны вырак ім.
Беларусы! Сьмела трасіце адно аднаго!
---------------
P.S. Пакуль рыхтуецца агляд блогасфэры, ацаніце новую рубрыку на сайце svaboda.org -- ММЭ(Б): Малая Мэдычная Энцыкляпэдыя (Бахарэвіча)
____________________________________________________________
http://budzimir.livejournal.com/25098.html
28 студзеня 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
"Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша"
Увага! Шукаем акцёраў!
Абвяшчаецца конкурс на лепшы эскіз дошкі ў гонар Ларысы Геніюш
Усе абвесткі



Камэнтары(7)
Анатоль:
28 студзеня 2010
усе разумныя, блин...
але ж няма...
гулица на гулицу...
сяло на сяло...
тутэйшыя на...
и няма...
Пра што:
30 студзеня 2010
Нацыяналізм у пеяратыўным значэнні. Але не зразумела ў якім. У наш час, каб разважаць пра такія рэчы, варта тлумачыць, што пад гэтым разумееш. Папрасіў бы аўтара даць вызначэнне ці спаслацца, да каго апелюе.
У чым сэнс артыкула - заклікаць да канфліктаў? - дык і без яго хапае. Зняць адмоўнае да іх стаўленне? Тут ужо быў хтосьці - заклікаў да згоды. З крайнасці ў крайнасць. Маўляў, давайце ўсе перас(вары)мся і тады станем цікавыя знешняму асяроддзю. Калі знешняе асяроддзе, крый Божа, выпадкова пачытае ўсе гэтыя спрэчкі чарговых непрызнаных прарокаў - толькі пальцам ля скроні пакруціць. А хто ад іх выйграе, ужо неаднойчы пісалася...
чытач:
31 студзеня 2010
Пра гэта даўно ўжо напісаў Алесь Аркуш. Ня трэба баяцца канфліктаў http://www.litara.net/doc/arkush-int
Хаця пра Лукашэнку досыць трапна.
Michal Zaleski:
31 студзеня 2010
Нехта піша: ...мы, беларускамоўная меньшасьць зможам быць цікавымі вонкаваму асяродзьдзю...
Навошта? У чалавека ёсць маці, бацька, дзеці, жонка. Трэба працаваць, каб ім было добра. А каб добра працаваць, мусіш быць здаровы і ўвесь час вучыцца.
Ihar Baranouski:
1 лютага 2010
Словаблудзтва і абы што. Спроба вынайсьці веласіпед. Аўтар надумаўся "зварыць смачную ежу" для беларусаў, накідаўшы і намяшаўшы туды ўсяго. У выніку атрмалася нейкая жратва для сьвіняў: маўляў, рохкайце і таўчэцеся ля беларускага карыта і будзе нам!
Канфлікты заўсёды толькі зьнішчаюць і разбураюць тое, што ёсьць і ніколі анічога не ствараюць. Спрачацца, дыскутаваць, сумнявацца - так, трэба, але канфліктаў трэба пазьбягаць (па магчымасьці), а не ствараць іх і тым больш заахвочваць да іх. Ідыятызм!
Трэба проста заўсёды быць нармальным ЧАЛАВЕКАМ, а не ідэолагам. (Аўтар спрабуе стаць новым ідэолагам).
Толькі любоў стварае і нараджае. У прамым і пераносным сэнсе.
Vosenski:
4 лютага 2010
Але ж нельга, панове, алмаўляць, што пан будзімір ці Алесь Белы сапраўды вельмі трапна зьвярнулі ўвагу на наяўнасьць у нас нэанацыстаў, якія косяць то пад балтаў, то пад традыцыяналістаў.
Пачытайце іх ЖЧ - чыстай вады крыптанацызм. І цкаваць Белага ці брахаць у нэце на Галку панам нацыстам ня варта.
затое весела!:
4 лютага 2010
канфлікты - перш за ўсё спараджэнне маргінальнасці беларускага нацыяналізму і вельмі нізкага сярэдняга ўзроўню ягоных носьбітаў. адсутнічае моцны навукова-абгрунтаваны, распрацаваны мэйнстрым і з-за пачуцця небяспекі ці комплексу ахвяры любая альтернатыва ўспрымаецца як пагроза і выклікае хвалю розных абарончых рэфлексаў.
у іншых краінах такой праблемы няма, таму яны даволі паблажліва ставяцца да розных маргінальных з'яваў. па-другое, у беларускага нацыяналізму адсутнічаюць мэты(перш за ўсё імкненне пранікнуць у дзяржаўны апарат), таму ўся энэргія скіраваная на ўнутранае бессэнсоўнае самаедства.