Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Гiсторыя
Сацыяльны i культурны стан яўрэяў у Літве і Беларусі перад эпохай падзелаў Польшчы
САЦЫЯЛЬНЫЯ АДНОСІНЫ
У самым канцы ХVІІІ ст., пасьля другога і трэцяга падзелу Польшчы, да Расеі, разам з новай тэрыторыяй і новым літоўска-беларускім насельніцтвам, пераходзіць і значная частка яўрэяў, былых падданых польскай дзяржавы.
З гэтага моманту і пачынаецца, уласна кажучы, гісторыя яўрэяў у Расеі. Да канца ХVІІІ ст. у межах Расейскай імпэрыі сустракаліся невялічкія групы гандляроў-яўрэяў, а на Ўкраіне, яшчэ раней перайшоўшай да Расеі, знаходзіліся невялікія яўрэйскія грамады, зьвязаныя, гістарычна і культурна, з польска-літоўскім яўрэйствам.
Спробы, якія рабіліся не адзін раз, пачаць гісторыю яўрэяў у Расеі з пачатку Маскоўскай або нават Кіеўскай Русі — зьяўляюцца зусім ненавуковымі.
Як у Кіеўскай, так і Маскоўскай Русі мы маем справу толькі зь невялічкімі калёніямі чужаземных яўрэяў, якія зьяўляюцца або толькі гандлёвымі пасрэднікамі, або прадстаўнікамі сваіх далёкіх аднапляменьнікаў на Ўсходзе ці Захадзе. Гэтыя яўрэйскія калёніі, як і яўрэі ў Хазарскай дзяржаве, не пакінулі пасьля сябе колькі-небудзь значных сьлядоў у далейшым гістарычным жыцьці яўрэяў сярод славянскіх народаў.
Толькі ў XIV і XV стст., асабліва ж у канцы XV і пачатку XVI стст. зь нямецкіх старонак у Польшчу, Літву і Беларусь адбываецца масавая эміграцыя яўрэяў. Перасяляюцца цэлыя яўрэйскія гpaмады, якія пераносяць у новую старонку і свае капіталы (сабраныя ў руках невялічкай, але надта ўплывовай групы яўрэйскіх фінансістаў і буйных камэрсантаў), і свае векавыя звычаі да гандлёвай дзейнасьці, і свой кагальны лад, і нямецка-яўрэйскую гутарку, і рэлігійныя традыцыі, і сыстэму талмудычнага выхаваньня.
Пры новых умовах эканамічнага і палітычнага жыцьця ў Польшчы, Літве і Беларусі паказаныя бакі эканамічнага і культурнага жыцьця яўрэяў дастаюць сваё далейшае разьвіцьцё, разам зь ім усё ўзмацняецца сацыяльная дыфэрэнцыяцыя ўнутры яўрэйскага «гета». Такім спосабам, к канцу XVIII ст., калі адбываліся, адзін за другім, падзелы Польшчы, ужо цалкам склаўся эканамічны і культурны быт польскага, літоўска-беларускага і ўкраінскага яўрэйства. Такім чынам, каб зразумець далейшую эвалюцыю яўрэйскага жыцьця ў «черте еврейской оседлости», пад уладай царскай Расеі, трэба пачаць не з гісторыі расейскага заканадаўства аб яўрэях (як гэта часта рабілася дагэтуль), а з гісторыі сацыяльна-эканамічнай структуры, грамадзкага ладу і духоўнай культуры яўрэяў у Польшчы, Літве, Беларусі і Ўкраіне.
Польшча шырака адчыніла свае граніцы для яўрэяў, цярпеўшых цяжкі ўціск і гвалты ў Заходняй Эўропе ў сярэдніх вякох (у часы і, асабліва, пасьля крыжовых паходаў) і ў пачатку новага часу.
З гэтай прычыны афіцыяльныя польскія гісторыкі не адзін раз указвалі на гуманнасьць, гасьцінасьць і верацярпімасьць польскай каралеўскай улады. На самай жа справе галоўную ролю тут адыгралі празаічныя інтарэсы польскай скарбніцы і эканамічнага разьвіцьця Польшчы.
Сярэднявечная польская дзяржава зь яе каралеўскай уладай, якая аказалася ня здольная сваімі ўласнымі сіламі і сродкамі ўмацаваць сваю скарбніцу, паставіць манэтную справу, арганізаваць падатковую сыстэму — зь яе грамадзкім ладам, у якім надта слаба быў разьвіты гарадзкі гандлёва-прамысловы стан, — такая дзяржава мела вялікую патрэбу ў новых, здатных элемэнтах насельніцтва. Такімі зьявіліся спачатку немцы, а потым і яўрэі. І тыя і другія адыгралі вялізную ролю ў эканамічным жыцьці Польшчы. Польская каралеўская ўлада цікавілася выключна капіталамі заможных яўрэяў, іх гандлёвымі сувязямі на міжнародных рынках, іх фінансавымі і арганізатарскімі здольнасьцямі і рухавасьцю. Яўрэі прыцягваюцца ў Польшчу, а потым і Літоўска-Беларускую дзяржаву, перш за ўсё як буйныя крэдыторы скарбу, як прадпрыемцы і арганізатары такіх важных галін дзяржавы, як манэтная справа і збор падаткаў. На працягу цэлага шэрагу сталецьцяў каралеўская ўлада, а потым і шляхта маюць справу выключна з гэтымі буйнымі прадстаўнікамі яўрэйскага фінансавага капіталу: з банкірамі, «манэтчыкамі», адкупшчыкамі падаткаў («мытнікамі»), арандатарамі буйных маёнткаў і г. д. Яны атрымоўваюць першыя прывілеі і каралеўскія граматы, якія давалі ім права свабодна пераяжджаць па абшарах дзяржавы і займацца сваімі справамі, недатыкальнасьць асобы і маёмасьці, незалежнасьць ад мясцовай адміністрацыі і мясцовага суду, асобная «апека» караля, якому яны былі падсудны.
К канцу XV і пачатку XVI стст. значна мяняецца характар і склад яўрэйскай эміграцыі ў Польшчу, Літву і Беларусь. Зь нямецкіх, галоўным чынам, зямель усё больш эмігруюць ня толькі заможныя яўрэі, якія шукалі ходу для сваіх капіталаў, але і сярэдняя і бедная яўрэйская маса, выціснутая з старых наседжаных месц — гандлёвай канкурэнцыяй і зьвязанай зь ёй нацыянальнай і рэлігійнай нецярпімасьцю.
Большая частка яўрэйскай масы, якая пасялілася ў Польшчы, Літве і Беларусі, занялася дробным гандлем у гарадох і мястэчках, дзе яўрэям адведзены былі асобныя вуліцы, на якіх ім дазвалялася будаваць дамы, сынагогі, могілкі. Спэцыяльнымі каралеўскімі прывілеямі, якія пачалі атрымліваць ня толькі асобныя заможныя яўрэі, але і цэлыя яўрэйскія грамады — кагалы, яўрэям забясьпечвалася недатыкальнасьць асобы і маёмасьці, пэўная свабода руху і заняткаў гaндлёвымі справамі і рамесьніцтвам. Разам з гэтым на яўрэйскае насельніцтва ўскладаўся цяжар падаткаў — агульных і спэцыяльна-яўрэйскіх.
Яўрэйскае насельніцтва шырака скарыстала дадзеныя яму правы для разьвіцьця сваёй гандлёвай дзейнасьці, у якой такую моцную патрэбу меў край, пазбаўлены свайго мясцовага гандлёвага стану. Aпошні быў толькі ў зародку, калі немцы і яўрэі сталі адыгрываць значную ролю ў польскіх і літоўска-беларускіх гарадох. Але гэты стан разьвіваўся і хутка (ужо ў XVI ст.) уступіў у жорсткую барацьбу зь яўрэямі.
З ростам яўрэйскага і неяўрэйскага насельніцтва ў гарадох усё больш узмацнялася гандлёвая канкурэнцыя паміж гэтымі двума варожымі лягерамі, бо вузкі нутраны, галоўным чынам сялянскі, рынак разьвіваўся надта марудна: запрыгоненае сялянства жыве сваёй замкнёнай натуральнай гаспадаркай, не зьвязанай з горадам, гарадзкім гандлем і рамесьніцкай прамысловасьцю.
Ужо к канцу XVI, асабліва ж у ХVII ст. эканамічны крызіс робіцца ўсё больш вострым у горадзе, а разам з гэтым узмацняецца і нацыянальная барацьба паміж яўрэямі і мяшчанамі-хрысьціянамі. Яўрэі, у барацьбе за існаваньне, імкнуцца пашырыць сфэры сваёй гандлёвай і рамесьніцкай дзейнасьці. Мяшчане ж хрысьціяне і рамесьніцкія цэхі бачаць асноўную прычыну крызісу ў яўрэйскай канкурэнцыі і дабіваюцца ўсімі сіламі — і праз магістрат, і хадайніцтвам перад каралеўскай уладай — зьменшаньня правоў яўрэяў межамі яўрэйскага кварталу, рамкамі вызначаных галін і відаў гандлю і г. д.
У той жа час усё часьцей адбываюцца выступленьні шляхты на павятовых сойміках і на вялікім вальным сойме проціў яўрэйскага «ўціску». Гэта таксама знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з эканамічным крызісам, які ўсё вастрэй пачала адчуваць дробная шляхта, якая зьнемагала ад даўгоў і часта была вымушана аддаваць свае маёнткі сваім крэдыторам яўрэям. Буйная шляхта мела патрэбу ў яўрэях, у іх капіталах, здатнасьці, гандлёвых сувязях з горадам і замежным рынкам. Буйны арандатар-яўрэй, выплачваючы значныя арэндныя сумы, даваў поўную магчымасьць польскім магнатам жыць багата ў Варшаве або ў іншых буйных гарадох і нават за граніцай. Оптавыя гандляры-яўрэі патрэбны былі шляхце для збыту сваіх сельскагаспадарчых прадуктаў і для правозу рэчаў збытку з-за граніцы. Дробная ж шляхта, наадварот, з зайздрасьцю і нянавісьцю глядзела на яўрэяў, якія высунулся сваімі капіталамі, буйнымі гандлёвымі апэрацыямі, шырокімі адкупамі падаткаў, арэндай вялізных маёнткаў, якія часта пераходзілі да іх ува ўласнасьць.
Калі на гарадзкім ці местачковым рынку адбывалася маленькая барацьба дробнага люду, яўрэя і хрысьціяніна, за розьнічны гандаль, за скупку прадуктаў у селяніна, за права занятку рамяством і продаж сваіх вырабаў, то ў адносінах паміж капіталістычнымі яўрэямі і дробнай шляхтай мы бачым суперніцтва дзьвёх сацыяльных груп, прэтэндуючых на эканамічнае панаваньне.
У гэтай барацьбе яўрэй быў слабы ў палітычных адносінах, бо ён быў пазбаўлены ўсякіх палітычных правоў. Але сацыяльная моц гандлёвага капіталу часта замяняе яму палітычную ўладу. Ён дабіваецца незалежнасьці ад мясцовай адміністрацыі і мясцовага суду, падтрымліваючы адпаведныя прывілеі аб яго падсуднасьці аднаму толькі каралеўскаму суду. Падатковыя канцэсіі даюць яўрэйскаму адкупшчыку-мытніку вялізную ўладу над насельніцтвам і моцны апарат, ужываючы часта рэпрэсіі ў адносінах да неакуратных выплатчыкаў падаткаў, да вінавайцаў у патайным вінакурэньні, у бязмытным правозе тавараў і да т. п.
Яўрэй быў пазбаўлены асноўных правоў шляхты — уладаньня прыгоннымі сялянамі — гэта не адзін раз падкрэсьліваецца юрыдычна ў розных заканадаўчых актах. Фактычна, аднак, яўрэй-арандатар ці ўласьнік маёнтку, перайшоўшага да яго ад няплатнага даўжніка, становіцца і законным уласьнікам сялян, прымацаваных да зямлі, атрымлівае права неабмежаванай эксплюатацыі іхняе працы і суду над імі, уключна да сьмяротнай кары.
Яўрэйская фінансавая арыстакратыя, пры ўсёй сваёй эканамічнай моцы, не магла іграць грамадзка-палітычнай ролі: ні ў гарадзкі магістрат, ні ў соймікі, ні ў сойм яўрэй, разумеецца, доступу ня мае. Але з арганізацыяй кагалу і з аб’яднаньнем іх у моцныя і вельмі ўплывовыя тэрытарыяльныя органы (для ўсяе Польшчы, а потым з 20-х гг. XVII ст. — і асобна для Літвы і Беларусі), на чале іх, — як мы яшчэ далей пабачым, — становяцца тыя ж яўрэі — буйныя арандатары, адкупшчыкі падаткаў, багатыя гандляры. А ў якасьці кагальных прадстаўнікоў яны становяцца ўплывовымі і перад магістратам, і соймікамі, і нават соймам. За кулісамі гэтых устаноў яны вядуць сваю палітыку ня толькі для абароны інтарэсаў сваіх кагалаў, але і для ўзмацненьня сваіх уласных прывілеяў. Такую ж ролю кагальных хадатаяў, ставя чых і свае асабістыя выгоды, адыгрываюць яны ў сваіх зносінах з духавенствам і з каралеўскай уладай.
Гэты тып эканамічна моцнага яўрэя надта блізкі да заможнай шляхты па сваім дабрабыце, па сваіх уладарных нахілах, па сваім замілаваньні да высокіх тытулаў і ўшанаваньняў, па сваім імпазантным выглядзе, зусім непадобным да пазьнейшага тыпу дробнага арандатара-яўрэя, згінаючага плечы перад сваім панам.
Да гэтай сацыяльнай фармацыі, якая склалася сярод польскага і літоўска-беларускага яўрэйства, дробная польская шляхта, выціснутая з сваіх ранейшых сацыяльных пазыцый, мела вялікую варожасьць. Яна мела на сваім баку ўсе перавагі станавай палітычнай улады, асабліва пасьля таго, як шляхецкі сойм значна абмежаваў каралеўскую ўладу. Тым ня менш, у яе не хапала эканамічнае моцы, каб выціснуць яўрэяў з сфэры дзяржаўных адкупоў і буйнага земляўладаньня, нягледзячы на юрыдычна ўтвораныя абмежаваньні ў гэтых адносінах.
Побач з буйнымі арандатарамі-яўрэямі, складаўшымі невялічкую, хоць і надта ўплывовую сацыяльную групу, мы сустракаем, пачынаючы з XVII ст., другі, больш пашыраны тып дробнага арандатара-шынкара і карчмара-яўрэя. Эканамічны крызіс у горадзе гоніць яўрэйскую масу на вёску, куды яна прыносіць тыя ж пачаткі таварнай гаспадаркі і пасрэдніцтва паміж горадам і вёскай. Пазбаўленая капіталу, гэтая маса цалком падпадае пад уладу пана-земляўласьніка, які ўсімі спосабамі эксплюатуе яе гандлёвыя і прадпрыемніцкія здольнасьці ў мэтах свайго ўзбагачэньня. Такім спосабам, вясковы яўрэй, прыціснуты вялікай арэнднай платай і рознымі павіннасьцямі, робіцца надзейнай зброяй у руках пана для выцісканьня зь сялянства яго невялічкіх матэрыяльных сродкаў.
Яўрэй — арандатар млына, крамнік, карчмар, шынкар, пактар і г. д. увесь час заняты ня толькі пагоняй за кавалкам хлеба, але, перш за ўсё, вышуквае ўсё новых сродкаў дзеля задаваленьня ўсё ўзрастаючых апэтытаў свайго пана. У выпадку неакуратнасьці ў гэтых адносінах яму пагражае жорсткая кара з боку таго ж пана, суду якога ён падлягаў. Але для селяніна той жа яўрэй, якога эксплюатуе пан, зьяўляўся яго, селяніна, і бліжэйшым ворагам і эксплюататарам. Асабліва яскрава гэта выявілася ў справе спойваньня люду. Пану належала манаполія вырабу гарэлкі, і ён быў зацікаўлены ў пашырэньні сярод сялян п’янства, якое значна павялічвала яго даходы. І тут яўрэй-шынкар, які часта сам быў бедным, фактычна многа спрыяў разьвіцьцю народнага п’янства, здавальняючы фінансавыя запатрабаваньні пана, яго тэндэнцыі да ўсё большага павелічэньня арэнднай платы.
На гэтай глебе ўзьнікала варожасьць селяніна да яўрэя, якая пры падбухторваньні духавенства прымала форму нацыянальна-рэлігійнай непрыязьні. Духавенства мела тут свае, як кажуць, прафэсійныя матывы: яўрэі рабілі свае кірмашы ў нядзелю і сьвяточныя дні, адхіляючы парафіян ад набажэнства і казаньняў у царкве і зьвязаных з гэтым «паднашэньняў», хрысьціяне, служыўшыя парабкамі і чэлядзьдзю ў яўрэяў, прывучаліся ігнараваць хрысьціянскую рэлігію і г. д.
На Ўкраіне антыяўрэйскі рух у горадзе і вёсцы выявіўся ў страшэнных пагромах, шчыльна зьвязаных з казацкімі паўстаньнямі XVII—XVIII стст. Сялянская маса, падняўшыся супроць польскай шляхты і ўвасабляўшай у сабе сацыяльны і нацыянальна-рэлігійны прыгнёт, не шкадавала і яўрэяў. І тут да сацыяльнай ролі, якую адыгрывалі яўрэі ў якасьці пасрэднікаў паміж шляхтай і сялянствам, далучылася варожасьць гарадзкіх мяшчан, якія мелі зуб супроць сваіх канкурэнтаў-яўрэяў, і ўзрошчаная духавенствам нянавісьць да «хрыстапрадаўцаў».
У Літве і Беларусі пагромы, выкліканыя тымі ж сацыяльнымі прычынамі, насілі эпізадычны характар. Антыяўрэйскі рух тут прымаў арганізаваны характар — у форме выступленьняў магістрату, соймікаў цэхаў з праектамі і хадайніцтвамі аб абмежаваньні правоў яўрэйскага насельніцтва. Апошняе, у сваю чаргу, аб’яднанае ў кагалы, змагалася супроць дамаганьняў сваіх праціўнікаў.
Паўстаньні казакаў і войны паміж Расеяй і Польшчай яшчэ больш узмацнілі гарадзкі крызіс і разарылі масу яўрэйскага насельніцтва. Працэс яе пралетарызацыі ўсё больш узмацняецца, выяўляючыся ў разьвіцьці жабрацтва, супроць якога кагал дарэмна змагаўся, і ў пераходзе да саматужнага рамяства, да якога яўрэйства адносілася не зь вялікай прыхільнасьцю. Толькі цяжкае матэрыяльнае становішча прымушала ўсё больш і больш значныя групы яўрэйства зьвярнуцца да рамесьніцкае працы, бяз той традыцыйнай вывучкі, якая была характэрна для цэхавых рамесьнікаў-хрысьціян.
Яўрэйскі рамесьнік выступае як «партач»III, які ў цяжкай барацьбе за існаваньне заклапочаны ня столькі якасьцю сваіх вырабаў, колькі іх таннасьцю і камбінаваньнем рамесьніцкай працы з гандлем (продаж сваіх вырабаў на рынку). Ён разьлічваў на непераборлівы і надта бедны сялянскі рынак, якім, пераважна, кармілася і маса дробных гандляроў. Раней (прыблізна да XVII ст.) яўрэйскія рамесьнікі яшчэ абмяжоўвалі сваю дзейнасьць рамкамі ўнутранага рынку сваёй жа грамады, дзе цэлы шэраг рамёстваў быў зьвязаны з рознымі рэлігійнымі абавязкамі, які выконваў толькі рамесьнік-яўрэй. З працэсам зьбядненьня значных слаёў яўрэйскага насельніцтва (асабліва ў другой палавіне ХVII і ў ХVІІІ стст.) значна ўзросшыя кадры яўрэйскіх рамесьнікаў ня могуць больш здавольвацца абмежаваным яўрэйскім рынкам. Аднак жа, пры сваім выхадзе на агульны рынак, яны сустракаюцца зь яго старымі манапалістамі — хрысьціянскімі рамесьніцкімі цэхамі і зь іх уціскам у адносінах да рамесьнікаў, не належачых да якога-небудзь цэху. Пачынаецца цяжкае змаганьне, у якім спачатку ўсе перавагі былі на баку хрысьціян: шчыльная арганізацыя цэхаў зь іх векавымі традыцыямі, падтрыманьне магістрату, прыхільнасьць каралеўскае ўлады. Яўрэі-рамесьнікі, неарганізаваныя і бяспраўныя, доўгі час выконвалі патрабаваньні хрысьціянскіх цэхаў: уносілі вызначаныя сумы ў цэхавую касу, мірыліся зь іх кантролем, апекай, рэглямэнтацыяй яўрэйскага рамяства цэлым шэрагам абмежаваньняў у гэтай галіне. Зь цягам часу, аднак, асабліва ў XVIII ст., яўрэй скія рамесьнікі, павялічваючыся ў ліку, усё больш гуртуючыся ў свае ўласныя цэхі («брацтвы»), вызваляюцца з-пад апекі хрысьціянскіх цэхаў і пачынаюць усё больш пасьпешную канкурэнцыю зь імі дзякуючы таннасьці сваіх вырабаў і абмежаванасьці свайго ўласнага жыцьцёвага мінімуму.
Як у галіне гандлю, так і рамяства, яўрэйскае насельніцтва захоўвае і нават значна пашырае свае пазыцыі, нягледзячы на розныя мясцовыя і заканадаўчыя абмежаваньні. У гуртовым і замежным гандлі, як і ў рознага роду буйнай арэндзе, адкупах, падрадах і інш. прыкмячацца ня толькі колькасная перавага яўрэяў, але і павелічэньне іх дабрабыту, бо эканамічным базісам тут служыла, галоўным чынам, задавальненьне патрэб шляхты і дзяржаўнае ўлады (вываз сельскагаспадарчых прадуктаў і прывоз мануфактуры, розных рэчаў збытку, буйная арэнда, адкупы акцызаў і іншых дзяржаўных павіннасьцяў, лясная, браварная справа ў вялікіх разьмерах і г. д.). Вялізная ж маса дробных яўрэйскіх гандляроў і рамесьнікаў, апіраючыся пераважна на бедны сялянскі рынак, вяла цяжкую і дробную барацьбу за існаваньне, і вельмі цяжка было здавальняць свае самыя элемэнтарныя патрэбы. Гэтым тлумачыцца далейшы рух яўрэяў на вёску, каб заняцца там дробнай арэндай, дробным гандлем, шынкарствам. Нягледзячы на страшэнныя ўкраінскія пагромы, яўрэйская маса, з прычыны адсутнасьці іншых эканамічных магчымасьцяў, чапляецца за тыя ж промыслы, якія аддавалі іх у няволю паном і ўзбуджалі да іх варожасьць з боку сялянства, бо яўрэі выконвалі эксплюататарскія функцыі пана.
У канцы XVIII ст., перад другім падзелам Польшчы, сярод лібэральных польскіх колаў узьнікла, паміж іншым, думка прыцягнуць яўрэйскія гушчы да земляробства. Але гэтае добрае жаданьне засталося бяз вынікаў, бо земляробская праца была зьвязана з прыгонным правам, якога яўрэі, як гараджане, ня ведалі і ведаць не жадалі.
Селянін знаходзіўся на самай ніжэйшай ступені сацыяльнай лесьвіцы. Натуральна, што яўрэй згаджаўся займацца сваімі няпэўнымі промысламі, не дапускаючы і думкі аб магчымасьці спусьціцца яшчэ ніжэй — да ўзроўню падпрыгоннага селяніна.
Апублікавана: Наш Край. 1926, № 4—5 (7—8). С. 14—19.
ДАДЗЕНЫ АРТЫКУЛ НАДРУКАВАНЫ Ў № 7 "ARCHE" ЗА 2009 ГОД.
21 студзеня 2010
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Літаратурныя чытанні з “ПрайдзіСветам”-2: Несіметрычныя музы А. Хадановіча
Увага! Шукаем акцёраў!
Абвяшчаецца конкурс на лепшы эскіз дошкі ў гонар Ларысы Геніюш
Усе абвесткі



Камэнтары(0)