Друкаваць Камэнтары (0)Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Эўропа пасьля Лісабону
За прычыну паўстаньня Лісабонскага пагадненьня ўважаецца неабходнасьць мадэрнізацыі сёньняшняга Эўразьвязу і стварэньня інстытуцыі, здольнай быць моцным гульцом на міжнароднай арэне. Варта нагадаць, што Лісабонская дамова прыйшла на зьмену няўдаламу праекту “эўрапейскай канстытуцыі”, якая не была ратыфікавана на рэфэрэндумах у Францыі і Галяндыі. Пасьля чаго ад самой ідэі (ці больш трапна кажучы, ад назвы) “эўраканстытуцыі” вырашана было пазбавіцца. І менавіта тады ўзьнік Лісабонскі трактат. Слова “трактат” не было выпадковым, бо менавіта трактаты могуць быць ратыфікаваныя дзяржаўным кіраўніцтвам без правядзеньня рэфэрэндумаў (што значыць, без правядзеньне вялікай дыскусіі ў грамадзтве).
Найбольш важным сярод гэтых рэформаў застаецца тое, што вялікая частка сувэрэннасьці дзяржаў-чальцоў цяпер пераходзіць у рукі Брусэля. Тычыцца гэта грамадзкай i замежнай палітыкі, энэргетыкі, бясьпекі і г.д.. Апроч гэтага Эўразьвяз мае магчымасьць уваходзіць ва ўнутраныя кампэтэнцыі дзяржавы ў такіх сфэрах, як культура, адукацыя, спорт, прамысловасьць.
Гэтаксама адбудзецца рэформа кіраўнічых органаў ЭЗ. Гэта значыць, што бліжэйшым часам зьявіцца пасада старшыні Эўрапейскай Рады (ці сягоньня празваны, як прэзыдэнт ЭЗ), які будзе выбірацца Радай Эўропы раз на 2,5 гады. Гэты інстытут прыйдзе на зьмену паўгадовому старшынству ў Эўразьвязе ўсіх краін па чарзе. Эўрапейскаму Суду будуць прызначаныя большыя паўнамоцтвы. Зьмены адбудуцца і ў Эўрапарлямэнце. Ён атрымоўвае роўныя паўнамоцтвы з Радай Эўропы і колькасьць эўрадэпутатаў ужо сёньня абмежаваная да 751 асобы замест 785, як было ў 2007. У Радзе Эўропы зьменіцца прынцып галасаваньня (менавіта гэтая зьмена выклікае шквал нэгатыўных рэакцыяў з боку эўраскептыкаў): пачынаючы ад 1 лістапада 2014 году кваліфікаванай большасьцю зьяўляецца голаc 55% чальцоў Рады, якія прадстаўляюць 65% насельніцтва Эўразьвязу. Гэтаксама пасьля 2017 года зьнікне мэханізм, дазваляючы меншасьці адкладваць прыняцьце рашэньня. Эўрапейская рада становіцца паўнавартаснай структурай, у якую ўваходзяць кіраўнікі дзяржаваў (альбо ўрадаў), а таксама ягоны старшыня і старшыня Камісіі. Уводзіцца пасада супольнага міністра замежных спраў, хоць і цяжка сёньня ўявіць сабе супольную палітыку 27 краінаў. Што тычыцца Беларусі, то не варта чакаць вялікіх зьменаў у стаўленьні Эўразьвязу да Беларусі. Эўраструктуры і надалей будуць працягваць дыялёг (дыялёг?) з беларускім кіраўніцтвам. Але гэта зьвязана не з эўрапейскімі рэформамі, а хутчэй з тым, што дагутэль ніякая іншая палітыка вынікаў не прыносіла. Хочацца дадаць, што марыць пра нейкую супольную палітыку ЭЗ у дачыненьні да Беларусі не выпадае. Ніхто ня здолее забараніць Бэрлусконі заігрываць з Лукашэнкам, літоўскім бізнэсоўцам цікавіцца беларускай гаспадаркай ці ўжо ўзгаданаму вышэй прэзыдэнту Чэхіі Вацлаву Клаўсу заяўляць, што ён ніколі не падасьць рукі Лукашэнке. Супольная палітыка ЭЗ ствараецца для дыялёгу са Штатамі, Кітаем ці Расеяй, але ніяк не для Беларусі. Мухі асобна, катлеты асобна : )
Добра, ідзем далей. Цяпер грамадзяне краін-удзельніц маюць права да вынясеньня прапановы па зьмене заканадаўства. Для гэта трэба сабраць мільён подпісаў і зьвярнуцца альбо ў Парлямэнт, альбо ў Раду Эўропы. Але ў любым разе Камісія мае права вырашаць прымаць альбо не.
Гэтаксама ў трактаце знайшло сваё адлюстраваньне такое паняцьце, як “энэргетычная салідарнасьць” і праблема глябальнай зьмены клімату. На жаль, сутнасьць гэтых паняцьцяў ў тэксьце трактату не раскрытыя.
Лісабонскі трактат надае праўны характар Хартыі Асноўных Правоў (анг. Charter of Fundamental Rights of the European Union), каторая зьяўляецца зборам фундамэнтальных правоў чалавека. Між іншым Хартыя так і не была прызнаная Чэхіяй, Вялікай Брытаніяй і Польшчай.
Лісабонскі трактат можа увайсьці ў сілу 1 сьнежня гэтага году.
11 лiстапада 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Жылі-былі...
Аляксей Фралоў прачытае лекцыю для магілёўцаў
Іван Бунін па-беларуску. Прэзентацыя кнігі перакладаў.
Усе абвесткі



Камэнтары(0)