Друкаваць Камэнтары (3) RSS

Эсэiстыка




…да наступнага Глінянага Вялеса

Ася Паплаўская

Да паездкі ў Полацк я ведала пра яго з твораў Уладзіміра Арлова і Пятра Васючэнкі, з вершаў Алеся Коткі і Леры Сом. Цяпер у душы жыве свой Полацк. З помнікам літары «Ў» і ўтульным домам ТВЛ на беразе Дзвіны, з духам творчасці і блаславеннем Глінянага Вялеса…

Калі вы набераце ў пошукавіку «Google» імя Алесь Котка, й пяройдзеце па першай выдадзенай спасылцы, то патрапіце на форум журфака (зараз ужо - Інстытута журналістыкі БДУ), які я стварыла і мадэрыравала яшчэ на першым курсе свайго там навучання.

 

Змест старонкі форума тут неістотны (хоць ён і пра кніжныя прэзентацыі, сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі і г.д.). Істотна іншае: пад самым першым паведамленнем, аўтар якога Excellent_mood, то бок я - подпіс, «дэвіз» карыстальніка, так бы мовіць:

 

На жыццёвым скрыжаванні

паміж каханнем і адзінотай

я выбіраю адзіноту,

бо ведаю:

лепш быць

закаханым у адзіноце,

чым адзінокім у каханні.

 

Алесь КОТКА

 

Дзякуючы гэтаму вершу пачалася адна цікавая гісторыя…

 

Неяк на паштовай скрыні знайшла ліст наступнага зместу «...у мяне ёсць такое адчуванне, што вы, спадарыня Асечка, прачыталі полацка-наваполацкі нумар «Маладосці»... Ці маю я рацыю? Калі так, то чаму менавіта гэты верш? А калі не, то дзе яшчэ «матляюцца» мае тэксты?! Ды, наогул, прыемна ўражвае тое, што вы - па-беларуску... Гэта - нашае, роднае, блізкае, як калыханка маці. А калі маеце перад вачыма што-небудзь іншае з майго, дык, можа, скажаце, як вам?»

 

Зразумела, ліст гэты быў ад маладога паэта Алеся Коткі, які прарабіў той нескладаны набор аперацыяў, які я прапанавала вышэй… Ён угадаў: я сапраўды прачытала гэты верш у апошнім нумары «Маладосці» за 2006 год, прысвечаным Полаччыне.

 

А часопіс трапіў да мяне выпадкова. Навучаючыся на першым курсе тады яшчэ факультэта журналістыкі БДУ, я забегла ў родную школу да піянерважатай Вольгі Сухадольскай, з якой за сем гадоў майго актыўнага піянерскага жыцця разам прайшлі й полымя, й ваду, й да медных трубаў дабраліся… Вольга Паўлаўна, ведаючы, што я цікаўлюся сучаснай беларускай літаратурай, аддала мне некалькі нумароў «Маладосці», якія пыліліся ў школьных шафах: выпісваць прымушалі, а чытаць не было каму. Сярод іх быў і полацкі нумар…

 

Атрыманы ліст мяне акрыліў, бо на той момант я была знаёмая з малой колькасцю сучасных літаратараў, а тут сам малады паэт грукаецца. Адказала я нешта вельмі эмацыйнае, натхнёнае вершамі Алеся Коткі… Завязалася перапіска. Размаўлялі пра сучасную літаратуру, пра паэзію, натхненне і іншае. А 14 лютага Алесь даслаў мне нізку вершаў пра каханне са словамі: «Высылаю свае тэксты (тут выключна пра каханне ці пачуцці, звязаныя з ім. Бо 14 лютага - Дзень святога Валянціна, Дзень Усіх Закаханых. Жадаю табе пяшчотных і гарачых пацалункаў пад зорным - бяздонным і бясконцым - небам у лёгкім святле пекнага маладзіка! Хай сонца любові як мага часцей наведвае твае душу й сэрца! ...алесь...» Я падзякавала за цудоўныя вершы і абяцала адгукнуцца.

 

Не адгукнулася. Рукі не дайшлі. Заматалася, забегалася з вучобай… Так і не выказала сваіх уражанняў, як абяцала. Але гэта не значыць, што я забылася на паэзію Алеся Коткі. Не! Перачытваю часам тыя вершы, якія ён мне даслаў тады, больш за 2 гады таму. Думаю, што напішу яму ліст. Вось скончу гэты артыкул і…

 

Тая перапіска была першым завочным знаёмствам з найстаражытнейшым горадам Беларусі - Полацкам. Жывучы ў Мінску, неяк не выпадала ездзіць па Беларусі… Каб паглядзець Радзіму, склала маршрут падарожжа аўтаспынам мінулым летам. Але так і не праехалася па ім…

 

Выратаваў Алесь Аркуш. Як ён гэта зрабіў, раскажу пазней, а пакуль…

 

 

Са старшынём Таварыста вольных літаратараў Алесем Аркушам мы пазнаёміліся праз ЖЖ (livejournal). Рыхтуючы чарговую перадачу для радыё «Рацыя», ён зайшоў на старонку зацікаўленасцяў у раздзел «беларуская літаратаура», і ўбачыў мой (тады яшчэ незнаёмы) нік на пачатку спісу, зайшоў у мой профіль, а там у раздзеле «Зацікаўленасці» і ТВЛ, і «Калосьсе», і «Тутэйшыя», і «Алесь Аркуш»… Ён мяне зафрэндзіў і пакінуў каментар, у якім запытаўся, ці не магла б я напісаць невялічкае эсэ пра сучасную беларускую літаратуру для яго аўтарскай перадачы «Жыццё з літаратурай». Я адказала: «Магу».

 

Калі міні-эсэ пад аптымістычнай назвай «Я кажу «ТАК!» сучаснаму літаратурнаму працэсу» было гатовае, Алесь Аркуш патэлефанаваў мне і я начытала яму гэты наіўна-дылетантскі тэкст (тады я толькі асвойвалася ў літаратуры, унікала ў сутнасць тусовак, рухаў, аб’яднняў, расшыфроўвала логафармізм А. Кавалеўскага і транстагізм С. Мінскевіча). Пасля я змясціла гэты тэкст у сваім ЖЖ, дзе Зміцер Вішнёў мяне раскрытыкаваў, сказаўшы: «Я з задавальненнем раскладу твой тэксцік па костках... (можна пры сустрэчы)». Тады я пакрыўдзілася, а зараз сама з задавальненнем расклала б той тэксцік «па костках»… Але Алесь Аркуш не крытыкаваў, хоць, зразумела, адчуваў хібы сырога тэксту першакурсніцы, якая толькі пачала спрабаваць сябе ў крытыцы. Літаратар падзякаваў, сказаўшы, што маё меркаванне супадае з ягоным. Пасля ён перыядычна тэлефанаваў, цікавіўся мінскімі літаратурнымі навінамі, некалькі разоў яшчэ запісваў маё меркаванне пра пэўныя літараутрныя з’явы, прасіў расказаць слухачам пра тую ці іншую прэзентацыю…

 

Але вернемся да моманту, калі мяне «выратаваў Алесь Аркуш». Усё проста: ён проста абяцаў запрасіць мяне ў якасці журналіста на цырымонію ўручэння прэміі «Гліняны Вялес». І запрасіў. Мінулым летам я нарэшце здзейсніла сваю мару: наведала Полацк! Ды яшчэ як наведала! Падарожжа, якое цягнулася суткі, запомнілася на ўсё астатняе жыццё…

 

 

…«Можаце не паспець, застаўся толькі адзін квіток», - сказаў металічны голас чыгуначнай даведкі. Як я неслася! Ні да, ні пасля я не прыязджала на чыгуначны вакзал ТАК хутка, як тады, увечары 4 ліпеня мінулага году.

 

Паспела. Апошні квіток аказаўся ў маіх руках. Толькі тады й супакоілася крыху, хоць сэрца ўсхвалявана грукала яшчэ доўга. Села ў цягнік (з сабой акрамя здымача, дыктафона ды нататніка з асадкай нічога не ўзяла: не было часу на зборы), які імчаў у Полацк праз ноч. Спала я дрэнна, бо баялася праехаць свой прыпынак (канцавым пунктам быў Віцебск). Да таго ж, разрадзіўся тэлефон - сувязь з Алесем Аркушам была немагчымая… Выйшла на перон і адразу пабачыла Аркуша, які ўжо чакаў мяне.

 

«Ася - Алесь», - развіртуаліліся мы й рушылі праз сонечную раніцу да дома літаратара. «Павяду цябе праз цэнтар, каб горад крыху паказаць», - сказаў Алесь Аркуш, калі мы праходзілі міма помніка Леніну, што на вакзале сустракае гасцей горада. Пакуль ішлі да нядаўна ўсталяванага «Цэнтру Еўропы», Алесь Аркуш распавядаў пра Жодзіна, гутарылі пра ТВЛ, «Бум-Бам-Літ»… А вось і ён, «цэнтр» з пазначаным кіламентажам да розных еўрапейскіх гарадоў. Знешне ён нагадвае «Нулявы кіламетр» на Кастрычніцкай плошчы Мінску. Праўда, апошні больш сціплы: прэтэндуе толькі на цэнтр Беларусі. Далей - помнік самай беларускай літары «Ў». Спыняемся, Алесь Аркуш фатаграфуе мяне каля яго… Далей праз цэнтральную плошчу па ціхім, залітым сонцам вулачкам, прыходзім да дома Алеся Аркуша. Падымаемся ў кватэру.

 

Нас сустракае жонка літаратара Таццяна Козік. Пасля я дазналася, што яна - мастак, дызайнер вопраткі. Вылічыць мастацкі пачатак Таццяны зусім нескладана: кватэра ўражвае мноствам габеленаў, карцін на сценах, прыгожымі вазамі, іншымі дэкаратыўнымі рэчамі… Калі мы збіраліся выходзіць на цырымонію ўручэння, Таццяна выйшла да нас ў шыкоўным ільныням строі з прыгожай вязанай накідкай. «Ого! Як прыгожа!» - уразілася я. «Ручная праца», - сціпла адказала яна. Пра аўтара працы пытацца не даводзілася: адказ быў відавочны.

 

Недзе за паўгадзіны да выхаду прыйшоў «кароль балу» паэт Алег Мінкін, які прыехаў з Вільні, каб атрымаць бласлаўленне Глінянага Вялеса за кнігу паэзіі «Пэнаты». Мы сядзелі насупраць адно аднаго й вялі няспешную гаворку пра літаратуру, паэзію, крытыку… Памятаю, як Алег Мінкін казаў пра нястачу крытыкі, пра перавагу эмоцыяў над аналітыкай, экспресіі над цвярозым аналізам…

 

Нарэшце выправіліся на цырымонію ўручэння Вялеса. Пакуль мы йдзем, я караценечка распавяду, адкуль пайшоў той Вялес.

 

У 1993 годзе сабраліся маладыя і апантаныя літаратары й заснавалі «Таварыства вольных літаратараў». Але ж ім хацелася мець і свой друкаваны орган - заснавалі часопіс «Калосьсе», выдавецкую ўстанову «Полацкая ляда».

 

 

З гэтым часопісам звязаная адна гісторыя. 12-га кастрычніка 2007 года Алесь Аркуш напісаў пост у ЖЖ: «Хто першы выставіць у сваім ЖЖ сваё фота побач з карцінай Макалая Селешчука «Дзяўчына з Палесься», якая з сёньняшняга дня выстаўляецца ў Нацыянальным музэі выяўленчага мастацтва, той атрымае прыз - 5 нумароў часопіса «Калосьсе». Самыя лепшыя, самыя цікавыя. Адкрыцьцё выставы а 17-ай гадзіне.» Я адразу адгукнулася. Маўляў, што б там ні было, але сфатаграфую карціну. Думка пра тое, што фатаграфаваць у музеях забаронена, свідравала мяне. Заўважаць - прымусяць выдаліць фота з лічбавага здымача, а з «мыльніцы» выцягнуць стужку. Але так хацелася атрымаць нумары часопіса!.. На выставу схадзіла, зрабіла нататкі паводле карцін (так добра памятаю некаторыя з іх, быццам учора на выставе была…), але сфатаграфаваць не было як - я пастаянна была пад пільным наглядам некалькіх працаўніц музея. «Не атрымаю часопісы», - падумала я з сумам… Дапамаглі сябры, якіх я праз некалькі дзён зацягнула на выставу. Яны былі маім моцным тылам: я здымала, а яны стаялі на варце… 25 кастрычніка змясціла ў ЖЖ здымак. Алесь Аркуш пракаментаваў: «І як ты сфатаграфавала, кантрабандыстка?» Абяцанне Аркуш стрымаў: неўзабаве атрымала 5 нумароў «Калосься»…

 

 

Але вернемся да гісторыі ўзнікнення Глінянага Вялеса. «Сярод тых прапаноў, якія прагучалі на нашым устаноўчым сходзе, была прапанова заснаваць свою літаратурную прэмію. І яна была заснаваная, - распавёў мне Алесь Аркуш.- Я асабіста доўга разважаў, як бы яе назваць. Так як ТВЛ паўставала на глебе нонканфармізму, мы не маглі прызнаваць розныя “татэмныя знакі” канфармізму. Мы шукалі вобраз, які б адпавядаў нам. Нам не пасавала ні залатая, ні срэбная, ні крыштальная ўзнагарода… Падумалася: а калі гліняная. Бог стварыў чалавека з гліны, да таго ж гэта ўлюблёны матэрыял народных майстроў…»

 

Літаратарам хацелася працягнуць нацыянальныя беларускія традыцыі, знайсці сімвал, які б адпавядаў крыўскай зямлі, працягваў ідэі Ластоўскага… Алесь Аркуш прагартаў шмат энцыклапедый, даведнікаў і ў адным з іх натрапіў на артыкул пра Вялеса: «У яго шырокае поле дзейнасці: пачынаючы ад падземнага свету і сканчваючы жывёлагадоўляй, але акрамя таго ён апекаваўся людзьмі культуры. У жывёлагадоўлі пастухі спрадвеку гралі на жалейках, дудах. І гэта нам вельмі пасавала.».

 

Вось так і нарадзіўся сімвал таленавітай беларускай літаратуры Гліняны Вялес.

 

Калі мы падыходзілі да будынка былой Полацкай езуіцкай калегіі, дзе зараз месціцца гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага універсітэта, дзе мела адбыцца мерапрыемства, да нас далучыўся літаратар Вінцэсь Мудроў. Праз нейкі час прыйшла паэтка Лера Сом.

 

Цырымонію ўручэння Вялеса распачаў заснавальнік прэміі Алесь Аркуш: «Гліняны Вялес - прэмія не грашовая, але й не «чыста сімвалічная. Гэта прэмія прэстыжу. І я вельмі рады, што традыцыя ўручэння Вялеса неперарыўная». Варта адзначыць, што Гліняны Вялес - адна з самых старых літаратурных прэміяў у сённяшняй Беларусі.

 

Стод Глінянага Вялеса ўручаецца за найлепшую мастацкую кніжку года. Лаўрэатам можна стаць толькі раз у жыцці. Як з’яўляецца шорт-ліст? Натуральна, што найперш кніжку-намінанта трэба вылучыць з агульнай літаратурнай плыні. Каб прэтэндаваць на прмію, кніга павінна быць беларускамоўная і за адным аўтарствам. Што да месца выдання, то тут абмежаванняў няма: кніжка можа быць надрукаваная дзе заўгодна: ці то ў Менску, ці то ў Вільні, ці то ў Нью-Ёрку, дзе заўгодна...

 

«Так як мы ня можам адсачыць увесь абсяг беларускамоўнага друку, то мы просім, каб людзі самі вылучалі кнігі, - распавёў Алесь Аркуш. - Некаторыя выдавецтвы рупяцца пра свае выдадзеныя кнігі і дасылаюць іх у арганізацыйны камітэт Вялеса».

 

З вылучаных кніг ствараецца шорт-ліст з 5 намінантаў. Яны становяцца кандыдатамі на атрыманне Вялеса. Пасля члены экспертнай рады, сярод якіх такія знаныя літаратары, як Алесь Аркуш, Пятро Васючэнка, Уладзімер Арлоў, Валянцін Акудовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Вінцэсь Мудроў і іншыя, галасуюць за найлепшую, на іхнюю думку, кнігу.

 

Разам з паэтычнай кнігай «Пэнаты» Алега Мінкіна ў шорт-ліст намінантаў на прэмію «Гліняны Вялес» за найлепшую кнігу 2007 года трапілі: «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча, «Рыбін горад» Наталкі Бабінай, «Фрашкі і пляшкі» Севярына Квяткоўскага, «Лісты зь лесу» Паўла Севярынца.

 

Алесь Аркуш, уручаючы прэмію лаўрэату, распавёў, што Алег Мінкін пачынаў пісаць па-руску, але пасля знаёмства з Сержуком Сокалам-Воюшам, Уладзімерам Арловым, Вінцэсем Мудровым ён перайшоў на беларускую мову.

 

Алег Мінкін у прамове адзначыў:

 

- Мы, літаратары, прэміі атрымліваем не так часта. Гэта мая трэцяя прэмія. Першую атрымаў ад палякаў за пераклады Норвіда, другую - за лепшы верш у Менску.

 

(«Але ж гэта нарэшце сур’ёзная прэмія, салідная!» - пажартаваў Алесь Аркуш. Пераможца й зала не маглі з гэтым не пагадзіцца.)

 

Паразважаў паэт Мінкін наконт задач сучаснай крытыкі: «Існуе вельмі тонкая мяжа паміж паэзіяй і графаманіяй. І крытыку вельмі важна навучыцца яе бачыць. Асабліва сёння, калі гэтая мяжа амаль празрыстая.» Ляўрэат Вялеса выказаў удзячнасць тым крытыкам, якія не проста льюць ваду і пішуць «ні пра што», але намагаюцца вынайсці і паказаць спецыфіку паэта: «Такая крытыка вельмі дапамагае нам, творцам». Адзначыў Мінкін таксама і непажаданасць наяўнасці асабістага знаёмства крытыка з пісьменнікам. Гэта дапамагае звесці на нуль так званы «суб’ектыўны фактар».

 

Публіка даведалася, што паэт Мінкін не любіць вершаў пра паэзію, пра працэс напісання вершаў: «Непрыемна іх нават чытаць».

 

Камерная атмасфера кафедры сусветнай літаратуры й культуры спрыяла нязмушанаму дыялогу паміж паэтам і прысутнымі. Ён, чалавек нешмаслоўны, падзяліўся з намі сваім комплексам: «Калі пачаў пісаць вершы, мне было за 30 і было сорамна, што я займаюся справай, нявартай мужчыны. Гэтую сарамлівасць я пранёс праз усё жыццё…»

 

Яшчэ Алег Мінкін пастаянна змагаецца з самім сабой, каб адасобіцца ад сваёй асобы, забыць пра свае праблемы, комплексы, а «чуць тое, што аднекуль ідзе»: «Я адзін верш магу пісаць праз усё жыццё. Не належу да такіх яркіх паэтаў, якія адразу - раз! - і напісалі».

 

Пасля гэтых шчырых прызнанняў са светлага неба на зямлю нечакана абрынуўся неверагодны лівень - як знак, што Вялес прымае ахвяру. Як сімвал, што паэту Алегу Мінкіну трэба працягваць барацьбу з самім сабой, а барацьбе, у сваю чаргу, вылівацца ў новыя літаратурныя творы…

 

 

Пасля цырымоніі з Алесем Аркушам, Таццянай Козік, Алегам Мінкіным, Вінцэсем Мудровым, а таксама сынамі Алеся і Таццяны Антосем і Данілам пайшлі ў дом ТВЛ у Запалоцці (гэта таксама і майстэрня Тацяны), дзе размаўлялі пра літаратуру, творчасць, жыццё… Дом такі ж утульны, як і кватэра пісьменніка. У ім таксама адчуваецца рука мастака, дызайнера Таццяны Козік.

 

Дарэчы, нейкі час у 80-х Алег Мінкін з сям’ёй жыў у Запалоцці ў прыватным дамку, побач з імклівай Палатой, амаль насупроць Верхняга Замку. Менавіта тут ён напісаў свой першы верш па-беларуску.

 

Увечары вярнуліся ў кватэру Алеся й Таццяны. Але я там прабыла нядоўга: Таццяна павяла мяне на экскурсію ў Сафійскі сабор, а пасля старэйшы сын Антось - у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр…

 

Позна вечарам Алесь Аркуш правадзіў мяне на цягнік. Я пакідала Полацк. Да наступнага Вялеса…

 

Да паездкі ў Полацк я ведала пра яго з твораў Уладзіміра Арлова і Пятра Васючэнкі, з вершаў Алеся Коткі і Леры Сом. Цяпер у душы жыве свой Полацк. З помнікам літары «Ў» і ўтульным домам ТВЛ на беразе Дзвіны, з духам творчасці і блаславеннем Глінянага Вялеса…

 


 

Ася Паплаўская - студэнтка 3 курсу Інстытуту журналістыкі БДУ, літаратурны крытык. Друкуецца ў часопісе «Дзеяслоў», газэтах «Літаратура і мастацтва», «Літаратурная Беларусь».




24 красавiка 2009




Камэнтары(3)


fil:

6 траўня 2009

Cikava, ci xtosci heta naahul vychytvau?..


Куламеса:

25 траўня 2009

Ася, паваліш помнік!!!


Беларус:

31 траўня 2009

дзякуй. вельмі цікавы артыкул


Паслаць камэнтар












Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды

   
Email *      
   падпісацца
спыніць падпіску
   
 

Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.

Contact

Увядзiце код