Друкаваць Камэнтары (1) Пераслаць на э-адрас RSS
Аналiтыка
Новая эра амэрыканскага грамадзтва
Назіраючы за хуткім палітычным уздымам Барака Абамы, некаторыя расейскія й беларускія аналітыкі пытаюцца: хто за ім стаіць? Напрыклад, расейская журналістка Натальля Сярова ўбачыла ў Абаму «плягіят «праекту Пуцін». Расейскі аналітык Руслан Курбанаў піша, што вытокі папулярнасьці Абамы трэба шукаць не ў самім Абаму, а ў посьпеху палітычных тэхналёгіяў ягонага дарадніка Дэвіда Аксэльрода. Беларускі аналітык Вольга Парфенчык на старонках «ARCHE» мяркуе, што «шмат чаго залежыць ад таго, хто насамрэч стаіць за праектам «Барак Абама».
У гэтых пытаньнях і меркаваньнях відавочнае жаданьне разгадаць такі нечаканы паварот у амэрыканскай палітыцы, як прыход да ўлады Абамы. Але адначасова ў ім таксама хаваецца недавер да зьместу амэрыканскай дэмакратыі. Маўляў, ня проста ж так, зьніадкуль, зьявіўся нікому не вядомы, дый яшчэ чарнаскуры Абама й зрабіўся прэзыдэнтам. Відаць, за ім хаваецца нейкая моцная палітычная сіла, якой зручная перамога Абамы.
Так, за Абамам сапраўды хтосьці стаіць. Дакладней ня хтосьці, а штосьці. Але гэтае штосьці — зусім не таямнічая палітычная эліта, у чыіх руках Абама зьяўляецца марыянэткаю. Наадварот, за посьпехамі Абамы, акрамя масавай палітычнай прыцягальнасьці ягоных ідэяў (пра што я пісаў раней) і глябальнай эканамічнай крызы, стаяць глыбокія перамены ў дэмаграфічнай структуры ЗША.
* * *
У параўнаньні з 2000 і 2004 гг., у вечар пасьля леташніх амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў не было адчуваньня драматычнасьці моманту. У 2000 г. давялося чакаць больш за месяц, каб атрымаць афіцыйны вынік, паводле якога Джордж Ў. Буш перамог Эла Гора з адрывам 537 фларыдзкіх галасоў. У 2004 г. вынікаў чакалі ня месяц, а адну толькі ноч, але ўсё роўна, пакуль не абвясьцілі рашэньня выбаршчыкаў штатаў Аёва і Агаё, не было зразумела, хто пераможа — Буш ці Джон Кэры.
Затое 4 лістапада 2008 г. усе кропкі над «і» былі расстаўленыя ўжо за пару гадзін пасьля сканчэньня галасаваньня. Джон Макэйн быў разгромлены й прызнаў сваю паразу ў прамове перад сваімі прыхільнікамі ў Фініксе (штат Арызона). Праз пару гадзін у Чыкага з трыюмфальнаю прамоваю выступіў фэдэральны сэнатар ад Ілінойзу, а цяпер і новаабраны прэзыдэнт ЗША Барак Хусэйн Абама. Ён пералічыў усе групы, з чыёй падтрымкаю быў абраны на найвышэйшую палітычную пасаду краіны. Паводле ягоных словаў, тым, хто сумняваўся ў сіле амэрыканскай дэмакратыі, далі адказ
маладыя й старыя, багатыя й бедныя, дэмакраты і рэспубліканцы, чорныя, белыя, лацінаамэрыканцы, азіяты, індзейцы, геі, гетэрасэксуалы, інваліды і здаровыя людзі.
Паводле Абамы, ягоная перамога давяла, што «мы ёсьць і заўсёды будзем Злучанымі Штатамі Амэрыкі».
На першы погляд здаецца, што так яно й ёсьць. Пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў, якія адзначыліся ўсё больш выразным падзелам у амэрыканскім грамадзтве паміж арыентаванай на правыя вартасьці палітыкай Буша й левымі поглядамі Дэмакратычнай партыі, маятнік кіўнуўся ў іншы бок. Пасьля лістападаўскіх выбараў дэмакраты ўзялі ня толькі прэзыдэнцкую пасаду, але таксама 257 з 435 дэпутацкіх крэслаў Палаты прадстаўнікоў. Яны таксама павялічылі колькасьць сваіх сэнатараў з 49 да 56 (са 100). Гэтак усе органы фэдэральнай улады, якія падлягаюць выбарам, апынуліся ў руках адной партыі, якая імкнулася аб’яднаць народ вакол ідэяў Абамы.
Трэба адзначыць, што ў рэальнасьці Абама атрымаў толькі 52,9 % галасоў па краіне. Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў атрымалі фактычна столькі сама: 53 %. Кандыдаты ў сэнатары ад дэмакратаў атрымалі крыху менш: 51,3 %. Гэта значыць, што ні Абама, ні астатнія фэдэральныя палітыкі з Дэмакратычнай партыі ў рэальнасьці ня здолелі аб’яднаць амэрыканскі народ. Адрозна ад Буша, які прадстаўляў надзеі й жаданьні 50,7 % амэрыканцаў (у 2004 г.), Абама цяпер прадстаўляе толькі крыху большую долю насельніцтва. Злучаныя Штаты не настолькі «злучаныя», як цьвердзіць Абама.
Ці азначае гэта, што ўся хваля пераменаў у Амэрыцы — ілюзія? Вядома, не. Бо тыя дзьве паловы насельніцтва ў шмат чым не падобныя адна да адной. Выбары 2008 г. — гэта ня толькі першыя выбары, якія далі амэрыканскаму народу чарнаскурага прэзыдэнта. Гэта таксама выбары, у якіх упершыню перамог кандыдат, супраць якога прагаласавала большасьць белых выбарнікаў. Пасьля перамогі Абамы журналіст газэты «New York Times» напісаў, што ён, «як белы амэрыканец, які вырас у нацыянальнай сталіцы падчас сэгрэгацыі ў 1960-я гг.», ніяк ня мог паверыць, што прыйдзе дзень, калі ў Амэрыцы будзе афраамэрыканскі прэзыдэнт. Лібэральная амэрыканская прэса пачала сьцьвярджаць, што калі чорны чалавек стаў прэзыдэнтам ЗША (не без падтрымкі белых), значыць, у сьвядомасьці белага насельніцтва ЗША адбыліся істотныя зьмены. Але Тымаці Ноўа ў часапісе «Slate» нагадаў, што казаць пра тое, што белыя амэрыканцы перамаглі ў сабе расізм, зарана. Факт застаецца фактам: паводле экзыт-полаў, сярод белых Абама прайграў, атрымаўшы толькі 43 % іхнай падтрымкі.
Дык сярод каго ж тады Абама перамог? Сярод афраамэрыканцаў, якія складаюць 13 % амэрыканскага электарату, ён атрымаў ажно 95 %. Сярод амэрыканцаў лацінаамэрыканскага паходжаньня (9 % электарату) ён атрымаў 67 %. Сярод азіятаў (2 % электарату) Абама атрымаў 62 % галасоў. Гэта значыць, што з гэтага моманту можна перамагчы на амэрыканскіх выбарах, абапершыся на масіўную падтрымку расавых меншасьцяў разам з падтрымкаю менш як паловы прадстаўнікоў расавай большасьці — белых (74 % электарату).
Чаму гэтага ня здарылася раней? Па-першае, да Абамы ніводны нябелы кандыдат у прэзыдэнты (напрыклад, Джэсі Джэксан або Эл Шарптан) ня быў настолькі прывабны для шырокіх колаў амэрыканцаў у палітычным пляне. Але ўплывае і дэмаграфія: раней белых, у параўнаньні зь іншымі, проста было больш. Як адзначае Ноўа, доля белых сярод амэрыканскага насельніцтва меншае на працягу сарака гадоў. Чым больш расьце доля расавых меншасьцяў сярод амэрыканскага насельніцтва, тым слабейшая робіцца манаполія белых на ўладу. Самі белыя таксама мяняюцца зь цягам часу. Абама прайграў сярод белых амэрыканцаў, якім больш за трыццаць гадоў. Але сярод белых ва ўзросьце ад 18 да 29 гадоў (11 % ад усяго электарату), Абама атрымаў 54 % галасоў (статыстыка паводле экзыт-полу MSNBC).
Падобная дынаміка склалася і ў рэлігійным пляне. На працягу практычна ўсёй ранейшай амэрыканскай гісторыі ў краіне ўладарылі ня проста белыя, а менавіта белыя англа-саксонскія пратэстанты (WASP). Джон Ф. Кэнэдзі быў першым і пакуль адзіным амэрыканскім прэзыдэнтам-каталіком. Цяперашні віцэ-прэзыдэнт, Джо Байдэн, — першы амэрыканскі віцэ-прэзыдэнт каталіцкага вызнаньня.
Абама перамог сярод найважнейшых рэлігійных меншасьцяў (у тым ліку няверуючых), але прайграў сярод пратэстантаў, дарма што ён сам — пратэстант. Сярод каталікоў (27 % электарату) Абама атрымаў 54 % галасоў, сярод юдэяў (2 % электарату) — 78 % галасоў, сярод мусульман (прыблізна 1 % электарату) — 89 %, сярод няверуючых (12 % электарату) — 75 %. Факт, што Абама атрымаў толькі 45 % сярод пратэстантаў (і іншых некаталіцкіх хрысьціян), якія складаюць 54 % электарату, не перашкодзіў яму стаць прэзыдэнтам (статыстыка паводле экзыт-полу MSNBC, акрамя зьвестак па мусульманах, узятых АДСЮЛЬ). Гэта зноў даказвае, што сёньня кааліцыя меншасьцяў здольная ўносіць істотныя перамены ў амэрыканскае палітычнае поле пры падтрымцы менш як паловы большасьці. У будучым, з ростам долі лацінаамэрыканцаў у амэрыканскім грамадзтве, напэўна, павялічыцца колькасьць і ўплыў каталікоў, што яшчэ больш падарве пазыцыі пратэстанцкай эліты...
ЦАЛКАМ АРТЫКУЛ РАШЭДА ЧОЎДХУРЫ НАДРУКАВАНЫ Ў № 1-2 "ARCHE" ЗА 2009 ГОД.
Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:
Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.
Барысаў — Алег Лучына, п/с 714, 222120, Барысаў-1, тэл. (029) 33-99-161.
Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.
Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.
Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;
Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.
Полацак — Алесь Аркуш, тэл. (0214) 41-85-19.
Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.
Менск — Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-36-20.
Падпіска на часопіс "ARCHE Пачатак" прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях "Белпошты". Падпісны індэкс - 00345.
Рашэд Чоўдхуры — гісторык, сталы аўтар «ARCHE». Аўтарская назва тэксту — «Чыя перамога?».
9 красавiка 2009
Паслаць камэнтар
Каб атрымліваць інфармацыю пра новыя тэксты, што выстаўляюцца на arche.by, увядзіце свой э-адрас сюды
Каб даслаць ліст рэдактару ARCHE, упішыце тэкст і ўвядзіце свой э-адрас тутака.
Праграма фэсту "Magnifiat-2010"
Школа маладых менэджэраў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчае трэці набор удзельнікаў
Семінар па Еўрапейскім Саюзе
Усе абвесткі



Камэнтары(1)
Уладзімер Русаковіч:
17 красавiка 2009
"арыентаванай на правыя вартасьці палітыкай Буша й левымі поглядамі Дэмакратычнай партыі, маятнік кіўнуўся" Калі гэты сапраўдны сацыяліст - Джорж "Джорджавіч" Буш быў "правым", тады выходзіць, што "маятнік" кінуўся ў бок яшчэ больш "левых правых" камуністаў з Дэмакратычнай партыі. ___ "казаць пра тое, што белыя амэрыканцы перамаглі ў сабе расізм, зарана.. сярод белых Абама прайграў, атрымаўшы толькі 43 %.. Сярод афраамэрыканцаў, якія складаюць 13 % амэрыканскага электарату, ён атрымаў ажно 95 %" Што "застаецца фактам", дык гэта "перамога расізму сярод афраамэрыканцаў". Тлумачыць жа найменшую з усіх расаў розьніцу ў галасах, хоць і не на карысьць адрознага па расе кандыдата, і ёсьць прыхаваньне той "перамогі расізму сярод" усіх іншых згуртаваньняў паводле расы, акром "белых". Таму спадару Ноўа варта было б казаць, што якраз ня-"белыя амэрыканцы" не "перамаглі ў сабе расізм". Калі ня-"белыя амэрыканцы" й змагаліся "перамогу над расізмам у сабе", тады яны яе прайгралі цалкам дый яўна больш за "белых", якім нават за "29 гадоў".